Я не ведаю, хто вынайшаў хадулі, але гэты чалавек зрабіў Беларусі мядзведжую паслугу. Цяпер ні адно мерапрыемства, якое мае дачыненне да культурнага жыцця (альбо прэтэндуе стаць яго часткай), не абыходзіцца без людзей на хадулях. Яшчэ абавязкова ёсць мімы. І нейкія незразумелыя істоты ў дзіўным адзенні. І першыя, і другія, і трэція абавязкова паказваюць перфомансы з вогненным і піратэхнічным шоу. Не стала выключэннем і адкрыццё першай мінскай трыенале сучаснага мастацтва, на якім нас накрыла дэжавю. Усё гэта было. Не аднойчы. І колькі ўжо можна?
Цырымонія адкрыцця пачалася ў паўзмроку. У павільёне Нацыянальнага выставачнага цэнтра “БелЭКСПА”прыглушылі святло. Вядоўцы, згодна са сцэнаром, спрабавалі пераканаць гасцей выставы, што “ўсе мы — частка аднаго сусвету пад назвай Мастацтва”. Узяў слова Уладзімір Альшэўскі, дырэктар творчых майстэрняў “Цэнтр сучасных мастацтваў” (мастак адзначыў, што трыенале — гэта маленькі фрагмент таго, што можа быць прадстаўлена беларускімі мастакамі). Разам з Альшэўскім на імправізаваную сцэну выйшаў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік і правёў паралелі паміж сучасным мастацтвам і выказваннем нямецкага вандроўцы Гумбальта: “Уся праўда праходзіць у чалавечым розуме тры стадыі: спачатку — “якая лухта!”, потым — “у гэтым нешта ёсць” і нарэшце — “хто ж гэтага не ведае!”
Пасля словаў Тозіка ў зале ўключылі святло, і ўсе накіраваліся аглядаць экспазіцыю. Сярод запрошаных гасцей быў заўважаны былы міністр культуры, а цяпер надзвычайны паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Францыі Павел Латушка, які спрычыніўся да арганізацыі трыенале. Спадара Латушку спадар Альшэўскі, арганізатар форуму, запрасіў да стэндаў трыенале.
Пачалі з канцэптуальнага праекту фатографа Ігара Саўчанкі — серыі фатаграфічных чорных і белых квадратаў, кожнаму з якіх спадарожнічае свая гісторыя-тлумачэнне. Былы міністр культуры затрымаўся ля меланхалічнага “партрэта, зробленага ім адзіны раз падчас іх апошняй сустрэчы. Вечка аб’ектыва засталося не знятым”. Праект Саўчанкі — гэта гульня з колерам і формай, прыклад таго, як тэхнічнае гарманічна можа прымаць у сябе эфемернае, пачуццёвае, містычнае. Вось прамень святла пракраўся ў камеру, слізгануў па плёнцы, пакінуўшы след, падобны да Млечнага Шляху. Альбо чорны квадрат — здымак, зроблены з занадта маленькай экспазіцыяй. Кажуць, людзі суровай поўначы здольныя адрозніваць некалькі відаў снегу — так фотамастак Саўчанка адрознівае некалькі адценняў чорнага — яно ў яго вельмі рознае, у кожным чорным — свой настрой.
Ля нацюрморта “У бабулі” (на патэльні смажыцца яечня — вось такое яно, беларускае сучаснае мастацтва!) мы згубілі групу афіцыйных гасцей у натоўпе і накіраваліся ў бок алеі бронзавых скульптур Юрыя Анушкі. Затым неспадзявана трапілі ў паток, які вынес нас “у адзін чорны-чорны пакой” з флюарэсцэнтнай абстракцыяй, люстэркамі і ліхтарамі на сценах. Мяркуючы па ўсім, такі атракцыён весяліў публіку: гледачы расчахлялі камеры, даставалі з кішэняў тэлефоны і фатаграфавалі бледныя ад сіняга святла ліхтарыкаў твары адно аднаго. Іду ў заклад, фота на фоне неонавых вісюлек цяпер ёсць у кожнага другога наведніка трыенале.
Пасля чорнага і адначасова рознакаляровага пакоя мы адправіліся на рэабілітацыю фатаграфіяй. Уладзімір Парфянок прадставіў серыю Persona non grata — калектыўны партрэт сучаснікаў, несумяшчальных з сістэмай, у якой яны нарадзіліся і вымушаныя жыць.
