У Мінску з’явілася “Арт-сядзіба”. Паводле задумы, гэтае месца мае даць магчымасць крэатыўнай моладзі абменьвацца ідэямі. Урачыстае адкрыццё адбылося ўвечары 24 снежня. У гэты дзень свой першы сольны канцэрт у кар’еры дала 17-гадовая спявачка Паліна Рэспубліка.
“Мы стварылі альтэрнатыўнае месца для крэатыўнай моладзі, і гэта будзе пляцоўка, адкрытая для новых ідэяў”, — заяўляе стваральнік “Арт-сядзібы” Павел Белавус. Нядаўна ён разам з паплечнікамі зняў пакойчык пад офіс у гандлёвым цэнтры “Гарызонт”. Павел працуе ў культурна-асветніцкай установе “Амарока”. Паводле задумы, удзень гэтае памяшканне сапраўды будзе выконваць функцыю офіса, а пасля шостай вечара дзверы адчыняцца для ўсіх, хто хоча паказаць сябе. “Калі шукаць аналагі нашай “Арт-сядзібе”, то гэта крыху “Ля мора”, крыху галерэя “Ў”, нешта ёсць ад “Графіці”, толькі без бару”, — тлумачыць ён, падводзячы да дзвярэй пакоя. Перад уваходам стаіць некалькі дзясяткаў параў абутку — шматлікіх наведнікаў просяць разбувацца перад тым як зайсці.
Павел выбачаецца і сыходзіць кудысьці з адміністратарам гандлёвага цэнтру. Аказваецца, трэба напісаць службовую запіску, што тут будуць знаходзіцца людзі па сканчэнні працоўнага дня. Пакойчык “Арт-сядзібы” месціцца на другім паверсе, праз дзверы — кабінет дырэктара гандлёвага цэнтру. “Праблем з адміністрацыяй пакуль не маем, — кажа па вяртанні Павел. — Нам далі такое месца, каб мы нікому не заміналі. Магчыма, праз пэўны час і прыкрыюць, але вельмі цікава паспрабаваць”. Калі дырэктарка гандлёвага цэнтру падпісвала з хлопцамі дамову на арэнду, яны ёй адразу сказалі, што хочуць стварыць творчую пляцоўку для абмену ідэямі, і пераканалі ў тым, што палітыкай не займаюцца, а слова “Амарока” не мае аніякага сэнсу і падтэксту, а проста прыгожа гучыць. “Амарока, амарока, каб толькі не было з вамі марокі”, — адказала тая і падпісала неабходныя паперы.
Стваральнікі “Арт-сядзібы” плацяць за пакойчык 4 мільёны рублёў на месяц. Акупляць арэнду за кошт імпрэзаў не збіраюцца, уваход будзе заўжды вольны. А вось сяброўскія ўнёскі яны вітаюць. На ўрачыстае адкрыццё сядзібы яны папрасілі прынесці хто што можа, каб аздобіць падарункамі інтэр’ер. Ім нацягалі гумавых бегемоцікаў, магазінных анёлкаў ды самаробных мядзведзікаў. Усе падарункі Павел любоўна замацаваў скотчам на сцяне з надпісам “Сігнал” — гэта хлопцы са стрыт-арт-суполкі з такой назвай размалявалі папярэдне пакой.
Тое, што патрэба ў такім месцы ў Мінску велізарная, стваральнікі “Арт-сядзібы” адчулі імгненна. Толькі яны напісалі ЎКантакце пра сваю “Арт-сядзібу” — і іх адразу завалілі прапановамі. “Я быў вельмі здзіўлены, на дзень прыходзіць па тры-чатыры лісты. Яшчэ перад афіцыйным адкрыццём мы зладзілі прагляд калядных фільмаў, сустрэчу з лідарам магілёўскага гурта “Сердце дурака”, цяпер рыхтуемся правесці вольны кірмаш, дзе людзі могуць абмяняцца самаробнымі рэчамі, потым будзе выстава беларускага стрыт-арту. Паралельна з гэтым канцэрты і круглыя сталы пройдуць…” Ужо цяпер стваральнікі “Арт-сядзібы” адчуваюць, што неўзабаве ім будзе замала месца, і паглядаюць ужо на большае памяшканне.
Сапраўды, тыя, хто прыйшоў на адкрыццё “Арт-сядзібы”, ледзь змясціліся ў невялікім пакойчыку. Павел без пафасу прывітаў усіх, заявіў, што не згодны з тымі, хто “лажае гэтае месца і лічыць яго назву папсовай”, ды заклікаў адкаркоўваць бутэлькі шампанскага: “Колькі мы праіснуем, залежыць у тым ліку і ад вас”, — заявіў ён і даў слова госці вечара.
На адкрыццё “Арт-сядзібы” было вырашана зладзіць вялікі канцэрт Паліны Паланейчык, якая называе сябе Паліна Рэспубліка. 17-гадовая спявачка імгненна зачароўвае ўсіх, хто яе чуе. Сёлета яна ў апошні момант заявілася на конкурс беларускага фестывалю “Бардаўская восень”, што праводзіцца ў Польшчы. Яна паспяхова прайшла адбор у Мінску ды ўзяла Гран-пры фэсту ў Бельску-Падляскім. Выступ на адкрыцці сядзібы быў для яе першым вялікім сольным выступам. Зладжана было ўсё па-хатняму, без узмацняльнікаў ды мікрафонаў. Паліна проста спявала, расказвала пра свае песні, чытала вершы свае і Буніна, адказвала на цыдулкі ад гледачоў і давала слова іншым. Як прызналася Паліна, для яе гэты выступ стаў “цудам на Каляды”. Яна марыла пра сольны канцэрт, але думала, што гэта адбудзецца налета, а тут такая прыемная ды адказная прапанова. Яна з радасцю пагадзілася, каб дапамагчы “закласці добрую энергетыку ў гэтыя сцены”.
Паліна падзяліла сваю праграму на дзве часткі. У першай яна спявала лірычныя ды меланхалічныя песні, часам такія сумныя, што адзін з гледачоў прапанаваў ёй цукерку — “каб не было так горка”. Другая частка была аддадзена пад песенькі весялейшыя, калядныя.
Між іншым, спявачка патлумачыла, чаму яна Рэспубліка. Так яе назваў аднойчы сябар, калі яны праходзілі ля амбасады Рэспублікі Ліван у Беларусі — па каляровай гаме адзення Паліна тады выглядала акурат як ліванскі сцяг. Так яна палюбіла слова “рэспубліка” ды вырашала так падпісвацца.
Паліна рыфмуе ў сваіх песнях “світар” ды “твітар”, перавагу аддае беларускай мове і нават спрабуе выканаць Земфіру ў беларускім перакладзе: “А яна чытала ў метро Багдановіча…” Праўда, чужыя песні ў яе не надта выходзяць, затое сваімі недзіцячымі баладамі-развагамі пра адвечнае яна сапраўды зачароўвае. Яна ўжо мае сваю музычную візітоўку — гэта песня “Гадзіннік”, якую можна адшукаць на яе старонцы ЎКантакце. http://vk.com/repolinare
Сяргей Будкін, фота – Аляксандр Ждановіч