АРТагляд на 8—14 жніўня

08.08.2011 Мастацтва

На гэтым тыдні прапаную выправіцца да падножжа магутных муроў гісторыі, каб пазнаёміцца з беларускім замкавым і палацава-паркавым дойлідствам. Некалі Беларусь называлі “краінай замкаў”, у якой кожны больш-менш буйны магнат меў свой палац.

Самыя славутыя замкі Беларусі знаходзяцца ў Міры і Нясвіжы. За апошнія гады яны перажылі капітальную рэстаўрацыю і рэканструкцыю, якая знішчыла некаторыя артэфакты, але ў цэлым захавала прыгожы, запамінальны архітэктурны вобраз. Мірскі замак наўрад ці ўразіць вас колькасцю экспанатаў у галерэях, але калі вы не палянуецеся прагуляцца да пейзажнага парка, наведаць капліцу Святаполк-Мірскіх, касцёл Святога Мікалая і гарадскую забудову ХІХ ст., пазітыўныя ўражанні вам забяспечаныя.

Летняя рэзідэнцыя Радзівілаў у Нясвіжы адлюстраваная на купюры ў 100 тысяч рублёў. Гэтай сумы, паводле сведчання журналіста Алеся Пілецкага, вам хопіць, каб наведаць гэты помнік, пагуляць па пакоях палаца, падыхаць паветрам у самым буйным ландшафтным парку Альба, наведаць першы барочны касцёл на Беларусі і падсілкавацца ў мясцовай кавярні.

У Гомелі варта паглядзець палац Румянцавых-Паскевічаў. З ім вы знаёмыя па адлюстраванню на 20-тысячнай купюры. Акрамя самога палаца, яго класіцысцкіх інтэр’ераў і багатай археалагічнай калекцыі гэтым летам вы зможаце наведаць адукацыйна-выставачны праект «Планета Японія», падрабязней па спасылцы https://www.palacegomel.by/index.php?newsid=719

За 140 км ад Брэста, на скрыжаванні дарог Пружаны—Слонім і Ваўкавыск—Косава, знаходзіцца Ружанскі палац, які празвалі “Беларускім Версалем” за велічнасць і раскошу забудовы, а за 20 км ад яго — рамантычны палац у Косаве.

На выходных вас чакае Крэўскі замак, узведзены ў канцы XIV ст. на загад літоўскага князя Альгерда. З 13 па 14 жніўня ля падножжа рэшткаў замка адбудзецца фэст “Крэўскі кірмаш — 2011”. Тут жа завяршаецца валанцёрскі летнік, у якім вы яшчэ паспееце ўзяць удзел. Па спасылцы знойдзеце мапу даезду і іншую інфармацыю.

На Гродзеншчыне знаходзіцца яшчэ адзін выдатны помнік абарончага дойлідства XIV ст. — Лідскі замак. Яго рэстаўрацыя ўжо распачатая, і калі памарудзіце, то рызыкуеце застаць перакладзеныя новай цэглай сцены стылізаваныя пад архітэктуру XIV ст., замест аўтэнтычнага мура.