Прэзентацыя альбома гурта “S°unduk” нечакана для прыхільнікаў і саміх музыкаў была адмененая. Бас-гітарыста каманды перад самым канцэртам забрала хуткая дапамога, і астатнія прынялі рашэнне не выходзіць на сцэну. Але Ганна Хітрык разам з іншымі музыкамі яшчэ гадзіну раздавала аўтографы на прыступках Палаца культуры ветэранаў.
Яшчэ за гадзіну да пачатку прэзентацыі дэбютнага альбома “Том І” гурта “S°unduk” на чале з Ганнай Хітрык былі спадзевы, што канцэрт адбудзецца, хоць было вядома, што бас-гітарыст каманды Павал Чымбаевіч не здолее ўзяць у ім удзел.
Павал Чымбаевіч
Ганна расказвае, што, нягледзячы на праблемы са здароўем, Павал храбрыўся і меркаваў выйсці на сцэну. Але музыканта звезлі на хуткай дапамозе, калі ў яго здарылася ныркавая коліка.
“Спачатку, каб не падвесці людзей, мы спрабавалі пайграць на саўнд-чэку без бас-гітары. Але ў нас шмат новых песняў базуецца менавіта на басавых партыях, рабіць халтуру мы не хацелі, таму вырашылі адмяніць канцэрт”, — кажа Ганна Хітрык. Адразу пасля такога рашэння спявачка запісала відэазварот для сваіх прыхільнікаў.
Цягам гадзіны Ганна на ўваходзе выбачалася перад тымі, хто прыйшоў на яе канцэрт. Большасць слухачоў паставілася да пераносу канцэрта з разуменнем (толькі 10% здалі назад свае квіткі); раскупалі дыскі, бралі аўтографы ў музыкаў і падтрымлівалі добрым словам Ганну. Тая адказвала кожнаму з усмешкай, толькі перыядычна адлучалася, каб пакарміць свайго 4-месячнага сына.
Арганізатары кінуліся шукаць залу для будучага канцэрту адразу ж, як стала вядома пра адмену канцэрта 31 траўня. Але складанасць у тым, што ў Мінску не так шмат канцэртных пляцовак і ўсе яны занятыя. Пасля 2 чэрвеня будзе абвешчана, ці пройдзе канцэрт гурта “S°unduk”.
Пакуль жа прыхільнікі Ганны Хітрык могуць паглядзець кліп на яе песню “Пляшущий конь”, прэм’ера якой адбылася напярэдадні канцэрту.
на першым фота – Ганна Хітрык
Мікалай Дубавіцкі, Аляксандар Ждановіч