“Апокрыф” Максіма Багдановіча

09.12.2011 Афіша

Прарокі з’яўляюцца на зямлі тады, калі людзі забываюцца на  свае каштоўнасці. Адмераны ход жыцця, дзе матэрыяльнае перамагае духоўнае, парушаецца  сыходам  Хрыста з  Апосталамі на абраную імі зямлю…

 “АПОКРЫФ”  Максіма Багдановіча —  музычная прэм’ера 9 снежня на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі . Аўтар ідэі і кампазітар — Л. Сімаковіч. Выканаўцы — Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Казінца, Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь — мастацкі кіраўнік і дырыжор Наталля Міхайлава, фальклор-тэатр “Госьціца”,  артысты і майстры беларускай сцэны.

Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца піша сваю навейшую гісторыю, якая  пазначана новымі вяршынямі і пашыранымі  творчымі акрэсамі. Плённасць і плоднасць традыцый, існаванне якіх забяспечваецца толькі свядомым намерам іх захаваць, — узровень надкантэкстнага мыслення, ўзровень Майстра і майстэрства.

Год назад на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі калектыў Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча ажыццявіў яркую і нечаканую версію рок-оперы “Курган”  І. Лучанка -У.Мулявіна паводле паэмы Янкі Купалы. Паэма зажыла новым жыццём, натхнёная новымі выканаўцамі, свежым пастановачным падыходам і сваеасаблівай аркестровай каларыстыкай.

Рок-опера на філарманічнай сцэне — незапланаваная дзёрзкасць і адчайная смеласць зарытмізаванага і даволі прадказальнага культурнага жыцця краіны. Некага  здзівіла, некага збянтэжыла, а каго і насцеражыла.

Узятая вышыня, поспех і розгалас “Кургана”  прыемна ўразілі: калектыў са стажам існавання ў 80 гадоў выходзіць на відавочна новы творчы імпульс, бярэ новае дыханне.  Адным словам,  “новае віно” пачынае бруіцца ў трывалых “мяхах”  традыцый, несумненна , дагледжаных і абароненых.

І неўзабаве — новая маштабная работа — на гэты раз прэм’ерны твор сучаснага  беларускага кампазітара Ларысы Сімаковіч “АПОКРЫФ” паводле прытчы Максіма Багдановіча.  Незабяспечаны ні выпрабаваннем часу, ні пастановачнай “абкаткай”, ні стандартам гучнага чарговага расійскага імя, адмысловы беларускі “прадукт” з беларускімі калектывамі і выканаўцамі —9 снежня на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі — выклікае павагу і захапленне. Жэст, дастойны майстра. Рызыка, дастойная Майстра. Кураж, дастойны Майстра. Вядома: Майстар — не баіцца, баяцца — Майстра.

Кожны кампазітар марыць напісаць “Свадзебку”  Стравінскага. Так сказала Ларыса Сімаковіч, два гады таму назад  ажыццявіўшы сцэнічную версію  “Свадзебкі”  І. Стравінскага,  чым павялічыла рэестр увасобленых  на тэрыторыі Беларусі балетных партытур кампазітара. А сёлета, вярнуўшыся ў іпастась кампазітара, стварыла маштабнае сцэнічнае палатно на аснове маленькай прыпавесці Максіма Багдановіча “АПОКРЫФ” . Прэм’ера мюзікла-прытчы  “АПОКРЫФ” адбудзецца  9 снежня на сцэне  Вялікай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

І толькі Хрыста не будзе на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі.  9 снежня чакаецца адметная прэм’ера мюзікла-прытчы кампазітара  Ларысы Сімаковіч паводле прыпавесці  Максіма Багдановіча “АПОКРЫФ” . Апосталы, Музыка, Народ  са сцэны Вялікай залы Белдзяржфілармоніі будуць спяваць пра красу васілька і важкасць коласа, пра тое, што “няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць спажытак дзеля душы.”  А голас Хрыста з незямных вышынь  магутным гімнам сыйдзе да свайго народа, зазірне ў вочы, запытаецца….