Гурты Dali, “Йо-Йо”, “Крамбамбуля” і J:Морс сталі гасцямі “Канцэрту на траве”, які ўрэшце адбыўся на хутары Шаблі 11 чэрвеня. Лявон Вольскі назваў мерапрыемства “першым незалежным беларускім опэн-эйрам” і праспяваў “Тры чарапахі”, а Уладзімір Пугач збег з выпускнога дачкі, каб адыграць свой сэт. Задаволенымі засталіся ўсе – і тыя, хто танчыў ля сцэны, і тыя, хто стаяў у бясконцай чарзе па бліны.
Уладзімір Шаблінскі
«9 миллиметр»
DALI
Нягледзячы на асцярогі, “Канцэрт на траве” адбыўся. Хоць і хадзілі чуткі, што мясцовыя ўлады будуць імкнуцца ўсяляк папсаваць свята на хутары Шаблі, усё прайшло як мае быць. Аўто наведнікаў і ўдзельнікаў фэсту калі і спынялі па дарозе даішнікі, дык толькі дзеля таго, каб узяць аўтограф ці сфатаграфавацца, як тое было з Лявонам Вольскім.
Лявон Вольскі
У Шаблі, што месціцца бліжэй да Вільні, чым да Мінска, з’ехалася ля 1500 чалавек, шмат хто прыхапіў з сабой намёт. Прытым месца на бяскрайніх прасторах Валожыншчыны заставалася багата.
Музычная праграма вечара была не надта насычаная, ды не ўсе з заяўленых гасцей дабраліся. Не здолеў адыграць свой сэт Аляксандр Памідораў, затое больш за дзве гадзіны на сцэне запальваў Лявон Вольскі. Спачатку выканаўца выйшаў са сваім сольным праектам “Белая яблыня грому”, дадаўшы да праграмы на вершы класікаў беларускай савецкай літаратуры некалькі песняў, што ў яе не ўвайшлі, напрыклад, “Ворагам” на словы Уладзіміра Караткевіча. “Белую яблыню” музыкі ўпершыню гралі ў такім фармаце – на вольным паветры. Лявон ахрысціў “Канцэрт на траве” першым беларускім незалежным опэн-эйрам.
Між “Белай яблыняй” і “Крамбамбуляй” мусіў выступіць J:Морс, але Уладзімір Пугач спазняўся. Прычым з прычыны паважнай – у дачкі музыкі быў выпускны. Так што на сцэну ізноў выйшаў Вольскі, каб прадставіць праграму “Драбадзі-драбада”, прэзентацыя якой зрывалася ўжо двойчы. Гэтым разам “Крамбамбулі” ніхто не перашкаджаў. Лявон спяваў на розных мовах, частка людзей танчыла, частка стаяла ў бясконцай чарзе па бліны, але весела было ўсім. “Зоркі ўрэшце прыехалі, час саступаць ім сцэну”, – заявіў лідар “Крамбамбулі” ў пэўны момант і, на здзіўленне ўсіх, заспяваў “Тры чарапахі” з рэпертуару N.R.M.
Уладзімір Пугач
Уладзімір Пугач выбачаўся за спазненне і дзякаваў лёсу за тое, што “Канцэрт на траве” не адбыўся ў заяўлены дзень, 28 траўня. Тады лідар J:Морс усё адно прыехаў у Шаблі і добра тут адпачыў. J:Морс гатовыя былі спяваць да раніцы, але мусілі трымацца рэгламенту. У 23.00 быў узяты апошні акорд, і ўсе шчаслівыя і задаволеныя разышліся па намётах і машынах.
Сяргей Будкін, Аляксандар Ждановіч