Гэты дзень у беларускай гісторыі.

1839: нарадзіўся Мікалай Пржавальскі, расейскі географ і вандроўнік беларускага паходжаньня.
Пржавальскі, Мікалай Міхайлавіч (па-расейску: Николай Михайлович Пржевальский) (12 красавіка (31 сакавіка па старым стылі) 1839 – 1 лістапада (20 кастрычніка па старым стылі) 1888) — падарожнік і географ, дасьледчык Цэнтральнай Азіі, асьветнік, ганаровы член Пецярбурскай Акадэміі навук (з 1878), генэрал-маёр.
Паходзіў са старажытнага роду Перавальскіх/Пржавальскіх. Нарадзіўся ў вёсцы Кімбарава (Кімборы, цяпер Пржавальское) Смаленскай губэрні ў сям’і дробнага шляхціца, які паходзіў з Віцебшчыны. У 1855 Пржавальскі скончыў гімназію ў Смаленску і паступіў на вайсковую службу. У 1861 – 1863 ён слухач Акадэміі Генэральнага штаба ў Пецярбургу. У гэтыя гады ім складзены «Ваенна-статыстычны агляд Прыамурскага краю», які стаў падставай для яго абраньня у 1864 членам Расейскага геаграфічнага таварыства, зь якім у далейшым была зьвязана ўся яго дзейнасьць. У 1864 – 1867 выкладаў геаграфію і гісторыю ў юнкерскім вучылішчы ў Варшаве. Знаёмства ў 1867 з П.П.Сямёнавым-Цян-Шанскім паўплывала на фармаваньне Пржавальскага як вучонага з шырокім кругаглядам. На працягу 1867 – 1888 Мікалай Пржавальскі ажыцьцявіў 5 вялікіх экспэдыцый: у 1867 – 1869 Усурыйскую, у 1870 – 1873 Манґольскую, у 1876 – 1877 Лабнорскую і Джунґарскую, у 1879 – 1880 першую Тыбэцкую, у 1883 – 1885 другую Тыбэцкую. Раптоўная сьмерць перашкодзіла вандроўніку зьдзейсьніць пачатую ім у 1888 першую экспэдыцыю па Цэнтральнай Азіі.
1890: нарадзіўся Янка Нёманскі, беларускі пісьменьнік.
Нёманскі, Я́нка (сапраўднае імя Пятро́віч, Іва́н Андрэ́евіч) (12 красавіка (31 сакавіка па старым стылі) 1890 – 30 кастрычніка 1937) — празаік, публіцыст, эканаміст, грамадзкі дзяяч.
Нарадзіўся ў мястэчку Шчорсы Наваградзкага павету Менскай губэрні.
У 1909 годзе скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю; у 1915 – 16, 1918 гадах вучыўся на гісторыка-філялягічным факультэце Петраградзкага ўнівэрсытэту. У 1916 годзе мабілізаваны ў армію, накіраваны ў школу прапаршчыкаў. У 1918 годзе — загадчык выдавецкага аддзелу Беларускага нацыянальнага камісарыяту. У 1918 – 19 гадах разам з Цішкам Гартным выдаваў газэту «Дзяньніца». Там з 1918 году пачаў друкаваць публіцыстычныя творы. У 1919 – 21 гадах — у Чырвонай арміі. З 1922 году ў Менску; працаваў у плянава-эканамічных ворганах. Намесьнік старшыні Дзяржпляну БССР. Член Інбелкульту. Акадэмік Беларускай Акадэміі Навук з 1928 году. У 1929 – 31 гадах — неадменны сакратар Беларускай Акадэміі Навук. З 1931 году — загадчык аддзелу эканомікі НДІ прамысловасьці. У 1933 – 36 гадах узначальваў катэдру фінансавых дысцыплін у Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі.
Зь першым апавяданьнем «Над Кроманьню» выступіў у 1922 годзе (часопіс «Полымя»). У 1927 – 32 гадах сябра праўленьня літаратурнага аб’яднаньня «Полымя». На працягу 1928 – 30 гадоў пісаў раман «Драпежнікі», які застаўся няскончаным (рукапіс другой часткі быў спалены энкавэдыстамі пасьля арышту). Арыштаваны 26 красавіка 1937 году. Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 29 кастрычніка 1937 году прысуджаны да расстрэлу. Расстраляны ў НКВД Менску.
Рэабілітаваны 16 сакавіка 1957 году.
Сусьветны дзень авіацыі і касманаўтыкі.