Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы (пр.Незалежнасці, 44А) і Музычнае таварыства «Ліра» запрашаюць на Дзесяты фестываль духоўнай музыкі “Залатагорская ліра,” што адбудзецца з 12 па 24 красавіка 2009 года ў Мінску.
Фестываль духоўнай музыкі “Залатагорская ліра” рэгулярна праводзіцца ў Мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) з 2000 года. За гэты час фестываль трывала заняў сваё месца ў культурным жыцці беларускай сталіцы, фестывальныя канцэрты карыстаюцца нязменнай цікаўнасцю публікі.
Праводзіць фестываль напрацягу 10 гадоў Музычнае таварыства “Ліра”, якое акрамя арганізацыі канцэртаў у Залатагорскім касцёле, таксама займаецца пошукам і выкананнем раней невядомых твораў беларускіх аўтараў XVI-XIX стагоддзяў, удзельнікамі таварыства падрыхтаваныя і выдадзеныя кампакт-дыскі “Новае неба Станіслава Манюшкі”, “Калядныя вечары на Залатой Горцы”, у працэсе падрыхтоўкі знаходзіцца серыя з 12 кампакт-дыскаў “Арганы Беларусі”. У 2008 годзе выйшаў першы дыск гэтай серыі з запісамі аргана Полацкага Сафійскага сабора (падрабязней на сайце www.mtlyra.org).
Фестываль 2009 года – юбілейны, дзесяты па ліку, і адзначаны ўнікальнымі канцэртнымі праграмамі. За 2 тыдні выступяць выканаўцы з Беларусі, Польшчы, Літвы і Расіі. Шэраг канцэртаў носяць характар творчага эксперемента – упершыню ў канцэрце сярэдневечнага абертонавага спеву прагучыць старажытнае песнапенне El Canto dela Sibila (Песня Сівілы) ў выкананні гасцей з Санкт-Пецярбургу Галіны Парфёнавай і Вольгі Анісімавай разам з хорам “Менка” пад кіраўніцтвам Кірылы Насаева, адбудзецца прэзентацыя кампакт-дыска “Спяваюць хоры Чырвонага касцёла”, сольны канцэрт вядомай беларускай выканаўцы на флейце-траверса Галіны Мацюковай, можна будзе убачыць спектакль маладзёжнага тэатра касцёла. Традыцыйна фестываль упрыгожваюць канцэрты арганнай музыкі. Сёлета іх тры: канцэрты Дарыюша Гайдукевіча (Польша), Аляксандра Ісакава (Літва) і студэнтаў класа дацэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзіміра Неўдаха.
Уваход на ўсе фестывальныя канцэрты – свабодны.
Праграма фестывалю:
12 красавіка, нядзеля, 12:00
Канцэрт дзіцячага хору касцёлу п/к с.Кацярыны Арлоўскай
12 красавіка, нядзеля, 13:30
Канцэрт хору “Залатая Горка” п/к Святланы Шэйпы
Калектыў створаны ў 1991 годзе з парафіяльнай моладзі касцёла на Залатой Горцы. Хор стаў лаўрэатам I Міжнароднага фестывалю хрысціянскай духоўнай музыкі “Магутны Божа”, з канцэртамі пабываў у Польшчы і Аўстрыі, рэгулярна выступае у Беларусі і кожную нядзелю удзельнічае ў набажэнствах у Мінскім касцёле Найсв. Тройцы (св.Роха). З прыходам ў 1998 годзе новага мастацкага кіраўніка Святланы Шэйпы, рэпертуар калектыва, багаты на старадаўнюю беларускую духоўную музыку, папоўніўся унікальнымі творамі беларускіх кампазітараў 19-га стагоддзя – Э.Гірдо, С.Манюшкі, І.Глінскага і інш. У 2001 годзе хор запісаў свой першы кампакт-дыск “Святая ноч”.
14 красавіка, аўторак, 20:00
Прэзентацыя кампакт-дыску “Спяваюць Хоры Чырвонага касцёла”
Хоры “Голас душы”, “Арханёл”, “Гасанна”
Літургічны жаночы хор “Голас Душы” быў створаны па задуме ксяндза-магістра Уладзіслава Завальнюка, пробашча касцёла касцёла св.Сымона і св.Алены ў г.Мінску ў 1990 годзе. Мастацкі кіраўнік і дырыжор – выпускніца Беларускай дзяржаўнай Акадэміі музыкі Таццяна Гажэўская. Асноўную частку калектыва складаюць студэнткі вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў г. Мінска.
Апроч удзелу ў касцёльных набажэнствах, хор вядзе актыўнае духоўнае жыццё, удзельнічае ў рэкалекцыях, паломніцтвах і іншых хрысціянскіх сустрэчах.
