Моладзевае грамадскае аб’яднанне “Гісторыка” запрашае ўсіх у чарговую вандроўку 17 жніўня.
Гэтым разам вандроўка адбудзецца па Гродзеншчыне: Шчорсы–Любча–Навагрудак–Мір.
Шчорсы (мястэчка ў Навагрудскім раёне) стала вядомым у XVIII ст. дзякуючы будоўлі палацавага комплексу з вялікім паркам і ставамі. У палацы ўладальнік Шчорсаў І. Храптовіч сабраў вялікую калекцыю старажытных рукапісаў, геаграфічных мапаў Беларусі, Літвы і Польшы. Тут захоўвалася перапіска Багдана Хмяльніцкага з польскімі гетманамі, арыгінал маніфесту да казакоў, дзённік М. Мнішак і інш. У часы Першай сусветнай вайны бібліятэка была вывезеная ў глыб краіны, а потым перададзеная Кіеўскаму універсітэту.
Са Шчорсамі звязаныя імёны шматлікіх вядомых дзеячаў культуры таго часу. Тут працавалі паэты А. Міцкевіч, У. Сыракомля, Я. Чачот, гісторыкі І. Лялевель, І. Даніловіч, М. Маліноўскі, Ю. Ярашэвіч, астраном М. Пачобут і іншыя.
Любча (гарадскі пасёлак Навагрудскага раёну) заснаваная на беразе Нёману пры канцы XV стагоддзя. Першапачаткова Любча належала Храптовічу, затым Гаштольду, Кішкам, Радзівілу (з 1606 г.). Апошні ў мэтах эканамічнага ўмацавання і пашырэння мястэчка перасяліў у яе шматлікіх шляхцічаў з Мінску, Навагрудку і іншых каралеўскіх гарадоў. Асаблівасцю гэтай мясцовасці з’яўляецца Любчанскі замак, які пабудавалі прыкладна ў сярэдзіне XVIII стагоддзя.
У Навагрудку і Міры таксама можна будзе паглядзець мясцовыя, адны з самых вядомых замкаў сучаснай Беларусі.
Вандроўкі будуць праходзіць у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Фота wikipedia.org
Тэгі: Любча, Мір, Навагрудак, Шчорсы