На гэтых выходных у кнігарні “логвінаЎ” і галерэі “Ў” для дзетак і падлеткаў прэзентавалі беларускі 3-томнік вядомага польскага пісьменніка і легендарнага педагога Януша Корчака. Гэтае выданне — абноўленыя пераклады кніг “Кароль Мацюсь Першы” і “Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве”, а таксама першае беларускае выданне кнігі “Кайтусь-чарадзей”.
Вёў імпрэзу Андрэй Хадановіч. Ён расказаў пра Старога Доктара (так усе называлі Януша Корчака), педагога-наватара, аўтара публікацый па тэорыі і практыцы выхавання ў даваеннай Польшчы, пачынальніка дзейнасці па абароне правоў дзяцей і абсалютнага раўнапраўя дзяцей.
Перакладчыца Марына Шода на ілюстрацыях (іх зрабіла беларуска-нямецкая мастачка Настасся Атраховіч) расказала сюжэт кнігі “Кайтусь-чарадзей”.
Прысутных дзетак пацешылі акторы Купалаўскага Ганна Хітрык і Павал Харланчук, якія выразна і імпэтна расказалі пра тое, як кароль Мацюсь ладзіў дзіцячы парламент у сваёй казачнай краіне.
Так пачаўся Фестываль Януша Корчака ў Мінску. Яшчэ нас чакаюць адкрытыя лекцыі па гісторыі педагогікі і дзейнасці Януша Корчака 27 і 29 лістапада з удзелам прафесара Анджэя Яноўскага. Мадэратарка — Інэса Кур’ян. Другі корпус гатэля “Мінск” (Незалежнасці, 11), навучальная зала 609. Пачатак абедзвюх лекцыяў у 18.30.
Таксама чакаецца прэзентацыя твораў Януша Корчака для студэнтаў педуніверсітэта 28 лістапада (серада). У імпрэзе возьме ўдзел польскі прафесар педагогікі Анджэй Яноўскі, перакладчыкі Інэса Кур’ян і Уладзімір Васілевіч, а таксама нашчадкі перакладчыцы Ядвігі Бяганскай. Вядоўца імпрэзы — Марына Шода. Педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (Савецкая, 18), актавая зала, другі паверх. Пачатак аб 11-й.
Васіль Чуткін
Фота: Аляксандр Ждановіч