Сёння Дзень роднай мовы, нарадзіліся Філафей, Мікалай Паграноўскі, памёр Юрый Тарыч…
1905: Нарадзіўся Філафей, іерарх БАПЦ.
Філафей (1905-1986), праваслаўны святар, іерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ), рэлігійны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст. У свецкім жыцці – Уладзімір Нарко.
Нарадзіўся 21.02.1905 у мястэчку Ілья (паводле іншых звестак – у в. Занарач) Вілейскай губ. Паходзіў з сям’і праваслаўных беларусаў. Бацька Еўдакім Нарко працаваў псаломшчыкам у Ільінскай царкве Віленскай епархіі. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома. Пазней вучыўся ў гімназіі Фердынанда Велера ў Вільні. Вытрымаў экзамен за курс сямі класаў навучання. У верасні 1921 г. залічаны выхаванцам Віленскай духоўнай праваслаўнай семінарыі. Прадоўжыў вучобу на багаслоўскім факультэце Варшаўскага ўніверсітэта (1925-1929). У 1-й палове 1930-х гадоў пастрыгся ў манахі і прыняў імя Філафей. Жыў у манастыры св. Ануфрыя ў мясцовасці Яблачын Варшаўска-Холмскай епархіі. Пэўны час выконваў святарскія абавязкі ў Галіччыне. У апошнія перадваенныя гады жыў у Варшаве. Служыў настаяцелем беларускага праваслаўнага прыхода. У 1941 г. рукапаложаны ў сан епіскапа. У гады Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у аднаўленні і фармаванні царкоўнага кіраўніцтва БАПЦ. Удзельнік Усебеларускага царкоўнага сабора (Менск, 1942). На саборы прызначаны епіскапам Магілеўскім і Мсціслаўскім. Узведзены ў сан архіепіскапа. З 1944 г. – у эміграцыі. Разам з трыма іншымі іерархамі епіскапата БАПЦ у 1946 г. перайшоў у Расейскую праваслаўную зарубежную царкву. Царкоўная дзейнасць архіепіскапа Філафея ў справе беларускага рэлігійнага жыцця характарызавалася непаслядоўнасцю, што ў выніку прывяло яго да разрыву з БАПЦ. З канца 1940-х гадоў стала жыў у Германіі. Па прычыне хваробы ў 1982 г. выйшаў на пенсію. Памёр 24.09.1986 у г. Гамбург.
1918: Выканаўчы камiтэт Рады Усебеларускага з’езда апублiкаваў I Устаўную грамату, якой абвясцiў сябе часовым урадам Беларусi, сфармiраваў урад — Народны сакратарыят Беларусi.
Даведка:
Беларускі Народны Сакратарыят, выканаўчы орган, створаны 8(21).2.1918 у Мінску Выканаўчым Камітэтам Рады Першага Усебеларускага з’езду. Стварэнне Сакратарыяту было абвешчана ў 1-й Устаўнай грамаце да народаў Беларусі. Пасада, раўназначная пасадзе міністра, называлася народны сакратар.
Магчымасць склікання такога органа з’явілася пасля эвакуацыі Аблвыканкамзаха ў ноч на 6(19).2.1918, пасля пераходу ў наступленне нямецкага войска (гл.таксама: Брэсцкі мір). Сакратарыят абвясціў сябе вярхоўнай уладай у краі да “склікання на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сходу Беларусі”
Сакратарыят быў першым урадам БНР і, фактычна, першым уласна беларускім урадам, аднак ён не быў фармальна прызнаны як паўнамоцны орган ані савецкай уладай у Маскве, ані нямецкай акупацыйнай уладай. У кастрычніку 1918 перайменаваны ў Раду народных міністраў БНР.
Першы Старшыня — Я. Варонка, з ліпеня 1918 — Р. Скірмунт, з кастрычніка 1918 — А. Луцкевіч.
1952: Нарадзіўся Мікалай Паграноўскі, беларускі мастацтвазнавец.
1967: Памёр Юрый Тарыч, беларускі кінарэжысёр, сцэнарыст, заснавальнік беларускай мастацкай кінематаграфіі.
Юрый Віктаравіч ТАРЫЧ, сапраўдн. прозвішча АЛЯКСЕЕЎ, , беларускі і савецкі кінарэжысёр і сцэнарыст.
Вучыўся на юрыдычным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта (1903—1905). За ўдзел у рэвалюцыйных хваляваннях у Варшаве (1905) быў сасланы ў Табольскую губерню. З 1907 быў акторам у Табольску, затым у Чыце, Ліпецку, Тамбове, Вільні. З 1918 зноў у Маскве, актор і рэжысёр шэрагу вядучых тэатраў (працаваў у тым ліку з У. Мейерхольдам).
З 1923 у кінематографе: спачатку кінасцэнарыст, затым і рэжысёр. З сяр. 1920-х працаваў у Ленінградзе, у тым ліку на студыі «Белдзяржкіно» якая знаходзілася тады там; адзін з заснавальнікаў кінематаграфіі Беларусі: у 1926 паставіў першы беларускі ігравы фільм «Лесная быль» (па аповесці М. Чарота). У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у стварэнні «Боевых киносборников», у 1943—1945 узначальваў кінастудыю «Монголкино». Пазней працаваў на кінастудыях «Союздетфильм», «Беларусьфільм», з 1954 на Маскоўскай студыі навукова-папулярных фільмаў.
Заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР (1935). Узнагароджаны ордэнамі і медалямі.
2000: Міжнародны дзень роднай мовы, міжнародны дзень матчынай мовы — адмысловы дзень абвешчаны на 30-й сэсii ЮНЭСКА па прапанове Бангладэш (1999). Мае на мэце заахвочванне лінгвістычнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыянне ўсьведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, талерантнасці і дыялогу. Дзень святкавання — 21 лютага быў абрана таму, што ў гэты дзень у 1952 загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданьне мове бангла статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.