Польскі Інстытут у Мінску і Інстытут Тэалогіі імя CВВ Мяфодыя і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта маюць гонар запрасіць на вернісаж выставы ікон Міжнародных майстар-класаў іканапісу ў Навіцы (Польшча), які адбудзецца 8 чэрвеня 2012 года а 17-й гадзіне ў Мастацкай галерэі Інстытута Тэалогіі (Мінск, пр. Незалежнасці, 24-307).
Выстава “Іконы”, якая прэзентуецца ў Інстытуце тэалогіі ў Мінску ў перыяд з 8 чэрвеня да 8 ліпеня 2012 года, прадстаўляе фрагмент дасягненняў ІІІ Міжнародных майстар-класаў іканапісу, арганізаваных у Польшчы. З 2009 года штогод ў верасні ў Навіцы (Польшча, Малапольскае ваяводства) праходзяць творчыя сустрэчы мастакоў з Польшчы, Украіны і Славакіі, якія працягваюць традыцыі пісання ікон. Працу мастакоў суправаджаюць канферэнцыі і дыскусіі, у якіх удзельнічаюць вядомыя мастацтвазнаўцы і тэолагі. З 2011 года ў праекце ўдзельнічаюць таксама іканапісцы з Беларусі. Да гэтага часу майстар-класы былі прысвечаны галоўным іканаграфічным тэмам, у ліку якіх прадстаўленне Хрыста (2009 г.), Багародзіцы (2010 г.) і пасланцаў Божых Старога Запавету – прарокаў і анёлаў (2011 г.). Арганізатары майстар-класаў, рыхтуючы чарговую сесію, прытрымліваюцца формулы сумеснай працы і малітвы іканапісцаў абодвух колаў традыцыі Усходу і Захаду. У майстар-класах узялі ўдзел звыш 50 мастакоў, а працы, створаныя ў Навіцы, пагледзела больш за 15 тысяч чалавек, якія наведалі пасляпленерныя выставы ў Крыніцы Здроі, Пшэмысьлі, Любліне, Варшаве, Луцку і Львове. Выставу ікон дапаўняюць фатаграфіі горліцкага фатографа Вацлава Бугна, які суправаджае мастакоў ад першай сесіі гэтага мерапрыемства.
Саарганізатарамі майстар-класаў у Навіцы з’яўляюцца: Таварыства сяброў Навіцы, Брацтва грэкакаталіцкай моладзі “Сарэпта”, Кафедра сакральнага мастацтва Львоўскай акадэміі выяўленчага мастацтва, варшаўскія асяродкі “Шляхі Іконы” і іканапісная Школа Хрысціянскага Ўсходу, а таксама мастакі, звязаныя з мінскай майстэрняй IKONIQUE. Удзельнікамі майстар-класаў у Навіцы з’яўляюцца мастакі, якія прэзентуюць праваслаўныя і каталіцкія традыцыі і кіруюцца адной мэтай – аднаўленне іконы як літургічнай выявы, якая з’яўляецца важным элементам сучаснай традыцыі Касцёла.
Выстава будзе працаваць да 8 ліпеня 2012 года.
Польскі Інстытут у Мінску
(017) 2009581, 2006378
www.instpol.by