Hedningarna граюць вельмі дзіўную музыку на экзатычных інструментах, можа нават самую дзіўную ў свеце.
Зміцер Сасноўскі
Тодар Кашкурэвіч
Канцэрт гурта Hedningarna адбыўся адразу з двух нагодаў. Па-першае, фольк-зоркі адкрылі Дні Швецыі ў Беларусі, а па-другое, выступілі ў межах 10-га па ліку “Дударскага фэстываля”. Выхад на сцэну музыкаў, якія ўжо чвэрць стагоддзя ствараюць арыгінальную музыку, прадставіў лідар гурта “Стары Ольса” і завадатар “Дударскага фэсту” Зміцер Сасноўскі і арганізатар самага першага фэсту Тодар Кашкурэвіч. Hedningarna добравядомы гурт у сябе на Радзіме ды ў свеце. Іх дэбютны дыск у 1989 годзе атрымаў тры шведскіх “Грэмі” і быў прызнаны лепшым фолкавым рэлізам. У 90-х іх кружэлкі разыходзіліся ў колькасці 150 000 асобнікаў, а рэмікс на іх песню “Kruspolska” трапіў у лік лідэраў еўрапейскіх чартаў. “Але беларусу скандынаўская музыка малавядомая і гэта несправядліва, бо наша аўтэнтычная музыка найбольш блізкая да швэдскай”, – сказаў Кашкурэвіч. Цікаўныя людзі з Беларусі добра ведаюць творчасць Hedningarna, сам Тодар прызнаўся, што першы іх дыск пачуў 15 год таму і лічыць, што гэта паказальны паўночна-еўрапейскі гурт.
амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан
Госці на прывітаньне сыгралі песню “Паганцы”. Пасля чаго заявілі, што ім надта прыемна ўрэшце даехаць да Беларусі. Аднойчы яны ўжо амаль наблізіліся да нашай краіны, калі гастралявалі ва Ўкраіне. Хоць Hedningarna і прадставілі, як фолк-рок гурт, аніякіх гітараў музыкі не выкарыстоўваюць. У іх вельмі экзатычныя інструменты. Як, напрыклад, клавішныя скрыпка ці струнны бубен (бас-цымбалы). Лідэр каманды Андэрс Нарудэ заявіў, што такіх інструментаў усяго два ў свеце і адзін з іх у яго. З дапамогай яго сыгралі кампазіцыю “Soup”.
Спявалі таксама пра бойку троля і карліка. Вельмі кранальная кампазіцыя “Хто ж я”, прысвечаная сябруку, які аднойчы прачнуўся і не зразумеў хто ён такі.
“Я не панімаю па-рускі”, – на ламанай расійскай радасна паведаміў лідэр гурта. Шведскія музыкі вывучылі два слова па-беларуску – “дзякуй” і “дуда”. “Дуда ў мяне падобна да беларускай, толькі не такая гучная”, – сказаў Магнус Стыненрбом, знешне падобны да Моby.
Лютніст Халбус Тоте Матсон прызнаўся, што яны граюць вельмі дзіўную музыку, можа нават самую дзіўную на свеце. А потым заявіў пра прыхільнасць да гурта Starus Quo, які музыкі вельмі любілі ў 70-х, калі былі падлеткамі. Пасьля чаго сыгралі кавэр на іх. Працягнулі кампазіцыяй “Hey–Hop”, якую Андэрс прадставіў, як “рок для мужчын”, падчас выканання якой частка залі Палаца ветэранаў разварушылася. А апагеям канцэрта стала вельмі энергічны і эмацыйны нумар, прадстаўлены, як “акустычнае тэхна”.
Падзякай шведам былі доўгія апладысменты, тры букета ландышаў ад прыхільніц і мужны поціск рукі ад самага маленькага гледача.