У рэпертуар хору ўваходзяць духоўныя і свецкія творы розных эпох, стыляў, жанраў, вялікая частка з іх напісана сучаснымі кампазітарамі Беларусі, Польшчы, Украіны, Англіі, Італіі, Японіі і інш.
Хор з’яўляецца уладальнікам I прэміі на III міжнародным фестывалі “Lapskie Te Deum” (Польшча, 2000 г.), I прэміі на ІX міжнародным конкурсе “Магутны Божа” (Магілёў, 2000 г.), I прэміі і Гран-Пры на IV міжнародным фестывалі “Lapskie Te Deum” (Польшча, 2001 г.)
У праграме: беларускія каталіцкія песні, песнапенні з Тэзэ, творы Г.Ф.Гендэля, Дж.Качыні і інш.
16 красавіка, чацвер, 20:00
Канцэрт арганнай музыкі
Аляксандр Ісакаў (Літва)
Aляксандр Ісакаў нарадзіўся ў 1972 годзе ў Беларусі. У 1989 годзе скончыў Мінскі ліцэй мастацтваў імя Ахрэмчыка, у 1994 годзе – Рыжскую кансерваторыю: клас арганаў Яўгеніі Лісіцынай і клас кампазіцыі ў Леанарда Зарынына. У 1994-1995 гг. стажыраваўся як арганіст і кампазітар у Каралеўскай арганнай акадэміі г.Харлема (Галандыя), у 1995-96 гг. у Музычнай акадэміі г.Лейпцыга (Германія).
Сярод твораў: 2 сімфоніі, струнныя квартэты, канцэрты: для аргана з аркестрам, для фартэпіяна з аркестрам, для балалайкі і аргана, для флейты і камернага аркестра, царкоўная музыка і музыка да кінафільмаў. Правеў звыш 400 сольных арганных канцэртаў: у Расіі, Польшчы, Германіі, Галандыі, Бельгіі, Францыі, Ісландыі, Англіі, Іспаніі і Італіі. Меў гонар іграць на службах Папы Рымскага ў Літве і Вацікане. Лаўрэат міжнародных конкурсаў арганістаў: у Белградзе (Югаславія, 1992 г.), Рызе (Латвія, 1993 г.), Хельсінкі (Фінляндыя, 1994 г), Дрэздэне (Германія, 1994 г.)
У цяперашні час Аляксандр Ісакаў – арганіст сабора св.Яна ў Вільнюскім ўніверсітэце.
У праграме канцэрта:
Іаган Пахельбель (1653-1706) – Прэлюдыя, фуга і чакона рэ-мінор
Дзітрых Букстэхуде (1637-1707) – Прэлюдыя і фуга фа-дыез мінор
Нікалаус Брунс (1665-1697) – Прэлюдыя і фуга мі-мінор
Іаган Себасцьян Бах (1685-1750) – Пасакалія до-мінор, BWV 582
Відмантас Бартуліс (1937) – “Візія 17 ліпеня 1750 года”
Аляксандр Гільман (1837-1911) – Саната №3 до-мінор, ор.56
Эцьен Жыгу (1844-1925) – Таката сі-мінор
20 красавіка, панядзелак, 20:00
Канцэрт сярэднявечнага абертонавага спеву
Галіна Парфёнава і Вольга Анісімава (Санкт-Пецярбург)
Хор “Менка” п/к Кірылы Насаева
Абертоны – гэта высокачастотныя прыгукі. У кожным гуку кожны момант прысутнічае цэлы шэраг абертонаў. Менавіта па іх мы адрозніваем тэмбр.
У абертонавым спеве можна праспяваць адначасова тон і падкрэсліць адзін з прыгукаў. Слуханне і спеў абертонаў дзякуючы іх высокачастотнай прыродзе даюць падсілкоўванне кары галаўнога мозгу, аднаўляюць сілы, прыводзяць у стан глыбокай рэлаксацыі, умацоўваюць імунітэт.
Шматлікія традыцыі сакральнага спеву выкарыстоўвалі абертонавае гучанне.
У XX стагоддзі ў Еўропе і Амерыцы паўстаў новаеўрапейскі стыль, які базуецца на даступных прыёмах фанетыкі. Сталі ўзнікаць гарманічныя хоры, якія выконваюць кампазіцыі з абертонавым спевам.
Удзельніцы канцэрта Галіна Парфёнава і Вольга Анісімава з Санкт-Пецярбургу выконваюць абертонавыя імправізацыі, сярэднявечныя спевы, вядуць семінары
па развіцці голасу, і абертонавым спеве (падрабязней на сайце: www.oberton-piter.ru).
