
Арт-тыдзень распачне выстава “Спячы рэжым” Аляксея Губарава. “Нас акаляюць мільёны патрэбных і непатрэбных прадметаў, якія нібыта дапамагаюць нам жыць, але часам здаецца, што яны пачынаюць кіраваць намі…” Праект, прысвечаны тэме чалавечых залежнасцяў, будзе прэзентаваны 16 жніўня а 19-й гадзіне ў галерэі “Ў”. Складаецца ён з дзвюх частак: інсталяцыі ў галерэйнай прасторы і дакументацыі серыі аб’ектаў, усталяваных у розных частках горада, так званы паблік-арт.
“Искусство — это часть реальности, самостоятельная, оригинальная, самобытная. Не повторение окружающего мира. “Самодельная” часть”, — дзеліцца сваімі думкамі мастак-графік Сяргей Балянок. Творчасць гэтага мастака можа навяваць дэпрэсіўныя пачуцці, але разам з тым малюнкі, у якіх ён пакеплівае з чорна-белай рэчаіснасці, выклікаюць усмешку. Пазнаёміцца з творамі С. Балянка вы зможаце на выставе “Няправільная графіка” ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.
Фотавыстава Сафіі Фінбау (Sofia Finbow) працуе да 18 жніўня ў Народным фотаклубе «Мінск». Сафія, ураджэнка Беларусі, жыве ў Англіі і, нягледзячы на тое, што здымае толькі для сябе, імкнецца “нечага дасягнуць”. Калі вы дагэтуль не прызвычаіліся хадзіць у клуб на творчыя сустрэчы прафесійных фатографаў і аматараў, але хочаце творча развівацца, вельмі раю завітаць у клуб.
Выставачны праект Юрыя Маціюна, ураджэнца Магілёўшчыны, «О природе Света» даступны ў галерэі візуальных мастацтваў ”Nova”. У першай частцы праекта — фотаздымкі аб “летнім адпачынку незаможных гараджан, нанізаныя на лінію гарызонту”, у другой — “воблака тэгаў”, утворанае з картак, што кантрастуюць адна з адной. Расклад працы НФМ і галерэі ”Nova” ўдакладняйце на сайтах арганізатараў.
Яшчэ адна ўрачыстая прэзентацыя чакае нас на гэтым тыдні, а менавіта — Iнстытут імя Гётэ ў Мінску запрашае на цырымонію ўзнагароджання ўдзельнікаў конкурсу на найлепшую ідэю аб’екта ў адкрытай прасторы горада Мінска “Арт-горад”. Пераможцам конкурсу стаў студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандр Кудрашоў, які прапанаваў праект інсталяцыі з люстэркаў пад назвай “Калідор вечнасці”. Адкрыццё выставы праектаў адбудзецца 18 жніўня а 17-й гадзіне ў канферэнц-зале Інстытута імя Гётэ па вуліцы Веры Харужай, 25, корпус 3.