
Гэтым разам мы крыху пасунемся ў бок немастацкіх мерапрыемстваў, якіх гэтым летам значна болей за мастацкія імпрэзы. Пачнем з рыбак і матылькоў. Можна сказаць, банальшчына, але насамрэч луска і крылцы гэтых насельнікаў зямлі натхняюць мастакоў, дызайнераў і мадэльераў на арыгінальныя творы мастацтва. Чароўных матылькоў можна паглядзець у Музеі гісторыі горада Мінска, а бліскучых рыбак — у Цэнтры акіянаграфіі ”Открытый океан” (вул. Брылеўская, 3). Тэма экалогіі і прыроды таксама раскрытая ў фатаграфіях і літаратурных творах удзельнікаў конкурсу “Зялёнае спажыванне”, паводле вынікаў якога працуе выстава ў кінатэатры “Цэнтральны”.
Усяго некалькі стагоддзяў таму чалавек затрачваў на дарогу дні і тыдні. Пракаціцца і разгледзець зблізку транспартныя сродкі мінулых стагоддзяў вы зможаце на выставе ў Музеі авіяцыйнай тэхнікі, які працуе пад Мінскам у вёсцы Баравая, у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту (Строчыцы), дзе экспануюцца розныя віды беларускага сухапутнага і рачнога транспарту, а таксама на конеферме “Штотц Агро-Сервис”.
У апошнім месцы ў суботу, 6 жніўня, адбудзецца адкрыццё першага Беларускага коннага фестывалю «Honey Horse». З 11.00 да 18.00 там будуць праходзіць разнастайныя цыркавыя і конкурсныя выступы і спаборніцтвы з удзелам коней, рыцараў і прысутных. Уваход вольны, даезд машынай, электрычкай, маршруткай да вёскі Забалоцце.
Тым, каго конь не слухаецца і не вязе, магу прапанаваць падзівіцца на рыцарскае ўзбраенне, тым больш што зацікаўленасць Сярэднявеччам і рыцарствам расце з кожным днём і блізкая геймерам, гісторыкам, аматарам-рэканструктарам і многім іншым. Выстава “Даспехі Заходняй Еўропы XVI — XVIII стст.” адкрылася ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Калі ж маеце магчымасць, то кідайце ўсе справы і, накінуўшы купльнік або плаўкі, рушце ў Крым. Там з 5 да 7 жніўня на беразе Азоўскага мора пройдзе Фестываль музыкі і актуальнага мастацтва «Соседний МИР».