У Дзень горада, 11 верасня, пакуль мінчукі забаўляліся на спартыўных мерапрыемствах, кідалі мабільнікі і проста гулялі па любімай сталіцы, адзін з найстарэйшых на постсавецкай прасторы Народны фотаклуб «Мiнск» адзначыў 50-годдзе з дня свайго стварэння.
Надзея Дзегцярова
З гэтай нагоды ў Музеі гісторыі горада (вул. Рэвалюцыйная, 10) адкрылася юбілейная выстава «Крокі-50», якая супала з прэзентацыяй фотаальбома — своеасаблівага даследавання фатаграфічных дасягненняў клуба за паўстагоддзя.
Як жа тут не ўзгадаць дзейныя 60-я: масавае захапленне фатаграфіяй, першага старшыню фотаклуба — акадэміка Васіля Феафілавіча Купрэвіча, Прэзідэнта АН БССР, гарачага фотааматара — і яго паплечніка, мастацкага кіраўніка, аднаго з найстарэйшых беларускіх майстроў фатаграфіі — Ісака Іосіфавіча Салавейчыка.
Яўген Карпавіч Казюля, старшыня Народнага фотаклуба «Мiнск»
«У клубе тады было больш за 300 чалавек. З яго фактычна вырасла айчынная творчая фатаграфія — вось самае галоўнае, што зрабіў фотаклуб за час свайго існавання», — лічыць вядомы беларускі фатограф Юрый Сяргеевіч Васільеў.
Гэта не адзіны юбілей, адзначаны фотаклубам у гэтыя дні. 45 гадоў таму Яўген Казюля і Юрый Васільеў маладымі таленавітымі фатографамі прыйшлі ў фотаклуб, каб ствараць. Вынікам іх актыўнасці стаў праект «Фатаграфіка» (6 выставаў, 1971–1989 гады), які, па словах цяперашняга старшыні фотаклуба Яўгена Карпавіча Казюлі на доўгія гады замацаваў за Мінскам славу «фатаграфічнай Мекі». «Рэтраспектыўная выстава «Фатаграфіка – праз 40 гадоў» адкрыецца ў кастрычніку. Думаю, яна будзе вельмі цікавая і сённяшняму гледачу», — кажа Яўген Казюля.
Пасля цяжкіх 90-х у Беларусі з 27 фотаклубаў, засталося толькі 3. Цяпер час клуб налічвае каля сарака чалавек. «Наш фотаклуб выжыў дзякуючы запалу самых вопытных яго сябраў. Без іх ён бы разваліўся і перастаў існаваць. У першую чаргу гэта Юрый Васільеў, Яўген Казюля і Сяргей Качаргін — той касцяк, вакол якога аб’ядналіся ўсе астатнія», — узгадвае Анатоль Пракоф’евіч Дрыбас.
Марына Бацюкова
Сапраўды, за паўсотні гадоў зроблена нямала. Дастаткова назваць толькі некалькі працаў, якія без перабольшання можна аднесці да нацыянальных здабыткаў беларускай культуры: «Нарачанскія ўдовы» Анатоля Дудкіна, «Хатынь» і «Нёманскі шлях» Яўгена Казюлі, «Людзі беларускіх вёсак» Уладзіміра Няхайчыка, цыкл «Палессе» Валерыя Лабко, сацыяльная фатаграфія Віктара Бутры, серыя краявідаў «Нарачанскія зоры» Сяргея Качаргіна; клубныя калекцыі: «Аўгустоўскі канал», «Беларускі шлях Яна Булгака». А таксама калектыўныя тэматычныя выставы і фотапленэры, прысвечаныя Янку Купалу, Якубу Коласу, Якубу Наркевіч-Ёдку, Бенедыкту Тышкевічу, Міхаілу Жылінскаму.
Віктар Суглоб
Каля сотні найлепшых працаў, створаных як знакамітымі, так і маладымі майстрамі фатаграфіі, увайшлі ў цяперашнюю экспазіцыю — своеасаблівы апафеоз творчасці чатырох пакаленняў фотаклубаўцаў. Размясцілася яна ў трох прасторных і добра асветленых залах на другім паверсе Музея гісторыі горада і будзе даступная каля месяца. А пакуль сябры фотаклуба віншуюць адзін аднаго:
Яўген Казюля: «Стварайце, не страчвайце надзеі, а астатнія — часцей наведвайце фотавыставы, быць можа, і ў вас узнікне жаданне ствараць».
Анатоль Дрыбас: «Творчых поспехаў — гэта галоўнае ў нашай працы, цікавых знаходак і шанцавання — у нашай творчасці без яго нікуды».
Віктар Жураўкоў: «Фотаклубу і тым, хто яго складае, жадаю сустрэць наступнае 50-годдзе (гэта значыць — стагоддзе) у павялічаным складзе. І каб тыя, хто цяпер актыўна працуе, змаглі прыцягнуць да фотаклуба значную колькасць энтузіястаў».
Канстанцін Мельнік: «Я вельмі рады павіншаваць не толькі сябраў фотаклуба «Мiнск», але і ўсіх людзей, у якіх ёсць фотаапарат. Бо яны — таксама фатографы, усе яны робяць наш свет ярчэйшым, чысцейшым, лепшым і дапамагаюць астатнім грамадзянам зразумець, наколькі ён прыгожы».
Віктар Суглоб: «З задавальненнем віншую ўсіх! Творчасці, творчасці, творчасці і здароўя, здароўя, здароўя! І тое, і другое павінна быць разам, таму што калі чалавек здаровы, то тады ён працуе, думае, спрабуе».
Марына Бацюкова: «У нашага клуба вялікая будучыня, бо нягледзячы на тое, што ўжо паўстагоддзя ён існуе, цікавасць да яго не згасае. Я думаю, што так і павінна быць, калі ёсць такія сур’ёзныя традыцыі ў фатаграфіі, ёсць шчырасць, кампетэнтнасць, людзям цікава абменьвацца думкамі. Усе мы любім чацвер — наш клубны дзень. Выдатна тое, што мы можам прыходзіць у клуб, ёсць сцены, дзе мы можам збірацца, ёсць такое намоленае месца — фотаклуб «Мінск», якое мы любім і сэрцам, і душой. Фотаклуб «Мінск» — гэта стан душы, тое, што я люблю, і я ганаруся тым, што з’яўляюся яго сябрам».
Аляксей Брагін: «Хочацца верыць, што беларуская фатаграфія, прадстаўленая нашым клубам, будзе і далей не існаваць — а жыць. Прафесіяналам вельмі карысна паглыбіцца і прасякнуцца духам аматарства, такім наіўным, чыстым, а аматарам — паглядзець на сухую, выразную, тэхнічна вывераную працу профі. Тым жа, хто па-добраму хворы на фатаграфію, — здароўя, шчасця, поспехаў, нейкіх творчых знаходак і бесперапыннай прагі творчасці».
Артур Гапановіч: «Вельмі ўдзячны нашаму фотаклубу за тую каласальную працу, якая ў ім вядзецца, хоць і трымаецца ўсё на адным толькі энтузіязме».
Варта адзначыць, што фотааб’яднанне падышло да свайго юбілею адказна, падрыхтаваўшы цэлую серыю выставаў, некаторыя ўжо адкрыліся, іншыя яшчэ будуць адкрывацца на працягу верасня — кастрычніка. Не прапусціце! Як гаворыць Юрый Васільеў, «фатаграфія — як добры каньяк: чым даўжэй ляжыць, тым даражэйшай робіцца. Бо фатаграфія — гэта заўсёды дакумент. Заўсёды».