Алесь
Таболіч
Будзьма
альтэрнатыўнымі!
Алесь Таболіч. Музыка, лідар гурта ZNICH, дызайнер, мастак, майстар па тату і перманентным макіяжы.Нарадзіўся ў 1979 годзе ў Жыткавічах на Гомельшчыне ў сям’і мастакоў. Жыў у Рагачове, Магілёве. У дзесяцігадовым узросце пераехаў у Мінск, вучыўся ў школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка. Скончыў факультэт дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. На станаўленне Алеся як асобы паўплываў час беларускага адраджэння 90-х і выхаванне ў мастацкім асяроддзі.
“На мяне паўплывала сям’я. Я выхоўваўся ў творчым асяродку. Мае бацькі – мастакі, і я шмат чаго атрымаў ад іх: разуменне культуры, разуменне беларускасці ў маім уласным уяўленні. На маю думку, перш-наперш трэба быць беларусам у душы. Стаўленне да мовы і культуры трэба выхоўваць перш-наперш у сабе, каб захаваць іх для нашых нашчадкаў”.
У 1996 годзе заснаваў гурт ZNICH, які спалучае беларускую фальклорную традыцыю з цяжкай музыкай.
У 1998 годзе ўдзельнічаў у заснаванні РМГА "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства"(http://set.ethno.by/). Арганізатар шматлікіх канцэртаў і штогадовага фестывалю “Купальскае кола”.
Цяпер працуе ў тату-салоне “У Лісіцы”. Лічыць, што тату – гэта мастацтва. Заснавальнік беларускай арнаментальнай татуіроўкі. Мае жонку Алесю. Гадуе ката Цюбіка.