5 красавіка ў філіяле Веткаўскага музея адкрылася новая выстава «Брама», паведамляецца на старонцы Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава ў Фэйсбук.
Тэма выставы — адлюстраванне свята Дабравешчання у XVII, XVIII, XIX стагоддзях.
«Як іканапісцы XVII, XVIII, XIX стагоддзяў перадаюць чысціню любові, трапяткое ўспрыманне добрай весткі, як паказваюцца вобразы евангелістаў, вучняў Хрыста, што напісалі свае бессмяротныя кнігі, вядомыя ў культуры ўсіх хрысціянскіх народаў», — напісана на старонцы музея.
Назва выставы «Брама» адсылае нас да Царскай брамы — элемента праваслаўнага іканастаса. На выставе прадстаўленыя фрагменты Царскіх брам, якія калісьці ўпрыгожвалі стараабрадніцкія храмы.
Сярод гэтых фрагментаў — два навершы, на якія музей абвяшчаў збор сродкаў у 2022 і 2023 гадах.
Такіх навершаў у свеце засталіся лічаныя адзінкі!
А таксама створка з Царскай брамы часоў Івана Грознага (XVI ст.), якая ў 1695 годзе была прывезеная ў Веткаўскую Пакроўскую царкву, а ў 1983 годзе выпадкова знойдзеная супрацоўнікамі музея на гарышчы Успенскага храма ў вёсцы Свяцк (Навазбкаўскі раён).
Акрамя таго, на выставе прадстаўленыя чатыры шыкоўныя Евангеллі, якія калісь «жылі» ў стараабрадніцкіх храмах (храмы не захаваліся). Гэта рукапіснае Евангелле мяжы XVI -XVII ст., якое Фёдар Шкляраў, заснавальнік нашага музея, знайшоў і набыў у вёсцы Покаць Чачэрскага раёна; Евангелле 1575 года, упрыгожанае гравюрамі ў стылі маньерызм, надрукаванае Пятром Мсціслаўцам, адным з выбітнейшых беларускіх друкароў; Евангелле, надрукаванае напачатаку XVII ст. Анісімам Радзішэўскім; Евангелле 1635 года з унікальнымі запісамі.
«Евангелле з грэцкай мовы перакладаецца, як «добрая вестка». І Дабравешчанне — пра добрую вестку.
Гэтую выставу мы вырашылі ўпісаць у сённяшнія перажыванні, у сённяшні каляндар чалавека і прыроды. У добрую вестку вясны. Калі ўся прырода радуецца», — адзначаюць супрацоўнікі музея.
Наведаць выставу «Брама» можна ў любы дзень з 9:30 да 18:00.
Філіял Веткаўскага музея, г. Гомель, плошча Леніна, 4а (у парку, за саборам Пятра і Паўла).
Тэлефон: +375 232 50-96-98