Ці былі вы ў Еўропе? Большасць беларусаў увогуле адкажа на гэтае пытанне адмоўна, маўляў, пакуль не давялося. А як цудоўна прагуляцца сонечным вясновым дзяньком каля Брандэнбургскай брамы, ці папіць кавы марознай зімовай раніцай у адной з венскіх кавярняў, ці пабачыць на ўласныя вочы сабор Святога Віта, ці пакачацца на зялёным лужку ў Баварскім лесе, хаваючыся ад летняй спякоты.
Павандраваць па Еўропе марыць амаль кожны, але то няма часу займацца візамі, то недастаткова сродкаў, то яшчэ нейкія напасці з года ў год аддаляюць мару. Таму большасць беларусаў штогод выкарыстоўваюць свой адпачынак цалкам прадказальна: іх чакаюць Крым і Адэская вобласць Украіны.
“Падарожны дапаможнік”, прэзентаваны 3 лістапада ў галерэі “Ў”, дазволіць вырвацца з гэтага зачараванага кола. З артыкулаў, што ўвайшлі ў кнігу, чытачы даведаюцца, як зрабіць візу хутчэй, як замовіць квіткі праз інтэрнэт, як карыстацца лоўкостамі, што трэба браць з сабой у падарожжы, як спланаваць паездку (традыцыйна, аўтаспынам, на ровары і г.д.), што і дзе паглядзець. Акрамя таго, тут ёсць звесткі пра навучальныя праграмы, што прапануе амаль кожная еўрапейская краіна, нават прыводзіцца звычайны спіс дакументаў, які павінен сабраць спашукальнік.
З чытачамі сваім досведам дзеляцца маладыя журналісты і аматары падарожжаў Радаслава Вячорка, Аляксей Язылец, Юлія Сцяпанава, Юлія Міхалюк, Дар’я Слабчанка, Юлія Чорная, Сцяпан Свідзерскі і Анджэй Костэк. Кніга пабачыла свет, дзякуючы тром партнёрам: Польскай фундацыі імя Роберта Шумана, творчай ініцыятыве “Беларускі Гальфстрым” і грамадскай ініцыятыве “Народны журналіст”.
Франак Вячорка
Як адзначыў аўтар ідэі і праекту Франак Вячорка, “ідэя кніжкі лётала ў паветры, яна абсалютна не новая. Між Беларуссю і Еўрасаюзам за апошнія сямнаццаць гадоў паўстала “кітайская сцяна” неверагоднай вышыні. Найлепшы спосаб гэтыя стэрэатыпы пераадолець – усё пабачыць на ўласныя вочы.
Каб не быць галаслоўным, сёння залазіў на сайты бюджэтных авіякампаній. Літаральна на заўтра ёсць палёты з Вільні да Дортмунда за 12 еўра. А ў наступны панядзелак ёсць вылет з Варшавы да Барселоны за 25 еўра. Можаце паехаць у Кіеў і з перасадкай праз Гданьск дабрацца да Францыі (да Парыжу!), кошт пераезду будзе ў межах 30-35 еўра.
Візу можна зрабіць хутчэй! На тое ж мы і беларусы, каб усё абыходзіць, камбінаваць, знаходзіць выйсце. Скажу па сакрэце, пытанне пра візы консул вырашае індывідуальна. Таму ўсё, што вам патрабуецца, – дабіцца сустрэчы з консулам і пераканаць яго, што вам віза патрэбная не праз паўтара месяца, а заўтра ці паслязаўтра. Прыдумаць нагоду кожны ўмее. Усе мы прагульвалі ўніверсітэты, спазняліся на працу.
Самая галоўная просьба да вас – падарожнічайце, знаходзьце новых знаёмых! І расказвайце пра гэта іншым людзям. Давайце адкрываць Еўропу разам!”
Рэдактарка Юлія Чорная падзякавала ўсім, хто браў удзел у стварэнні кнігі. Яна жыве і вучыцца ў Даніі, таму звярнулася да прысутных віртуальна:
“Я лічу, што такіх праектаў павінна быць больш. Я жадаю вам усяго самага добрага, шмат падарожжаў, бо падарожжа – гэта новыя людзі, месцы, эмоцыі, тое, што робіць нас шчаслівымі”.
