Напярэдадні 200-годдзя аднаго са сваіх любімых нацыянальных пісьменнікаў ангельцы знялі феерычны серыяльчык пад назвай “Халодная крамка ўсялякіх старажытнасцяў” (The Bleak Old Shop of Stuff), у якой любы адукаваны брытанец адразу ж пазнае адсылку да двух твораў гэтага любімага нацыянальнага пісьменніка: “Халодны дом” і “Крамка старажытнасцяў”. Назваць гэты серыял цёплымі кпінамі з класіка не выпадае: ён нагадвае хутчэй бязлітасную пародыю, бо аўтары серыяла з усёй уніклівасцю знаходзяць у Дыкенса самыя слабыя ці смешныя месцы і даводзяць іх да абсурду. Мне здаецца, цяжка прыдумаць больш шчыры спосаб прызнацца пісьменніку ў любові. І таму я са спакойнай душой чытаю зомбі-версію “Пыхі і перадузятасці” Джэйн Остэн: калі пакінуць убаку той факт, што напісаная яна даволі бяздарна, усё ў ёй радуе сэрца сапраўднага аматара літаратуры ХІХ стагоддзя.
Пішучы калісьці рэцэнзію на кнігу Сяргея Балахонава “Зямля пад крыламі Фенікса”, я падумала, што такія вось гульні з гісторыяй і літаратурай — калі Кастусь Каліноўскі ездзіць на аднарогу, а вірус беларускасці перадаецца праз укусы пчолаў, — гэта выдатны спосаб падтрымліваць у норме сваё псіхічнае здароўе. Асабліва гэта датычыць нацыі, чые міфы часткова будуюцца на той ці іншай інтэрпрэтацыі гістарычных падзеяў, а гістарычны раман аказваецца ці не самым папулярным літаратурным жанрам — калі не сярод чытачоў, дык прынамсі сярод пісьменнікаў. “Блог Усяслава Чарадзея” ў гэтым сэнсе — таго ж балота чорт, што і “Зямля пад крыламі Фенікса”, з той толькі розніцай, што Сяргей Балахонаў псеўдадакументальную лінію вытрымлівае да канца, загадкавы ж аўтар блога, абраўшы для пачатку коміксную стылістыку, час ад часу грашыць то навукова-папулярнай фантастыкай, то фантасмагарычным абсурдам. Нягледзячы на гэта, асобныя міні-сюжэты ў блогу (напрыклад, гісторыя пра вынаходніцтва машыны часу ці новая версія біяграфіі Ефрасінні Полацкай) вельмі нагадваюць рашэнні ад Тэзея беларускага постмадэрнізму.
Як і Сяргей Балахонаў, аўтар блога засяроджваецца на самых знакавых асобах беларускай гісторыі і згадвае самыя папулярныя ў беларускім кантэксце рэчы, з’явы і паняцці — ад Харві Лі Освальда (такое ўражанне, што апошнім часам без яго не можа абысціся ніводная беларуская кніга) да чарніла. Атрымліваецца такі сабе парад беларускіх зорак, міфаў і сімвалаў, з якімі аўтар абыходзіцца абсалютна вольна. Асобныя пасты (а яны ў асноўным невялікія) нагадваюць фрашкі ці анекдоты, іншыя распрацоўваюць пэўную тэму, і ў выніку атрымліваецца амаль сюжэтны твор. Асабліва паказальны ў гэтым плане раздзел 6 “Каму выгадны канец свету ў 2012 годзе?” Пасля таго як аўтар трохі паскакаў па розных эпохах і выціснуў усё што можна з кактэйль-вечарыны ў гонар былых валадароў краіны і самых вядомых летапісных гісторыяў, яго відавочна панесла ў трохі іншы стэп: аповед набывае дэтэктыўна-фантасмагарычны характар. Як на мяне, гэты раздзел атрымаўся самым няўдалым, прычым не толькі таму, што ён парушае агульную цэльнасць блога (а ён яе ўсё ж парушае), але і таму, што гісторыя пра канец свету падаецца мне слабай і як дэтэктыў, і як сатыра, і як фантасмагорыя. Дэтэктыў не дацягвае да дэтэктыву праз слабасць доказаў і відавочнае нежаданне аўтара прадумваць лінію росшукаў, сатыра атрымліваецца занадта наўпростай, а фантасмагорыя на фоне гэтых двух складнікаў выходзіць нягеглай і вартай жалю. Усё гэта разам падазрона нагадвае шараговае беларускае апавяданне з цікавай задумаю, але зусім недапрацаванае: ствараецца ўражанне, што ў пэўны момант аўтару надакучыла прадумваць дэталі, і апавяданне дапісвалася абы-як — толькі б хутчэй скончыць. Мне вельмі не хочацца псаваць чытанне кнігі тым, хто яе яшчэ не чытаў, а таму гаварыць тут пра сюжэт я не буду. Скажу толькі, што канец гісторыі мяне расчараваў перш за ўсё з гендарнага гледзішча: пачаўшы гісторыю даволі нетрывіяльна, аўтар скончыў яе абсалютным штампам. Ну вось што з імі, дзікімі людзьмі ХІІ стагоддзя, зробіш?
