Адсутнасць межаў ад беларуска-украінскага тандэма “Sciana” і “Роллікс” (+mp3)

 

Новы сінгл “Беларусь – Украіна” ад беларуска-ўкраінскага тандэма гуртоў “Sciana” і “Роллікс” можна будзе пачуць у жывым выкананні ў мінскім клубе “Юла” (Сурганава, 26) 26 красавіка ў межах “Будзьма-туру”.

Хлопцы пазнаёміліся ў 2011 годзе на сцэне клуба ў Хмяльніцкім (Украіна), і знаёмства перарасло ў сяброўства. Аднойчы ўзнікла ідэя запісаць сумесны трэк, які займеў назву “Беларусь-Украіна”.

— Нам заўсёды прыемна наведваць суседнюю Украіну, — кажа Павел Прохараў. — У нас шмат сяброў па той бок мяжы, і ідэя стварэння песні ўзнікала даўно, а сустрэўшы хлопцаў з “Роллікс”, мы вырашылі запісаць песню пра нашае міжнароднае сяброўства. Мы ўпэўненыя, што для сапраўднага кахання і сяброўства не існуе межаў і кіламетраў! Мы ў гэта верым!

 

Паслухаць і спампаваць сумесную песню можна проста цяпер на сайце budzma.org:

Спампаваць mp3

А 26 красавіка ў клубе “Юла”, куды будзе вольны ўваход, можна будзе праспяваць новую песню разам з выканаўцамі.

— З сябрамі з гурта “Сцяна” мы прэзентуем сумесны трэк, які расказвае пра нашыя міжнародныя адносіны, — кажа Зміцер Ігнатаў (гурт “Роллікс”). — Апроч гэтага, мы пакажам праграму з новага альбома “Перотворися на зброю”. Вядома, гледачоў чакае шмат энергетыкі і драйву! Запрашаем усіх!

Украінскі гурт не дэбютуе на беларускай сцэне. Летась яны ўзялі ўдзел у рок-фэстах “БУГаРОК” (Берасце) і “Тры шурупы” (Горадня):

— У нас засталіся толькі прыемныя ўражанні! Было цёпла і драйвова. Нам надзвычай цікава было наведаць Беларусь — шмат чулі, шмат ведалі, але да гэтага не даводзілася тут бываць. З энтузіязмам і радасцю едзем да вас зноў і, спадзяюся, прыедзем і ў пяты, і ў дваццаты раз.

 

“Будзьма-тур” гуртоў:

 

26-га. Мінск, 19.00, клуб “Юла” – уваход вольны!

27-га. Горадня, міжнародны байк-фэст “Хавайся ў бульбу!”

28-га. Віцебск, бітлз-клуб “Чердачок”

29-га. Берасце, клуб СІТІ

 

Канцэрты арганізаваныя пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”