Гэты дзень у гісторыі Беларусі.
1768: Па дамове паміж Расеяй і Польшчай на тэрыторыі Рэчы Паспалітай праваслаўныя і каталікі атрымалі аднолькавыя правы.
1872: Нарадзіўся Васіль Андрэявіч Залатароў, беларускі кампазытар, народны артыст Беларускай ССЗ. Памёр у 1064 г.
Васіль ЗАЛАТАРОЎ (7 сакавіка 1872, Таганрог — 25 мая 1964), беларускі кампазітар і педагог.
У 1933-1941 вёў клас кампазіцыі ў Беларускай кансерваторыі. У беларускую музычную культуру ўвайшлі яго балеты “Князь-возера” (1949) “Аповесць пра каханне” (1953), “Палымяныя сэрцы” (1955), сімфонія “Беларусь” (1934).
1924: Прэзыдыюм ЦВК СССР выдаў пастанову “Аб аб’яднанні ў складзе БССР усіх тэрыторый з большасцю беларускага насельніцтва”.
Узбуйненне БССР — павелічэнне плошчы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў 1924 (Першае ўзбуйненне БССР) і 1926 (Другое ўзбуйненне БССР).
Тэрыторыя і насельніцтва БССР
1921: 52,4 тыс. км² – 1,5 млн. ч.
1924: 110,6 тыс. км² – 4,2 млн. ч.
1926: 126,3 тыс. км² – 4,9 млн. ч.
1939: 223 тыс. км² – 10,2 млн. ч.
1991: 207,6 тыс. км² – 10,3 млн. Ч
Пасля Рыжскага дагавору этнічна беларускія землі былі падзеленыя на тры часткі — заходнюю ў складзе Польшчы, усходнюю ў складзе Савецкай Расіі (перададзены у склад РСФСР яшчэ ў снежні 1919), і частку былой Мінскай губерні ў складзе ўласна БССР (6 паветаў — Бабруйскі, Барысаўскі, Iгуменскі, Мазырскі, часткова Мінскі і Слуцкі).
У 1920-я гг. тэрыторыя БССР два разы ўзбуйнялася за кошт усходніх этнічна беларускіх земляў. У снежні 1923 палітбюро ЦК РКП(б) пагадзілася з прапановай ЦБ КП(б)Б аб далучэнні да БССР “роднасных ёй у бытавых, этнаграфічных і гаспадарча-эканамічных адносінах” тэрыторыі, а менавіта Горацкі і Мсціслаўскі паветы Смаленскай губерні, Віцебскую губерню цалкам і Гомельскую губерню цалкам за выключэннем чатырох паветаў былой Чарнігаўскай губерні. Аднак хутка спецыяльная камісія ЦВК СССР перагледзела рашэнне палітбюро. У выніку па-за межамі БССР пакідаліся Веліжскі, Невельскі, Себежскі паветы Віцебскай губерні, Гомельскі і Рэчыцкі паветы Гомельскай губерні і большая частка Мсціслаўскага павета Смаленскай губерні. Такім чынам, рашэнне аб узбуйненні было прынята ў Маскве і ў сакавіку 1924 яно было прынята ЦВК СССР. Рашэнне фармальна зацвердзіў VI надзвычайны з’езд саветаў БССР. Тэрыторыя БССР у выніку першага ўзбуйнення павялічылася да 110 584 км², а насельніцтва – да 4,2 млн. чалавек. 70,4% насельніцтва БССР складалі беларусы. Аднак Гомельскі і Рэчыцкі паветы заставаліся па-за межамі БССР.
