Наста Шпакоўская з піяністкай Ірынай Кліменка прадставіла праграму Naka piano, куды ўвайшлі камерныя апрацоўкі старых і новых песняў рок-гурта Naka, а разам з тым адзначыла свой дзень нараджэння проста на сцэне.
“Я вельмі ўдзячная, што вы раздзялілі з намі радасць ад нараджэння новага альбома”, — урачыста і ў той жа час кранальна павіталася з публікай Наста Шпакоўская. Людзі адразу ж шчыльна абступілі сцэну, на якой гарэлі свечкі. З інструментаў былі толькі клавішы — месца за імі заняла Ірына Кліменка. Праграму на дзвюх Наста ды Іра падрыхтавалі і запісалі па-за гуртом — Naka piano можна лічыць сайд-праектам, куды ўвайшлі выбраныя песні з ранейшых альбомаў рок-гурта Naka ды новыя творы. “Толькі тыя песні, якія рэальна сыграць на адным фано, бо шмат нашых твораў вымагаюць поўнага рок-гучання”, — папраўляе Наста.
На рок-канцэртах Шпакоўская звычайна амаль не размаўляе з залай, а вось канцэрт Naka piano чымсьці нагадваў яе творчы вечар. Узяць мікрафон ды задаць сваё пытанне акторцы і спявачцы меў магчымасць кожны. Слухачы цікавіліся, колькі ў яе дзяцей, як пішуцца ў яе песні, хто аўтар кампазіцыі “Бяжы”, якія адкрыцці Наста зрабіла на беларускай музычнай сцэне і каго любіць з расійскамоўных выканаўцаў. І Наста з ахвотай адказвала, што дзяцей у яе двое, што, прыносячы тэкст будучай песні на рэпетыцыю да астатніх музыкаў, яна ўжо ведае і адчувае, як песня мусіць гучаць, што выдатны тэкст “Бяжы” на беларускую мову перастварыў паэт Сяргей Балахонаў і што апошнім адкрыццём стаўся магілёўскі гурт Nizkiz, а з расійцаў яна больш за ўсё шануе DDT, “Сплин” і “Дети Пикассо”. Адна са слухачак прапанавала ўсім прысутным заспяваць песню для Насты, і ўсе падхапілі: “Happy birthday”. Шпакоўская вырашыла адзначыць свой дзень народзінаў на сцэне.
Сам канцэрт нагадваў хутчэй споведзь Шпакоўскай перад слухачамі. Большасць песняў гэтай яе праграмы вельмі глыбокія, нават інтымныя. Так што слухалі іх, стаіўшы дыханне, а ўдумлівую цішу, якая паўставала сярод нот ды песняў, толькі раз-пораз парушала кава-машына. Акрамя тузіна твораў, якія ўвайшлі ў дыск Naka piano, прагучалі яшчэ “Мой герой — Таня Буланава”, адзін з першых хітоў Шпакоўскай, “Обочины” з мінулага альбома, а вось некаторыя просьбы дзяўчаты выканаць не маглі. Напрыклад, сыграць “Пагоню”. “У Іры толькі дзве рукі, і сыграць яе ў такім выглядзе немагчыма”, — патлумачыла Наста і запрасіла ўсіх на вялікі канцэрт 28 лістапада ў Re:public: у першым аддзяленні будзе Naka piano, а ў другім — Naka ў сваім арыгінальным рок-гучанні.
Канцэрт праляцеў імгненна, і Насту з Ірынай прадказальна клікалі на біс. Дзяўчаты прапанавалі выбраць песні народным галасаваннем — перамаглі “Клочьями” і “Бяжы”, якія былі выкананыя паўторна, ужо ў суправаджэнні хору гледачоў.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Воля Баркоўская