Гэта вельмі сімвалічны праект для ўсёй трыенале. Тут, у “БелЭКСПА”, адчуваеш сябе менавіта персонай non grata. Усё вакол нагадвае вялікую “салянку” — музей пра ўсё на свеце. Без лейтматыву, без пункту адліку і без пэўнай канцэпцыі. Не, напэўна, усё гэта ёсць. Ёсць гучныя імёны, цікавыя праекты, над праграмай трыенале працавалі прафесіяналы. Але мы не прачыталі мэсіджу. Ён згублены ў разнастайнай безлічы.
Дарэчы, на экспазіцыі прадстаўлена шмат работ з выставак, якія ўжо праходзілі ў Мінску. А некаторыя арт-аб’екты (робаты, машынкі з радыёкіраваннем), здаецца, пераблыталі адрас — ім на выставу “Тэхна-арт”.
Хаваючыся ад усюдыісных людзей на хадулях, мы апынуліся у пакоі Руслана Вашкевіча. Гэта прастакутная прастора, на сценах пакоя — чатыры самастойныя праекты. А ў саміх сценах зробленыя маленькія акенцы для агляду звонку. Ідэфікс у тым, што ўнутраныя гледачы назіраюць унутраную мастацкую прастору (непасрэдна арт-аб’екты). А гледачы, што па другі бок, назіраюць праз вокны сцэнічную прастору — з акторамі (унутраныя гледачы) і дэкарацыямі (арт-аб’екты). Абедзве групы гледачоў могуць мяняцца месцамі і ролямі. Такім чынам у праекце вызначаюцца сацыяльныя сувязі, унутры і звонку ўзнікаюць грамадскія адносіны. Канчатковая мэта праекту, па словах Вашкевіча, — гэта новыя пункты гледжання і вокны росту, пункты росту і вокны гледжання. Такая вось гульня.
Непадалёк ад пакоя з вокнамі мы сустрэлі аўтара праекту — Руслана Вашкевіча.
“На жаль, на трыенале абсалютна не чытаецца куратарскае выказванне, няма нейкай агульнай канцэпцыі, — сказаў мастак. — Ёсць нейкі набор эфектных атракцыёнаў, але казаць пра актуальнае сучаснае мастацтва ў дадзеным выпадку няма ніякага сэнсу.
На маю думку, прыкладна так чыноўнікі разумеюць легалізацыю сучаснага мастацтва. Была дадзеная адмашка, упершыню вылучаныя досыць прыстойныя грошы, але няма каманды прафесійных куратараў. У выніку мы маем празмерныя шум, шоу, музыку. Але ўсё гэта не размова пра праблемы сучаснага мастацтва. Пакуль увогуле незразумела, што гэта за гісторыя”.
Мастак Міхаіл Гулін адзначыў, што на трыенале шырока прадстаўленыя гарадзенская і віцебская дыяспары мастакоў. І гэта добра: мастаку патрэбны шырокі глядач.
Але…
“Асабіста для мяне ёсць некалькі імёнаў, без якіх немагчыма ўявіць сучаснае беларускае мастацтва, — кажа Гулін. — На ўсю краіну мы маем толькі адну галерэю contemporary art. Можна па-рознаму ставіцца да галерэі “Ў”, але як з’ява яна павінная прысутнічаць на трыенале. Ці, напрыклад, мастак Сяргей Кірушчанка. Летась ён прадставіў сур’ёзны маштабны праект, але яго тут таксама няма, і сцэна сучаснага мастацтва без гэтага творцы пустая”.
Сяргей Кажамякін, фатограф:
“Я ўспрымаю гэтую трыенале як першы досвед. Мы бачым, як усё тут раз’яднана, няма агульнай ідэі. Трыенале нагадвае больш прамысловую выставу, якую з пункту гледжання сучаснага мастацтва разглядаць цяжка.
Сучаснае мастацтва — яно вальнадумнае, яно заўсёды ў апазіцыі да ўсяго, яно не баіцца правакацый, шукае новыя формы. А ў нас ўсё як і было, не рухаецца з месца: мы паважаем гледача, мы пад яго прыстасоўваемся, робім так, каб яму было ўсё зразумела і звыкла. А гледача трэба ўцягваць у больш складаны працэс. І неабавязкова ўсім падабацца.
Не так даўно мы глядзелі фільм пра мастачку Марыну Абрамавіч. Яна проста сядзела тры месяцы і глядзела людзям у вочы. Народ з Аўстраліі прыязджаў, каб толькі пасядзець побач з ёй. І гэта было моцна!
А ў нас, на жаль, усё ідзе ад жадання паказаць гледачу атракцыёны і перфомансы”.
Кася Кірпацік
Фота: Зарына Кандрацьева