“Дапаможнік” – калектыўная праца, пісалі яе некалькі аўтараў, якія маюць адпаведны досвед. Пра гэта расказала адна з аўтарак кнігі Юлія Сцяпанава:
“Свой артыкул я таксама пісала не адна, таму што далей за Чылі я не ездзіла, і патрэбная была дапамога сяброў, дзесьці каля дзесяці чалавек (хтосьці аўтаспынам любіць падарожнічаць, іншыя карыстаюцца лоўкостамі). Агульнымі намаганнямі мы зрабілі артыкул.
Я пісала пра тое, што трэба браць з сабой у падарожжа і якія форс-мажоры могуць адбыцца, але іх можна прадухіліць, пакуль вы яшчэ дома, у Беларусі.
Хацелася б звярнуць увагу на тое, што пашпарт лепш не губляць, а калі згубілі, то павінная быць не толькі ксеракопія, але і віртуальная копія, напрыклад, у gmail. Гэта можа дапамагчы. Не забывайцеся, што наш студэнцкі дае права бясплатнага праезду толькі на тэрыторыі нашай краіны. А ў музеях Еўропы і іншых месцах лепш выкарыстоўваць ISIC і розныя міжнародныя студэнцкія ці моладзевыя пасведчанні.
Карысна ведаць, што ва ўсім свеце ёсць шмат людзей, якія нейкім чынам могуць дапамагчы, проста класных людзей, з якімі захочацца абмяняцца кантактамі, таму не забывайцеся пра падарункі”.
У сваю чаргу Дар’я Слабчанка адзначыла:
“Я ўпэўненая, што людзі, якія прыйшлі сёння сюды, не ставяць за мэту назаўсёды з’ехаць у Еўропу. Мне пашчасціла і павандраваць, і павучыцца вельмі шмат. І калі я пісала раздзел “Як паводзіць сябе ў Еўропе”, я хутчэй арыентавалася на ўласны досвед, чым на нейкія даследаванні.
Кожны з вас выглядае як нармальны еўрапеец. Калі вас пабачыць у любым еўрапейскім горадзе, наўрад ці людзі здагадаюцца, адкуль вы. Нармальная, прыемная, прыгожая моладзь! Таму я лічу, што кожны з вас будзе сябе паводзіць, як я і пісала ў кніжцы, “вольна і натуральна”. Чым больш вы будзеце вандраваць па Еўропе, тым больш будзеце заўважаць, што там магчыма ўсё. Галоўнае – не здзіўляцца. Не трэба глядзець на нязвычнае як на заапарк, проста атрымайце асалоду ад падарожжа. І яшчэ: вучыце мову, хаця б па некалькі словаў. Гэта вам сапраўды спатрэбіцца, і кожны еўрапеец гэта ацэніць. Шчыра вам жадаю вандраваць болей.
Дарэчы, пра візавае пытанне. Ёсць такая кааліцыя “Без візы”, якая займаецца лабіяваннем бязвізавага руху: каб не толькі еўрапейцы адмянілі візы беларусам, але і каб і мы адмянілі візы для еўрапейцаў. У Тбілісі, напрыклад, больш замежнікаў і часцей можна пачуць ангельскую мову, чым у нас у Мінску. Еўропа чакае ініцыятывы ад нас, і калі мы будзем паводзіць сябе як еўрапейцы, мы там будзем абсалютна не лішнімі”.
У канцы імпрэзы выступілі музыкі з панк-гурта Amaroka і пераможца фестывалю “Бардаўская восень-2011”, спявачка Паліна Паланейчык. Таксама адбылася прэзентацыя дыска рэп-спевака Vinsenta, які адразу можна было набыць.
Чую, што, маўляў, кніга з’явілася не ў самы спрыяльны час (як там сёння пачуваецца еўра? за 12 тысячаў яшчэ не пераваліў?). Але карысць інфармацыі, сабранай у гэтым зборніку, цяжка перабольшыць, бо любая спланаваная вандроўка абыдзецца шмат танней, чым праз турфірму.
Што важна: “Дапаможнік” распаўсюджваецца бясплатна, дастаткова замовіць яго праз электронны адрас dapamoznik@gmail.com.
Зарына Кандрацьева