Як сучасны беларус збіраецца за мяжу? Правільна — хавае па кішэнях цыгарэты, пхне ў схованкі аўтамабіля спірытус і астатнюю кантрабандную халеру. Таму і мы разам з Глебам Малафеевым уладкоўваем у VW Passat пісталеты і кінжалы — едзем за мяжу.
Мы едзем за мяжу, якая знікла яшчэ ў 1939 годзе — мяжу паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю. Мяжа знікла — але засталася ў свядомасці людзей.
— Мяжа і цяпер дзеліць беларусаў на «ўсходніх» і «заходніх». Я шмат езджу па Беларусі, і ўсюды яскрава бачная розніца паміж людзьмі, — кажа наш праваднік Фёдар Міхееў.
— «Заходнікі» — яны іншыя. Платы не валяцца, у дварах чыста. Адным словам, «заходнікі» — гаспадары. На ўсходзе Беларусі — па-іншаму.
Імчым у кірунку Ракава, тагачаснай сталіцы кантрабандыстаў. Грае «Viva Las Vegas», нагадваючы пра тое, што ў 20-я гады ў Ракаве было 96 рэстаранаў і 4 афіцыйныя бардэлі. І калі бы мы выпраўляліся ў гэтую вандроўку 90 гадоў таму, не было б музыкі, не было б спеваў. Мы б ціха крочылі ўначы: амаль дзесяцігоддзе мінскія ваколіцы жылі кантрабандай.
“Калі вечарам, у глухую восеньскую ноч, адкінуць на даўжэйшым адрэзку граніцы павалоку змроку, мы б убачылі партыі перамытнiкаў, якія цягнуцца да граніцы…” — гэта Сяргей Пясэцкі, пісьменнік, шпіён і кантрабандыст. З Мінска цягнулі золата, каштоўнасці. З Ракава, тагачаснай Польшчы, валаклі гаспадарчыя дробязі і іншы “дэфіцыт”.
Я слухаю расказы Фёдара і разумею, што за колькі гадоў нічога не змянілася: год 2012, машыны на сустрэчнай паласе стогнуць, але цягнуць “памперсы” і газонакасілкі з Літвы і Польшчы. Іншыя пампуюць поўныя бакі паліва, каб перавезці за мяжу. На Захадзе гэта цяпер золата.
— Тое, што адбываецца цяпер, не ідзе ні ў якае параўнанне з дваццатымі. Тады памежжа паміж Мінскам і Ракавам віравала і бурліла. Кантрабандысты, шпіёны. Сяляне, якія палявалі на кантрабандыстаў, высочвалі самых “нягеглых”, каб адабраць іхныя скарбы. А іх усіх высочвалі памежнікі. Польскія — каб пасадзіць у турму. Савецкія — каб расстраляць.
Фёдар расказвае пра мінуўшчыну, якой мог бы пазайздросціць нават Джэймс Бонд. Ракаў? Мяжа? Памежнікі? Кантрабандысты? Гледзячы на беларусаў, што корпаюцца ў зямлі, у гэта цяжка паверыць. Але — было.
— З Мінска ў Ракаў акрамя золата і каштоўнасцяў вадзілі людзей. Іх называлі “фігуркамі”. Шмат хто хацеў уцячы з саветаў на Захад. Гэта было добрым бізнэсам…
Нічога не змянілася: і цяпер шмат хто хоча ўцячы на Захад.
Едзем. Ціха таўкуцца фуры, соваюцца дачнікі ў кірунку сваіх лецішчаў. З’язджаем з трасы, апошнія кіламетры да Ракава шпацыруем ляснымі дарожкамі.
— Га? Кантрабанда? Шпіёны? Ну, старыя людзі кажуць, што было такое ў нас. Я і сам памятаю, як хадзілі за мяжу. Галоўнае было перайсці рачулку Манюньку, па ёй была мяжа. Тады з кантрабанды жылі цэлыя вёскі. А потым неяк усталявалася ўсё, хлопцы. Ціха стала.
— Вядома, як стала ціха — расказвае Фёдар. Калі ў Савецкім Саюзе больш-менш усё ўсталявалася, улады ўзяліся за мяжу. Узмацнілі патрулі, зацягнулі ўсё дротам. А потым пачалі будаваць лінію ўмацраёнаў, так званую “Лінію Сталіна”. Мяжу забетанавалі, каго пасадзілі, каго расстралялі — і ўсё, скончылася вольнае паветра.
Усяго па заходняй мяжы Савецкага Саюза пабудавалі каля 7000 дотаў. А ў мінскі ўмацраён залілі 43 023 кубаметры бетону. Па сучасных цэнах — каля 4 мільёнаў даляраў!
Прыязджаем у Ракаў. Сучасны Ракаў — ціхі, утульны гарадок. Савецкі, з выканкамам, сцягам.
— Не, не верце! У гэтым горадзе шмат таямніц. Спытайцеся ў мясцовых дзядоў ці бабуль. Яны раскажуць, як саветы, калі ў 1939-м захапілі Ракаў, да самай вайны не маглі “прыдушыць” тутэйшых людзей. То аднаму камісару стрэл у спіну, то іншаму. Тады ў ракаўскага насельніцтва было ўсё — грошы, зброя. Жыхары адчувалі сябе незалежнымі. Колькі тут было мільянераў? Шмат! А калі ў людзей ёсць грошы і зброя, іх вельмі цяжка падпарадкаваць уладзе.
