24 снежня ў віцебскім клубе “Зебра” прайшоў штогадовы фестываль альтэрнатыўнай музыкі “Калядны драйв – 2012”. Адсвяткаваць Каляды ў Віцебску прыехалі менчукі Yellow Brick Road і “Каcсиопея”, якія адначасова прэзентавалі новыя альбомы. Адметнай рысай сёлетняга фэста былі народныя спевы і гульні ад прадстаўнікоў мясцовага СЭТа (студэнцкага этнаграфічнага таварыства), што стварала сапраўдную калядную атмасферу. Асабліва ўсцешыла вялікая колькасць людзей прыйшоўшых у калядна-народных строях.
Разам з менскімі гасьцямі “запальвалі” Калядную зорку віцебскія гурты ИО, Сны ОпосСума, Shuffle Steps, SYOMI, Forodwath. У перапынках паміж выступамі праводзіліся конкурсы на прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”: уладальнікі лепшых калядных касцюмаў атрымалі цішоткі са Скарынай і Еўфрасінняй Полацкай, а фірмовыя торбачкі дасталіся тым, хто найбольш актыўна гуляў у “Цяцерку” разам з казой і калядоўшчыкамі!
фота – Аляксандр Кузьмін