25 снежня ў клубе “Рэактар” адбудзецца штогадовы карнавал “Калядны фэст”. Граюць многія вядомыя музыкі. Вітаецца наяўнасць масак. Пажаданы эксцэнтрычныя паводзіны, бязглуздыя ўчынкі і спажыванне старадаўніх напояў!
Фольк- і рок-гурты будуць сустракаць Каляды музыкай, танцамі і рытуальным смехам. Задача кожнага музыкі паказаць характэрную для Калядаў барацьбу хаосу і парадку. Заслаўскі гурт “Рада” прапануе фальклорную калядную праграму. “Стары Ольса” выканае творы з “Полацкага сшытку”. “Тэстамэнтум Тэррэ” пазнаёміць з кампазіцыямі, падрыхтаванымі да новага дыску. Дзявочы гурт старадаўняй музыкі “Расалія” выканае танцавальную праграму, а тэатр “Гістрыён” навучыць жадаючых старадаўнім танцам. Гурт “Зніч” прапануе брутальна-рокавае прачытанне фальклору. Музыкі гурту “ЛітвінТроль” прэзентуе праграму свайго запісанага, але яшчэ не выдадзенага дыска.
Калядны фэст пачнецца а 18-й гадзіне.