Хітраваты і дальнабачны каментатар Заяц, адзін з самых абаяльных вобразаў кнігі, што адкрывае чытачу ўсе таямніцы полацкай гісторыі, таксама месцамі перастараўся. Спрабуючы патлумачыць тую ці іншую з’яву (напрыклад, з чаго гэтыя кактэйль-вечарыны ўвогуле пачаліся), ён падае шмат падрабязнасцяў, разбураючы парадаксальную карцінку. Варта было чытачу парадавацца, што Усяслаў Чарадзей сустрэўся з Пятром Машэравым (ідэя, як ні круці, шыкоўная і ў кнізе абыграная дасціпна), як тут раз — і аказваецца, што ўся справа ў часава-прасторавым кантынууме і яшчэ нейкай трасцы. Навукова-фантастычная падкладка гэтаму сюжэту, як на мяне, страшэнна не пасуе: гэта як калі б Льюіс Кэрал, скінуўшы Алісу ў трусіную нару, пачаў бы нам тлумачыць, што трусіныя норы часта звязваюць паралельныя сусветы і што іх патэнцыял у гэтым плане пакуль яшчэ дастаткова не вывучаны. Такім чынам у кнізе шукаюцца апраўданні нават для абранай блогавай формы, і гэтае адзінае, што можа прымусіць чытача засумнявацца, што ўсё апісанае ў ёй — “чысцюткая, шчырусенькая праўда”. Калі аўтар лічыць патрэбным апраўдацца, відаць, не ўсё тут так чыста…
Што ў кнізе спадабалася найбольш — дык гэта сапраўды дасціпны гумар: аўтар умела абыгрывае цытаты (“Свет людзей такі недасканалы, поўны сварак і звадак, у той час, калі астатняя, пераважна нялюдская, Галактыка ляціць да зор”) альбо вобразы (напрыклад, калі Усяслаў Чарадзей прапануе Зайцу келіх свежага піва) з беларускай класікі, добра вядомыя чытачу абрэвіятуры (СМІ — замежныя старцы і малапісьменныя інакі), парадыюе беларускія творы, забаўляецца з этымалогіяй (“Ваўкалакі і ваўкафарбы”) і проста вельмі прыемна гуляецца (“Маска-маска, дзе я і хто ты?” — спытаў я. “Грым, а не маска… — кажа той літаратар…”). Шмат у кнізе і злабадзённых жартаў апошняга часу, і хаця пакуль мы яшчэ памятаем, што такое ротарная жатка і чаму жанчыны павінныя варыць боршч, магчыма, ужо праз некалькі гадоў чытачы перастануць іх успрымаць. Не забывае аўтар і перадаць прывітанне кампаніі “Будзьма беларусамі!” (“Ў” — гэта тое, што нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі”) ці кнігарні “логвінаЎ” — а калі ўлічыць, што робіцца гэта неаднаразова, у чытача на гэты конт мусяць узнікнуць такія-сякія падазрэнні. Напрыклад, што стыль-рэдактар кнігі Павал Касцюкевіч скарыстаўся службовым становішчам і ўнёс у блог дробныя праўкі.
Што не спадабалася адразу і катэгарычна, як толькі кніга трапіла ў рукі, дык гэта яе афармленне. Па-першае, незамацаваная верхняя частка вокладкі ўвесь час боўтаецца і камечыцца — як вынік, кніга ўжо пасля першага прачытання прыняла даволі непрэзентабельны выгляд. Па-другое, кніга гэтая хай сабе і блог, але ўсё ж кніга, а таму трымаць яе ў руках было б нашмат прыемней, калі б яна была трошкі большай па фармаце і трошкі танчэйшай у аб’ёме. Па-трэцяе — і гэтае пажаданне ўжо хутчэй са сферы ідэальнага, — кніга такога характару просіць нейкага цікавейшага афармлення. Гэта мог бы быць як комікс, так і проста жывейшая вёрстка — з урэзкамі, выдзяленнямі і г.д. — а не проста рэдкімі карцінкамі, якія хоць і адпавядаюць зместу, але глядзяцца як выпадковыя.
Нягледзячы на яскрава выяўлены нацыянальны характар “Блога Усяслава Чарадзея”, з ангельскім серыялам “Халодная крамка ўсялякіх старажытнасцяў” яго яднае адна ўніверсальная рэч. Аўтары і першага, і другога відавочна імкнуцца весела і ненавязліва папулярызаваць нацыянальную культуру, паказваючы яе з нечаканай перспектывы, якая магла б быць цікавай шырокаму чытачу, распешчанаму сучасным кінематографам і сацыяльнымі сеткамі. Зразумела, што і форма блога з гэтай мэтай выкарыстоўваецца не ўпершыню (варта згадаць нашумелыя некалькі гадоў таму Жывыя Часопісы рускіх пісьменнікаў Срэбнага стагоддзя), і што нават у такой папулярнай форме беларуская гісторыя зацікавіць нашмат меншую аўдыторыю, чым ёсць, напрыклад, у серыяла “Касл”. І ўсё ж у маім прыватным рэйтынгу “Беларускія кнігі — 2013” “Блог Усяслава Чарадзея” займае высокую пазіцыю. Год, канечне, яшчэ не скончыўся, але падазраю, што пасунуць яе ніжэй будзе зусім не проста. У любым разе, не думаю, што мне хутка давядзецца пачытаць па-беларуску нешта смяшнейшае.