19.04.2012 | Захапленні

Наста Шпакоўская: «Мы жывем шчасліва ў самым крутым сада-маза-доме Мінска» (фота, відэа)

Прычым ніякіх намёкаў на вычварэнні. Ну, ці амаль ніякіх: яны абсалютна звычайныя людзі. Але здараецца, ім раптам захочацца закідонаў, і тады без бутэлькі шампанскага ўжо не абысціся. Яны напякуць бліноў, адкрыюць ікры, крышталь-срэбра — усё ў кошык для пікніка. Накрыюць на стол, будуць глядзець на горад з даху дома пад рэкламнай шыльдай МАЗа, дома, што ля Батанічнага сада. З даху дома «СадаМАЗа».

Яна — Наста Шпакоўская, жонка, вакалістка гурта NAKA

Ён — Андрэй Ісачанка, муж, мэнэджар гэтага гурта

Андрэй: Калі мы ўпершыню трапілі на гэты дах, тут цвілі кветкі, быў пах, свежасць, а ў паветры лунала адчуванне рамантыкі і вышыні. Калісьці даўно тут збіралася мінская багема: мастакі, музыкі, іх сябры пілі шампанскае і прымалі ванну проста на даху. А цяпер усё тут занепадае. І хоць майстэрні мастакоў Сяргея Гусельцава і Аляксея Велікжанінава дагэтуль пад дахам «МАЗа», нешта змянілася: тут больш не збіраюцца кампаніі, якія ствараюць шум.

Наста: Часам кампаніі ўсё ж збіраюцца. Але, як правіла, мы і ёсць гэтыя «кампаніі». Вось і сёння, цудоўнай раніцай нядзелі, на даху будзе свята: сем гадоў нашага сумеснага жыцця з Андрушам.

Андрэй: Мы, дарэчы, часта завітваем на дах свайго дома, адзначаем тут нейкія сямейныя святы, бавім час з сябрамі за размовай і келіхам віна… І вяселле, 7 гадоў таму, святкавалі таксама тут: прыехалі з ЗАГСа і вось тут, над горадам, прымалі гасцей. Сёння, праўда, так не разгуляешся: за дахам вельмі актыўна сочаць спецслужбы і тыя, хто ахоўвае маршрут №1.

Наста: Спадзяюся, што ў нядзелю ніхто нікуды не паедзе, і нам дадуць спакойна паесці бліноў з ікрою.

Андрэй: Бліны, дарэчы, смачныя атрымаліся, а я ўсё хваляваўся, што яны падгараць. Наста рабіла цеста, а я гатаваў.

Наста: Вы сёння проста малайчыны: далі маме паспаць зранку, бліноў напяклі!

Андрэй: Дзеці з паўгадзіны былі проста анёлкі, і ў пэўны момант я падумаў, а ці не надышоў час для трэцяга. Але паўгадзіны мінулі, дзеці ізноў вярнуліся ў звыклы стан «банды», і я думаў ужо пра іншае: добра, што хоць бліны паспеў спячы.

Настасся: Трэцяга, думаю бліжэй да 40, а пакуль маме трэба адпачыць. У сэнсе заняцца тым, што цікава самой маме. Дзеці патрабуюць увагі, ім неабходныя любоў і павага. Я імкнуся аддаваць ім усю сваю пяшчоту і клопат, як і любая іншая маці. Але я гэтак жа разумею, што і самой маме вельмі важна быць паўнавартаснай, моцнай, а не стомленай і зняможанай. Важна рэалізоўвацца ў жыцці, калі ў тым ёсць патрэба, займацца нейкімі сваімі праектамі, бо іначай у жанчыне не будзе той цэласнасці, з якой яна зможа аддаваць сваё каханне і клопат сям’і.

Андрэй: Так-так, сучасныя жанчыны не паспяваюць завесці дзіця і адразу пачынаюць думаць пра працоўныя праекты. Часам мне здаецца, што шмат у каго гэта не ад жадання самарэалізавацца, а проста несвядомае прыняцце мужчынскай ролі: «Я ўсё зраблю сама». Нешта адбываецца ў грамадстве, таму што навокал вельмі шмат такіх самастойных жанчын. Наста такая ж: часта бярэ на сябе больш, чым трэба.

Настасся: Я ўвогуле не разумею, пра што гутарка. Жыццё не такое гладкае, як хацелася б, і часам на сябе трэба ўзяць вельмі шмат, каб атрымаць добры вынік. Не заўсёды, канечне, «упрагацца» трэба, але з часам усё цяжэй заўважыць мяжу, дзе трэба ўсё браць на сябе, а дзе можна адпачыць. Асабліва калі гэта творчасць: тут я ўпэўненая: калі хочаш, каб усё атрымалася добра, зрабі сама.

Наста: А што да сям’і, тут нельга прытрымлівацца ніякіх формулаў: варта быць гнуткім і сапраўдным у канкрэтным моманце. Часам жанчына бярэ на сябе мужчынскую ролю ў сямейных зносінах, напрыклад, робіцца бацькам, сур’ёзным і бескампрамісным. Можна сустрэць сем’і, у якіх мама — гэта тата, а тата — фея, які разбэшчвае дзетак а не займаецца іхным гадаваннем.

Андрэй: Нашым дзецям, мне падаецца, абсалютна не істотна, мама ці тата — любую феечку яны на сваім шляху змятуць. Нікога не слухаюцца! Арсеній у свае пяць гадоў такія фразачкі выдае: «Ты мне не дазволіў тое і тое — ды ты не мой тата!» Ці падыдзе да мяне паскардзіцца на Насту: «Ох, якая яна няветлівая, ёй ніяк не дагадзіць: гэта не мая мама!» І на Насту — зырк!

