Яна ўвайшла. Я пабачыў яе не адразу.
Я трымаў у галаве жоўтыя кветкі –
перакладаў Чубая. Тараса.
А сэрца ўжо білася ў такт абцасам,
Даруйце мне, выпадковыя сведкі,
я пабачыў яе! Яе ахоўваў канвой.
Даруйце мне, выпадковыя людзі!
Я спахапіўся. Я крыкнуў: “Стой, прыгажуня, стой!”
І хлопец, што быў тады з ёй,
Выхапіў рэвальвэр. А я выхапіў свой.
Інстынкт апярэдзіў пачуцці.
Ён быў выдатнік па фізпадрыхтоўцы. Ня тое, што я – мазіла.
Ён паклаў бібкалектарку (тая паспела прыкрыць сябе томікам Грабала),
Прыгажуня грамчэй за ўсіх галасіла,
Вусціш сэрцы і вочы граблямі шкрабала,
Ён бы стрэліў яшчэ, але нешта яго спыніла.
Гэта нейкі батан ударыў яго інкунабулай.
Яму далі пятнаццаць гадоў, і мы з ёй засталіся ўдвох. Але гэта пасьля.
А тады я падбег да яе: “Супакойся, мілая, скончылася, скончылася!”
А яна – як і ўсе – на падлозе каменнай скорчылася,
Скамянела. Гадала: заб’юць – не заб’юць. Бля,
я схапіў яе й вынес адтуль, як з гарашчага хлева сялянін выносіць цяля.
Я спяшаўся. Я нес і знаёміўся. Стрымліваў слёзы і жыў – упершыню ў жыцьці.
Нес яе па жыцці на руках, а аднойчы – радок за радком – знаёмства нашае песціў.
Ты прабач мяне, выпадковы чытач, што й табе прыйшлося праз гэта прайсці.
Я кахаў гэты вобраз няісны, і ў сэрцы яго назаўсёды змясціў,
І – вось ведаеш, што? – не мог да цябе не данесці.
усе відэа праекту
інфармацыя аб праекце “Чорна-белыя вершы”
___________
Пра аўтара:
Павал Свярдлоў нарадзіўся 14 студзеня 1984 – журналіст, выкладчык Белдзяржуніверсітэта (культуралогія, гісторыя мастацтваў), выкладчык Беларускага калегіюма (PR і СМІ). Фіналіст конкурсу Беларускага ПЭН-Цэнтру да юбілею Уладзіміра Караткевіча (2005).