“У нескладовае” — новы праект экс-гітарыста “ J_Морс” Рамана Арлова, прэзентаваны 23 красавіка ў клубе “Рэактар” у межах фэсту “Дастыш фантастыш!” (прымеркаванага да выхаду аднайменнага беларускага фільму) пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”. У праекце “У нескладовае” бяруць удзел сярод іншых Вадзім Марголін (экс-“Postscriptum”) Ганна Хітрык, Юля Глушыцкая, Андрэй Сапоненка (“Дзецідзяцей”), Віктар Рудэнка (“Далі”), Яўген Чалышаў (“Харлі”), Лёша Стокс (“Стокс”), Канстанцін Гарачы, Слава Сергяенка.
Выхад дэбютнага альбому гурта запланаваны на кастрычнік. Падчас выступу стваральнік праекту прэзентаваў песню пра экзатычную літару беларускага алфавіту “Ў”. Раман Арлоў:
— Песня прэзентуецца беларускаму народу, а таксама кампаніі “Будзьма беларусамі!”. А прысвечана яна літары “Ў”. Гэтая літара — модны трэнд. Існуе такая мастацкая галерэя, у Полацку ёсць помнік гэтай літары. Што да кампаніі “Будзьма”, то ідэі праекту “У нескладовае”, на мой погляд, супадаюць з ідэямі кампаніі. Першасны этап — сабраць усіх, хто з’яўляецца беларусам. І зараз — этап пашырэння. Сёння, напрыклад, няма майго сябра Лёшы Стокса з Масквы, які там знаходзіцца стацыянарна. Але ён ужо запісаў для “У нескладовага” беларускамоўную песню. Для яго гэта прынцыпова новы досвед.
Ганна Хітрык і Віктар Рудэнка бяруць удзел у прэзентацыі песні “У нескладовага”
Прэзентацыя трэку да “Дастиш фантастиш”, выступ новага праекту экс-джэйморсаўца Рамана Арлова, а таксама знаёмыя спевы і песні да фільму ад гуртоў “Нака” , “Крамбамбуля”і “Дзецідзецей” зрабілі з канцэрту слаёны пірог: што ні выступоўца – то навінка ці прэзентацыя.
Праз жанравую блізкасць у ідэалагічных поглядах і матывах фільму да агульнай праграмы далучыліся майстры трэшу і аграгарадковай іроніі — гурт “Разбітае сэрца пацана”. Іранічныя матывы песеннай творчасці музыкаў расфарбаваў танцамі, рухамі і скокамі трэш-балет, дзявочы дуэт “ЭВМ”.
РСП і ЭВМ
Перакрыжаванні року, суму, жаноцкай лірыкі і гарадскога рамансу гурта “Нака” сцерлі жартаўлівыя сляды папярэднікаў спакуслівай да глыбінных развагаў мелодыкай і эмацыйнымі спевамі. Кіно “Дастыш фантастыш” — аповед пра вёску “375 километр”, дзе глебу аруць на танку, а таксама — галоўнага героя Ваньку, цалкам нестандартныя семачкі, з якіх вырастаюць кардынальна нефарматныя дрэвы. У новай прадукцыі ад “Беларусьфільма” “Крамбамбуля” ганяе на гламурным ружовым танку, а гурт “Naka” выконвае, напісаную для фільму, кампазіцыю “Клочьями”.
Наста Шпакоўская, Naka
Пра цікавасць да новага прадукту айчыннай кінаіндустрыі распавёў арганізатар канцэрту і аўтар праекту “У нескладовае” Раман Арлоў: — Мне здаецца, што гэта агульная сітуацыя. Пакрысе беларуская культура мяняецца. Прыходзяць свежыя мазгі. Напрыклад, яны прыходзяць у кінематограф. Я не магу сказаць, што я ў татальным захапленні ад фільму “Дастиш Фантастиш”, але прынамсі — гэта свежая энергія. Таму, калі да нас звярнуліся з прапановай далучыцца да арганізацыі канцэрта і да фармавання саўндтрэка, я згадзіўся гэтым займацца. Калектыў “У нескладовага” змянілі прыкалісты і артысты з “Дзецідзецей”. Музыкі-артысты заспявалі колькі вядомых песень, а таксама новыя кампазіцыі па-беларуску “Рух”, “Раптам” ды інш.
Дзецідзецей
Ганна Хітрык з гурта “Дзецідзецей”:
— У каго чэшуцца кулакі, можа, хто хоча бойкі? А то я словы забыла, хто вінаваты? Можа ты з фоцікам, а то яго можна будзе прадаць і бязбедна існаваць месяцы.
Ўладзімер Пугач (J-Mors) спявае крамбамбулеўскую песню
Мэтры беларускай шоў-сцэны і майстры жартаў гурт “Крамбамбуля” запалілі павольныя танцы”Абсэнтам”ды прайшліся крамбамбулеўскай класікай ад “Старых хіпаноў” да авантурыстычных “Турыстаў”. Адмыслова для “Дастиш Фантастиш” Лявон Вольскі напісаў тры песні. Кампазіцыі “Азалаціцца” і “Раз, два, тры, усе за стол” прагучалі у межах канцэрту.
Лявон Вольскі
Лявон Вольскі: — Спачатку гук будзе паганы, потым выраўняецца, а напрыканцы будзе як з дыску. Мы выканаем дзве песні з трох, якія прагучалі ў фільме. “Покуль зямля будзе кружыцца, кожнаму хочацца азалаціцца” — гучыць мудрасць Лявона ў трэку да кінастужкі.
На першым здымку — Раман Арлоў