Наста: Кажуць, нібыта дзеці нічога не разумеюць. Я такіх дурных дзетак не сустракала. А нашыя, падаецца, увогуле нарадзіліся, усё разумеючы.

Андрэй: Мы прачыталі шмат кніг па выхаванні, спрабавалі розныя мадэлі, падыходы, і цяпер разумеем, што з дзецьмі трэба дамаўляцца, не ціснуць на іх.

Наста: Дзіця — гэта таксама асоба: важна памятаць пра гэта і не перапрацаваць з выхаваннем. Абавязкі бацькоў — ахаваць дзіця ад небяспекі. А ўсё астатняе, пра што нам даводзяць у дзіцячых садках, школках — гэта ператварэнне асобы ў элемент грамадства. Калі зрабіла для сабе гэтую страшную выснову, я перастала насядаць на ўласных дзяцей з выхаваннем, спыніла гэтае перарабленне іх на засвойваныя субстанцыі. Усе гэтыя сістэмы страхаў, забаронаў працуюць выключна на падаўленне асобы.

Андрэй: Грамадства, дзяржава лепяць з людзей зручных істотаў: з самага дзяцінства людзі не могуць выяўляць сябе (паўпірацца, пакрычаць ад радасці, пабегаць, паплакаць, калі яны злуюцца), таму што грамадства выбудавала шэраг абмежаванняў, ёсць пэўныя схемы паводзінаў, парушэнне якіх пацягне за сабою незадаволенасць, скажам, бабуль пад пад’ездам. А стэрэатыпаў колькі: вось на рэкламе ружовашчокі малы, ён акуратненька з’еў і сядзіць паслухмяны, у прыгожым адзенні. Так не бывае! Дзеці не могуць есці акуратненька!

Наста: Лёс і прафесія наканавалі нам такое становішча, што мы з Андрэем не моцна залежым ад соцыуму, мы не абавязаныя ўпісвацца ў сістэму ад А да Я: калі ты пайшоў зрабіў прышчэпку, напрыклад, потым захварэў, калі набыў таблетку і гэтак далей — усё нацэлена на кіраванне чалавекам. У грамадстве, асабліва нашым, няма свабоды, але ж гэта самы вялікі дар, які ў нас ёсць.

Наста: Магчыма, у разуменні беларускага грамадства ў нас не ўсе ў парадку з галавой: два дарослых чалавекі лезуць на дах, каб выпіць шампанскага, дазваляюць сваім дзецям усё, не ходзяць на працу ад званка да званка, ігнаруюць прадпісанні Мінздраву пра неабходнасць прывіваць дзяцей… Так, напэўна, мы не зусім нармальныя. Але ў разуменні цывілізаванага свету, думаю, мы самыя звычайныя людзі, што разважаюць цвяроза. Я буду радая, калі ў маіх дзяцей атрымаецца жыць хаця б гэтак жа, як жывем мы.

Андрэй: У сучасных беларусаў ёсць цікавая нацыянальная асаблівасць (напэўна, праз тое, што гістарычна народ быў заўжды пад ціскам): людзі не хочуць самі вырашаць свае праблемы. Ім зручна, каб гэта рабіў нехта зверху. І ў выніку яны вераць абсалютна ўсяму, што ім скажуць, яны ўвесь час расчароўваюцца, прычым вельмі моцна.

Наста: Гэта нейкая недарослая пазіцыя, дзе няма функцыі прыняцця ўласнага рашэння. І яшчэ людзям бракуе адэкватнасці: яны, мне здаецца, жывуць у свеце, якога не існуе. Суцэльная падмена каштоўнасцяў, і мала хто ва ўсім гэтым бачыць праўду. Я не кажу, што сама на сто працэнтаў адэкватная (часам таксама жыву домысламі і прымаю жаданае за рэальнасць), але ўсё ж у мяне ёсць разуменне таго, што я жыву ілюзіямі. А многія ўсё жыццё памыляюцца і лічаць, што, скажам, матэрыяльныя каштоўнасці зробяць іх шчаслівымі.

Наста: Шчасце — у тым, каб дасягнуць гармоніі ў сабе, гармоніі з навакольным светам, з вечнасцю. І вельмі добра (я лічу, што мне вельмі пашчасціла), калі твае блізкія здаровыя, калі ты маеш дастаткова часу і магчымасцяў «калупацца» ў сабе, развівацца, рэалізоўвацца, шукаць сваё прызначэнне ў жыцці, дасягаць унутранай гармоніі.

Андрэй: Ці шчаслівыя мы? Я думаю, мы на шляху да шчасця.

Наста: Андруш, ну шчасце ж не перманентны стан, гэта ж імгненні. Вось паслухай, калі мы ўлетку бываем у вёсцы…

Яны адкаркавалі другую бутэльку шампанскага і размаўлялі пра ўсё яшчэ вельмі доўга. Была нядзеля, і спяшацца, шчыра кажучы, не было куды.

 

Ганна Трубачова, фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч

Даведка «Будзьма беларусамі!»

Настасся Шпакоўская — музыка, лідар рок-гурта Naka, акторка тэатра, кіно і тэлебачання. Нарадзілася ў Мінску 28 верасня 1979. У 1998 годзе скончыла студыю пры НАДТ імя Горкага, у 2002 — БДАМ па спецыяльнасці “актрыса драмтэатра і кіно”. Лідар рок-гурта Naka. У 2009 годзе атрымала тытул Рок-князёўны. Замужам, мае дваіх дзяцей.


Адзін каментар у “Наста Шпакоўская: «Мы жывем шчасліва ў самым крутым сада-маза-доме Мінска» (фота, відэа)”

  1. verkeus says:

    лепшая панна рок-сцэны

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика