Серыя ток-шоу пад агульнай назвай “Культура паляпшае жыццё!”, якія ладзіць ва ўсіх рэгіёнах краіны кампанія “Будзьма беларусамі!”, працягнулася 4 снежня ў Віцебску. Культурны градус горада вымяралі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і журналісты, гісторыкі і прамоўтары, музыкі і чынавенства. Пры канцы сустрэчы Віцебскае МГА “Гісторыка” прадставіла прэзентацыю шляхецкіх баляў. Калі 21 снежня канец свету ўсё ж адбудзецца, чаму б не сустрэць яго балем, а калі не адбудзецца – то ў Віцебску ўжо дакладна ведаюць, чым заняцца ў 2013 годзе.
У вітальным звароце Ніна Шыдлоўская, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!”, патлумачыла і абгрунтавала слоган кампаніі “Культура паляпшае жыццё!”, падзялілася планамі на далейшую дзейнасць кампаніі ў рэгіёнах, у межах якой чакаюцца публічныя прэзентацыі і лагічны працяг Кірмашу праектаў, які ўжо распачаўся ў Магілёве.
Па традыцыі рэгіянальных абмеркаванняў частка прысутных сфармавала чацвёрку інтэлектуальных “форвардаў”, якія і выйшлі “на лёд” пад кіраўніцтвам “капітана” – вядоўцы вечара Уладзіміра Булаўскага . У гэты вечар у “асноўны склад” увайшлі: Віктар Глушын, спецыяліст адзела культуры гарвыканкама, актор моладзевага тэатра “Колесо”, гісторык, Раман Воранаў, рэдактар партала Vitebsk4.me, арганізатар культпадзей у Віцебску (фестываль графіці “Гравітацыя”, серыя адкрытых лекцый, школа маладых журналістаў Public Republic), Сяргей Бабенка, народны рамеснік, адзін са стваральнікаў клуба гістарычнай рэканструкцыі “Варгенторн”, Андрэй Духоўнікаў, мастак, дырэктар музея “Цэнтр сучаснага мастацтва”.
Ад пачатку сустрэча пайшла ў канструктыўнай і сяброўскай атмасферы, без папрокаў і прэтэнзій, як гэта, на жаль, часам здараецца ў нашы дні. Добрым прыкладам маладога і адкрытага для супрацы і прапановаў чыноўніка стаў Віктар Глушын, расказаўшы пра мерапрыемствы, што праходзяць у горадзе, і недахоп увагі з боку медыяў да “чэмпіёнаў па культуры”.
З боку старэйшага пакалення ў гэты вечар найбольш актыўна выказваўся Андрэй Духоўнікаў, падзяліўшыся сваім досведам у культурнай працы на карысць Беларусі, а згадваючы праблемныя моманты ў жыцці горада (вядомае здарэнне з фестывалем “Гравітацыя”), нават папракнуў самога сябе за тое, што быў у гэты момант не ў горадзе і не змог актыўна паспрыяць справе.
Сяргей Бабенка нямала папракаў жыхароў за цягу да “петрасяншчыны”, а ў культурным жыцці заклікаў імкнуцца да сапраўднай культуры. Публіцыст Раман Воранаў заклікаў трымацца ва ўсім “віцебскай традыцыі” і расказваў пра праявы сучаснага мастацтва горада. Асабліва актыўна і сэнсоўна ў Віцебску выказваліся прадстаўнікі грамады, апісаўшы прыклады з культурніцкага жыцця і супрацы ўлады і грамадства. Прадстаўнікі кінаклуба разважалі пра цяжкасці і магчымасці супрацы з дзяржавай, якая часта добра пачынаецца, але потым незаўважна страчвае дынаміку. У адказ на гэта нястомны Віталь Броўка расказаў на падставе пазітыўных прыкладаў пра сваю стратэгію працы ў культурніцкім сектары.
Але які дыскурс без прыкладаў, як пазітыўных, так і негатыўных? Як след падлівалі масла ў агонь дыскусіі жывыя і, што істотна, перажытыя, прапушчаныя “праз сябе” прыклады ад прысутных. Успаміналі і фестываль Віталя Раузы, і парад нявестаў, прадстаўлены Вольгай Бабковай. З болем расказаў Гарык Аганджанян пра лёс свайго “Бітлз-клуба”, які паабяцаў адрадзіць, нягледзячы на часовыя цяжкасці. Прыкладам павагі да беларускасці, творчасці і здаровага сэнсу сталі прамовы мастачкі Святланы Баранкоўскай, якая мае рускі пашпарт, але шыкоўна валодае мовай, і мастака Аляксандра Вышкі пра структуру супрацы “дзяржава – мастакі”, якая мусіць пачынацца з фундаменту – таго, чаго прагнуць самі людзі. Бо толькі “маючы добры фундамент, варта ўзводзіць сцены і клеіць на іх шпалеры”, то бок рэалізоўваць культурніцкія падзеі на базе добрых стасункаў і надзейных дамоваў.
А каб праяўленая самастойна ініцыятыва не гублялася, знаходзіла магчымых партнёраў і была добрым фундаментам для культурніцкай дзейнасці ў горадзе, кампанія “Будзьма беларусамі!” абвясціла старт “Кірмашу праектаў”.
Кожная грамадская ініцыятыва ці асобны чалавек у Віцебску можа падрыхтаваць прэзентацыю свайго праекту/ідэі, які жадае правесці ў сваім горадзе. Найлепшыя праекты будуць прапанаваныя ўладам для ўключэння ў план культурнай дзейнасці. Кірмаш пройдзе ў 2 туры. У фінале будуць прэзентаваныя найлепшыя праекты. Фармат — слайд- ці відэапрэзентацыя ў межах 5 хвілін. Свае прэзентацыі можна перадаць рэгіянальнаму каардынатару кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Віцебскай вобласці Уладзіміру Булаўскаму (bulavskiv@gmail.com, +375 29 8940517).
фота – Аляксандр Кузьмін
А таксама вашай увазе – відэаапытанка з вуліц Віцебска, зробленая Таццянай Блажэвіч і Ганнай Карзюк: