Каляндар. 23 сакавіка

22.03.2009 Каляндар

Гэты дзень у беларускай гісторыі.

1906: Нарадзіўся Ісак Любан, беларускі кампазітар.

1942: памёр Антон Луцкевіч, беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, навуковец, выдавец (нар. 17(29).1.1884)

Антон Іванавіч ЛУЦКЕВІЧ (17 (29) студзеня 1884, Шаўлі Ковенскай губ. (цяпер Шаўляй, Літва) — 23 сакавіка 1942, перасыльны пункт Актарска Саратаўскай вобл. Псеўданімы: Антон Навіна; А.Иванов; Антон Белорус; Генрык Букавецкі; Кумельган; Ів.Мялешка; крыптанімы: А.Л.; А.Н.; А.Н-А; А.Н-а; А-н-а; Б.Г.; Г.Б.; Г-бэ; Г.; Г.В.; Н.; Н-а-А; Н.А.; A.L.; A.N.; H.B.), беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратурны крытык, гісторык, лінгвіст, выдавец.
Паходзіў з шляхецкага роду герба “Навіна”. Брат Івана Луцкевіча. У 1902 скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Пецярбургѓскага універсітэта, юрыдычным факультэце Дэрпцкага універсітэта. Адзін з заснавальнікаў у 1903 БРГ. Арыштаваны ў Мінску ў 1904 за распаўсюджванне партыйнай літаратуры; выпушчаны з пазбаўленнем права пакідаць горад. У лютым 1906 перайшоў на нелегальнае становішча, пераехаў у Вільню. Уваходзіў у склад рэдакцый газ. “Наша доля” і “Наша ніва”. Першы артыкул апублікаваў у 1906 у №1 газеты “Наша доля”. Пасля акупацыі Вільні ў 1915 нямецкімі войскамі ўзначаліў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Адзін з выдаўцоў газеты “Гоман”. У 1917 быў старшынёй Віленскай беларускай рады. У 1918 быў ініцыятарам абвяшчэння незалежнасці БНР; з кастрычніку 1918 старшыня Рады народных міністраў і міністр замежных спраў БНР. У пачатку верасня 1919 інтэрнаваны ў Варшаве; 1 снежня 1919 вярнуўся ў Мінск. У ліпені – жніўні 1920 зняволены бальшавікамі. З 1921 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. У 1921 арганізатар Беларускага музея імя І. Луцкевіча. У 1922 узначаліў у Вільні Беларускі выбарчы камітэт. З 1925 працаваў у рэдакцыйным камітэце БСРГ. Арыштаваны польскімі ўладамі ў кастрычніку 1927; апраўданы судом у пач. 1928. У 1928 арыштоўваўся яшчэ раз, адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці. Праяўляў вялікую актыўнасць у галіне культурна-публіцыстычнай, між іншым быў старшынёй Беларускага навуковага таварыства. У 1930 польскія ўлады забаранілі дзейнасць Беларускага выдавецкага таварыства, якім кіраваў Антон Луцкевіч. У 1931 звольнены з работы ў Віленскай беларускай гімназіі. Антон Луцкевіч стаў аб’ектам палітычных спекуляцый і нападаў; у 1933-1939 беларускія газеты яго не друкавалі. Арыштаваны 30 верасня 1939 савецкімі ўладамі ў Вільні; этапіраваны ў Мінск. Рашэннем Асобай нарады пры НКУС СССР 14 чэрвеня 1941 прыгавораны да 8 гадоў зняволення. Памёр у зняволенні (дакладная дата і месца смерці стала вядомая нядаўна). Рэабілітаваны ў 1989.

1942: памёр Сяргей Законнікаў (мян. Сяргей Ракіта), беларускі паэт

1978: памёр Рыгор Шырма, збіральнік і прапагандыст беларускай народнай песні, народны артыст БССР (нар. 20.1.1892)

Рыгор Раманавіч ШЫРМА (8(20) студзеня 1892, в. Шакуны Пружанскага пав. Гродзенскай губ. (цяпер Пружанскі р-н Брэсцкай вобл.) — 23 сакавіка 1978, Мінск; Псеўданімы: Р. Баравы; Вучыцель. Крыптанімы: В.М.; В.-ч; Г.Ш.; Р.Ш.), беларускі харавы дырыжор, фалькларыст, грамадскі і музычны дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец.
У 1911-1912 быў слухачом двухгадовых настаўніцкіх курсаў у Свянцянах. Паступіў у Седлецкі настаўніцкі інстытут (скончыў у 1918). У канцы 1-ай сусветнай вайны мабілізаваны ў армію. Пасля вайны актыўна ўключыўся ў беларускі рух, у 1922 дзейнічаў у Беларускім выбарчым камітэце. У 1924 арганізаваў хор у Пружанах. З 1926 выкладчык спеваў Віленскай беларускай гімназіі, выхавацель у інтэрнаце гімназіі. Стваральнік харавых калектываў, у тым ліку хору Беларускага саюза студэнтаў у Вільні. У 1926-1937 быў сакратаром Галоўнай управы Таварыства беларускай школы. Выдаваў зборнікі беларускіх песьняў. Стварыў і кіраваў двума хорамі ў Вільні: вучнёўскім пры гімназіі і студэнцкім. Быў звольнены з пасады настаўніка гімназіі. Арыштоўваўся польскімі ўладамі ў 1930 і 1933. З літаратуразнаўчымі артыкуламі і рэцэнзіямі пачаў выступаць у друку з 1933. У 1933 разам з Ф. Стацкевічам пачаў выдаваць часопіс “Летапіс ТБШ” (з 1936 “Беларускі летапіс”). Наладжваў беларускія музычныя перадачы на польскім радыё, супрацоўнічаў са спеваком М. Забэйдам-Суміцкім. У сярэдзіне 1930-х адзін з першых дзеячаў культуры падтрымаў праграму Народнага фронту, актыўна супрацоўнічаў як публіцыст з народнафронтаўскай газетай “Наша воля”. Выдаў для школьных і самадзейных хораў зборнікі “Беларускія народныя песні” (1929) і “Наша песня” (1938). У 1940 арганізаваў і ўзначаліў (да 1970) Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу БССР (з 1978 яго імя).

Арыштаваны ў 1941, сядзеў на Лубянцы. Вызвалены па хадайніцтве Я. Коласа перад П. Панамарэнкам. Сабраў больш за 2 тыс. беларускіх народных песень. У 1966-1978 старшыня праўлення Саюза кампазітараў БССР і сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР. Народны артыст СССР (1955), Герой Сацыялістычнай Працы (1977), заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1946). Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

1990: Заснаванне Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі.

1991: У Мінску пачаўся II з’езд Беларускага Народнага Фронту “Адраджэнне”.

2005
: У Танзаніі разбіўся самалёт Іл–76 малдоўскай авіякампаніі з беларускім экіпажам.

2007: У Самалі збіты самалёт Іл–76 беларускай авіякампаніі “Трансавіяэкспарт”.