Пасля дзяржаўнага перавароту ў Польшчы ў 1926 і пагаршэння адносін з СССР саюзнае кіраўніцтва вырашыла другім узбуйненнем БССР актывізаваць беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі і паменшыць падтрымку польскіх улад насельніцтвам. Менавіта таму ініцыятарам другога узбуйнення БССР быў НКЗС СССР, які 8 верасня 1926 прыняў пастанову аб неабходнасці настойваць у палітбюро ЦК ВКП(б), каб Гомельскі і Рэчыцкі паветы былі далучаны да БССР. Створаная камісія на чале з Я.Пэтэрсам знайшла на Гомельшчыне ў значнай ступені русіфікаванае насельніцтва. Аднак ЦК КП(б)Б здолеў пераканаць ЦК ВКП(б) аб неабходнасці далучэння Гомельшчыны да БССР. 4 снежня 1926 на аб’яднаным пленуме Гомельскага губернскага і гарадскога камітэтаў КП(б)Б выступіў сакратар ЦК ВКП(б) М.Швернік, які праінфармаваў аб пастанове палітбюро далучыць Гомельскі і Рэчыцкі паветы да БССР. Такім чынам, адбылося другое узбуйненне БССР. У выніку другога узбуйнення тэрыторыя БССР павялічылася на 15 727 км², а насельніцтва – на 649 тыс. чалавек.
1931: Створаная Беларуская тэлеграфная агенцыя (БелТА).
Матэрыял аб гэтай падзеі тут.
1931: Памёр Павел Дземідовіч, даследнік беларускай этнаграфіі і фальклору
1943: Забіты Фабіян Акінчыц, беларускі палітычны дзеяч, юрыст, выдавец, публіцыст (нар. 20.1.1886)
Фабіян АКІНЧЫЦ (20 студзеня 1886, в. Акінчыцы Мінскага пав. (цяпер у межах Стоўбцаў) — 7 сакавіка 1943, Мінск), беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, рэдактар.
Па адукацыі юрыст, скончыў Пецярбургскі універсітэт (1913). У 1906-1917 член партыі эсэраў. Па некаторых вестках, у 1918 годзе ўзначаліў адзін з камісарыятаў у Ноўгарадзе. З 1923 жыў на Стаўбцоўшчыне: дырэктар пачатковай школы ў в. Засулле, у 1926 адкрыў у Стоўбцах бюро юрыдычных парад. У жніўні 1926 уступіў у Беларускую сялянска-работніцкую грамаду, а ў верасні таго ж года пераехаў у Вільню, дзе ўзначаліў юрыдычны аддзел Цэнтральнага сакратарыята БСРГ. Член Галоўнай управы і Надзорчай рады Таварыства беларускай школы. За сваю дзейнасць у студзені 1927 арыштаваны польскай паліцыяй і ў маі 1928 года асуджаны на 8 гадоў зняволення. Але ў 1929 годзе тэрмін зняволення быў скарочаны на 2 гады. Прэзідэнт Польшчы І. Масціцкі сваім распараджэннем датэрмінова вызваліў Акінчыца ў ліпені 1930 года. Пасля вызвалення займаўся публіцыстыкай, уваходзіў у рэдкалегіі газэт “Наперад”, “Народны звон”, “Беларускі звон”. У маі 1931 стварыў прапольскую групу “Адраджэнне”. Пазней перайшоў на погляды нацыянал-сацыялізму ды з 1933 года выдаваў разам з У. Казлоўскім часопіс адпаведнай прыхільнасьці “Новы шлях”. Распачаў працу па стварэнні Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, якую ў кастрычніку 1937 забаранілі польскія ўлады. У ліпені 1939 стаў старшынёю Беларускага бюро прапаганды пры Міністэрстве прапаганды ў Берліне. У пач. 1940 быў старшынёй Беларускага камітэту ў Варшаве. Падчас наведвання Мінска быў застрэлены партызанамі.
Пра дзейнасьць Ф. Акінчыца ў гады вайны чытайце тут.
1966: нарадзіўся Ўладзімір Драчоў, беларускі біатланіст. Неаднаразовы чэмпіён свету.
1991: Памёр Анатоль Грачанікаў, беларускі паэт, галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”.
2008: У адказ на амэрыканскія санкцыі Беларусь адазвала ў Мінск для кансультацый амбасадара ў ЗША Міхаіла Хвастова. Адначасова Беларусь настойліва прапанавала амбасадару ЗША Карэн Сьцюарт пакінуць нашу краіну з той жа мэтай. Што яна і зрабіла 12 сакавіка.