І сапраўды: у 20-я ў Ракаве было 126 аўтамабіляў і 134 крамы. Бізнэс-сіці! Савецкія ўлады бадаліся з ракаўчанамі, бадаліся, нават вырашылі ў 1941-м вывезці ўсё насельніцтва падчыстую ў Сібір, ды не паспелі — пачалася вайна. Але і пасля вайны Ракаў быў клопатам: недалёка Налібоцкая пушча, сышоў туды — і змагайся супраць улады. У кожнага ў хаце быў абрэз, а ў градах разам з бульбай у зямлі ляжалі ствалы. Клалі туды і прадстаўнікоў улады.
— Што, праўду Фёдар кажа? — пытаемся ў мясцовых.
— Ну, было, — без ахвоты адказваюць яны. І гаворка паступова сыходзіць на тое, што пасля вайны яшчэ знаходзілі ў ракаўскіх лясах «залатыя» дрэвы, якія засталіся пасля эпохі кантрабандыстаў. Людзі выбіралі старое дрэва і засыпалі дупло золатам — гэтая схованка была надзейнай. Але вайна, калатнеча — так і заставаліся дрэвы без «гаспадароў». У канцы 60-х у Мінску арыштавалі аднаго ракаўчаніна за спробу заплаціць у рэстаране золатам. Выпіў чалавек, грошай не хапіла, дык ён пачаў золата кідаць афіцыянтам. На допыце высветлілася: «кантрабанднае», дзедаўскае золата.
Калі стаць пагаманіць з ракаўчанамі, даведаешся шмат цікавага пра гэты гарадок. Раскажуць і пра “лясных братоў” і пра “Зялёны дуб”, і пра тое, што апошняе “бандфармаванне” накрылі толькі ў сярэдзіне 50-х. Яго кіраўнік удзень узначальваў мясцовую міліцыю, а начамі страляў камуністаў. Лас-Вегас… прабачце — Ракаў.
Шпацыруем па Ракаве і нічога гэтага не бачым: горад як горад. Ціхі, павольны. Лунае сцяг, людзі як людзі. Мяккія, рахманыя беларусы.
— Усіх «пасіянарных» знішчылі — расказвае Фёдар. — «Залаты век» Ракава быў не вельмі доўгі: 20-я гады. Вы ж бачылі бетонныя ўмацаванні: хвалі людзей і каштоўнасцяў разбіліся аб цяжкія муры так званай «Лініі Сталіна». 20-я — вось сапраўдны росквіт Ракава.
— Можаце сабе ўявіць, у 20-я на кірмашы прадавалі какаін! — Фёдар блішчыць вачыма, расказваючы, як цацкамі сучасных арыстакратаў бавіліся простыя ракаўчане.
— А вы што, хлопцы, не чулі? «Балтыйскі кактэйль», гарэлка з какаінам. Менавіта на ім і пабудавалі рэвалюцыю: пасля шклянкі такога кактэйлю і людзей страляць лягчэй, і болю не адчуваеш. Таму ў Ракаве какаін прадавалі як цяпер семкі — шклянкамі.
Бабуля на рынку факт какаіну адмаўляе, прапануе хатняе малачко. Няма таго, што раньш было. Але малачко — таксама файна.
Сімвалы, сімвалы… Вялікія габрэйскія могілкі — цяпер сімвал Ракава. Кажуць, што перад вайной мясцовыя габрэі закапалі ўсе свае скарбы недзе каля могілак. Скарбы шукалі і саветы, і немцы. І гісторыя Ракава ў 20-х — тыя самыя скарбы. Пра іх шмат хто ведае, але ў сучасным горадзе іх няма. Трэба «капаць», шукаць. Усім, у каго ёсць жаданне «дакапацца» — раім чытаць Сяргея Пясэцкага.
«Кульгавае нашае шчасце — дык падапрэм яго бутэлькамі!» — гэта яго, гэта адтуль, цытата з Ракава 20-х.
Апошні праменад па сучасным Ракаве — і пераходзім да другой часткі нашага матэрыялу, імя якой — Сяргей Пясэцкі. Вуаля — свет шпіёна і кантрабандыста, пабудаваны на цытатах яго кніг.
Чакайце другую частку.
Гістарычная даведка
Мяжа
Мяжа паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю з’явілася 18 сакавіка 1921 года, калі была падпісаная Рыжская мірная дамова. З яе падпісаннем скончылася савецка-польская вайна (1919—1921). Паводле яе Польшчы адышлі Заходняя Украіна і Заходняя Беларусь. Дамова была скасаваная ў 1939 годзе, калі Савецкі Саюз пачаў ваенныя дзеянні супраць Польшчы.
Тады знікла і мяжа.
Лінія Сталіна
Будаўніцтва першых умацраёнаў пачалося ў 1928 годзе. Спачатку было пабудавана 13, а потым яшчэ 8. Умацраёны будавалі ўздоўж заходняй мяжы Савецкага Саюза, але былі яны і на ўсходняй мяжы. Назва “Лінія Сталіна” ўзнікла ў 1936 годзе — “аўтарства” належыць газеце “Сегодня”. Афіцыйна гэтай назвы не існавала. Пасля далучэння да СССР Заходняй Беларусі і Украіны “Лінія Сталіна” была закансерваваная, пачалося будаўніцтва “Лініі Молатава”.
Ракаў — аграгарадок у Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Знаходзіцца за 36 км ад Мінска. Насельніцтва — 2100 чалавек (звесткі 2006 года). Першыя звесткі пра Ракаў з’яўляюцца ў пачатку XIV ст. У канцы XIX ст. 60% насельніцтва Ракава — габрэі.
Зміцер Навіцкі.
Фота Глеба Малафеева.