Дзень беларускай мовы ў летніку БЛІК для маладых гульцоў у інтэлектуальныя гульні адбыўся сёлета ўжо ў другі раз. Праграма, арганізаваная кіраўніцтвам летніка сумесна з кампаніяй “Будзьма беларусамі!”, уключала інтэлектуальныя гульні на беларускай мове “Медыя-альфабэт” і “Што? Дзе? Калі?” на прызы ад “Будзьмы”, літаратурна-музычную імпрэзу і нават беларускамоўную дыскатэку.
Дзень пачаўся з своеасаблівай інтэлектуальнай размінкі “Медыя-альфабэт”, дзе прыблізна за паўхвіліны ўдзельнікі віктарыны мусілі згадаць асобу па адной літары з яго імя ды аўдыё-візуальных намёках. Пасля гэтага ўжо перайшлі да “Што? Дзе? Калі?”, усе 30 пытанняў у якім былі па-беларуску. Удзел у інтэлектуальных спаборніцтвах узялі 45 каманд.
Літаратурна-музычны дэсант сёлета складаўся з паэтаў Кірылы Анохіна, Уладзі Лянкевіча, Віталя Рыжкова і Антона Рудака. Закрывала вечар Паліна Рэспубліка.
фота – Аляксандр Ждановіч