18 траўня ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” у горадзе Лунінцы адбыліся сустрэчы з маладой беларускай паэткай Валярынай Куставай.
Імпрэзы прайшлі ў актавай залі мясцовага ліцэю – з выкладчыкамі і навучэнцамі ўстановы, а таксама з вучнямі мясцовай музычнай школы, а потым у школе №1 горада Лунінца – выступ перад настаўнікамі і вучнямі 8-9 класаў. На сустрэчы ў ліцэі таксама прысутнічалі ўдзельнікі паэтычнага гуртка “Натхнення”, якія пачыталі свае вершы для ўсіх прысутных.
Валярына расказала пра дзейнасць і праекты кампаніі “Будзьма беларусамі!”, падзялілася сваімі новымі творамі, раскзала пра жыццё сучаснага беларускага пісьменніка, адказала на пытанні случахоў, а таксама правяла конкурсы, самыя кемлівая атрымалі падарункі ад “Будзьмы” – цішоткі, паштоўкі і торбачкі. Дзеці ўразілі сваім культурніцкім узроўнем і веданнем гісторыі Беларусі. Моладзь цікавіла тэма магчымасці рэалізацыі маладых беларусаў, надзеленых творчым патэнцыялам, у сваёй краіне і за яе межамі.
Прыемным сюрпрызам было з’яўленне на сустрэчах Юрася Меляшкевіча, ідэйнага натхняльніка еўраклубаў у Беларусі. Юрась разыграў прызы з вучнямі, якія адказалі на пытанні на еўрапейскую тэматыку.
Гасцей сустрэлі вельмі прыязна. Гаспадары правялі экскурсіі па горадзе, паказалі Цэнтр дзіцячай творчасці (устаноўка сонечнай станцыі, якую можа выкарыстоўваць замест АЭС) і народны музей з унікальнымі экспанатамі: калаўротамі, кудзелямі, цапамі, дзежкамі… А напрыканцы усіх чакаў сюрпрыз – у цэнтры Лунінца выпаў снег – і Валярына і Юрась не прамінулі пагуляць у снежкі. Так да Лунінца дабралася не толькі Еўропа, але і Скандынавія.
Вучні і настаўнікі запрасілі сталічных гасцей прыехаць яшчэ – у новым навучальным годзе.
Фота Волі Рыхтэр, Юрася Меляшкевіча і Валярыны