У праграме:
Песнапенні ў абертонавай манеры:
– Cantigas de Santa Maria 340
– Agios
– Alleluja
– Шляхамі Візантыі
Прэм’ера ў Мінску (сумесна з хорам “Менка”): El Canto dela Sibila – Песня Сівілы
На Іберыйскім паўвостраве з глыбіні стагоддзяў дайшоў тэкст казання Sermo del Symbolo, частка якой звалася El Canto dela Sibila – Песня Сівілы. У Таледа і на Маёрцы з XIII па XVII ст. склалася традыцыя выконваць песню Сівілы падчас каляднай літургіі. Старажытная выява прарочыцы Сівілы перайшла ў хрысціянскую традыцыю. У спеве выявы Апакаліпсісу чаргаваліся з успамінамі
аб пакутах Хрыста, праз боль і смутак Божай Маці. Песнапенне ўвайшло і ў зборнік канціг кастыльскага караля Альфонса X Мудрага.
21 красавіка, аўторак, 20:00
Канцэрт студэнтаў па класе аргана дацэнта Беларускай Дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзіміра Неўдаха
(праграма будзе аб’яўлена дадаткова)
22 красавіка, серада, 20:00
Спектакль у выканані маладзёжнага тэатра касцёла
23 красавіка, чацвер, 20:00
Канцэрт арганнай музыкі
Дарыюш Гайдукевіч (Польша)
Дарыюш Гайдукевіч з адзнакай у 2001 годзе скончыў Варшаўскую Акадэмію музыкі імя Ф.Шапэна ў класе Марыі Тэрлецкай. У 2002-2004 займаўся ў Акадэміі музыкі імя К. Шыманоўскага ў Катавіцах у прафесара Юліяна Гембальскага, спецыялізаваўся па выкананні старажытнай музыкі, а таксама твораў Д.Букстэхудэ і паўночна-нямецкіх кампазітараў. Удзельнічаў у майстар-класах прафесараў Г.Вульфа (Германія), О.Латры (Францыя), І.Серафіна (Польшча). У рэпертуары арганіста апроч старажытнай музыкі і твораў Д.Букстэхудэ таксама ёсць творы Ф.Мендэльсона, С.Франка, М.Рэгера, Ж.Алена, А.Месіяна, М.Савы. Дарыюш Гайдукевіч шмат канцэртуе як саліст і ўдзельнік камерных саставаў, бярэ удзел у міжнародных фестывалях. Дарыюс Гайдукевіч з’яўляецца музычным дырэктарам Фестывалю арганнай і камернай музыкі імя ксяндза Вацлава Рабшчынскага ў Васількове і фестывалю арганнай музыкі “Mater ecclesiaе” у Беластоку.
У праграме канцэрта:
Дзітрых Букстэхудэ (1637-1707) – Magnificat BuxWV 204, 1/2
Дзітрых Букстэхудэ – Харальныя прэлюдыі:
”Erhalt uns, Herr, bei deinem Wort” BuxWV 185,
”Gelobet seist du, Jesu Christ” BuxWV 189
Дзітрых Букстэхудэ – Таката Фа мажор BuxWV 156
Іаган Себасцьян Бах (1685-1750) – Харальная прэлюдыя
”Liebster Jesu, wir sind hier”
Морыц Брозіг (1815-1887) – Andante op.49 nr 4
Морыц Брозіг – Прэлюдыя ”O Traurigkeit, o Herzeleid” op. 12 nr 2
Морыц Брозіг – Прэлюдыя і фуга До мажор op. 1 nr 2
Здзіслаў Навацкі (1921-1965) – Перадвелікодны трыпціх (3 фантазіі на тэмы польскіх песень Вялікага посту)
– ”Ogrodzie oliwny”
– ”Jezu Chryste”
– ”Płaczcie anieli”
Марыян Сава (1937-2005) – Парціта на тэму песні ”Chrystus Zamartwychwstał jest”
Таксама выступленні Дарыюша Гайдукевіча адбудуцца 25 красавіка ў зале Віцебскай абласной філармоніі і 26 красавіка ў Полацкім Сафійскім саборы. Канцэрты арганізаваны пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.
25 красавіка, субота, 20:00
Галіна Мацюкова (флейта траверса)
Галіна Мацюкова – першапачынальніца школы беларускай школы ігры на флейце-траверса, якой навучылася ў Штутгарце. У Беларусі стала вядомая перш за ўсё выступленнямі з “Камернымі салістамі Мінска”. У канцэрце можна будзе пачуць флейту-траверса як сольна, так і ў ансамблях з іншымі інструментамі.
У праграме прагучаць камерныя творы для флейты траверса кампазітараў 18 стагоддзя Іагана Себасцьяна Баха, Георга Філіпа Тэлемана, Жана-Мары Леклера, П’етра Лакатэлі.
Уваход на ўсе канцэрты фестывалю свабодны.
Ахвяраванні вітаюцца.