Купляючы яблыкі ці бульбу ў бабулькі на Камароўцы, мы наўрад ці спытаем пра тое, як яна выводзіць каларадскага жука і пустазелле на агародзе ці, напрыклад, якая адлегласць паміж яе садам і калгасным полем, традыцыйна ўгноеным “хіміяй”. Калі гародніна з вёскі ці ўласнага ўчастка, упэўненая большасць спажыўцоў, значыць, гэта максімальна чысты прадукт. А хто паручыцца, што бабуля не прайшлася па сваім агародзе ўгнаеннямі з калгасных складоў ці не апыліла бульбу хімікатам? Ніхто! Уласна, і сам агарод можа знаходзіцца ля дарогі і кожны дзень атрымліваць порцыю цяжкіх металаў.
На жаль, экалагічных прадуктаў, вырабленых без выкарыстання пестыцыдаў, сінтэтычных мінеральных угнаенняў, рэгулятараў росту, штучных харчовых дабавак, у Беларусі няшмат. Чаму так, мы разбіраліся на фермерскай гаспадарцы “ДАК”, якая спецыялізуецца на вытворчасці казінага малака. Летась землі гаспадаркі былі сертыфікаваныя ўкраінскай сертыфікацыйнай кампаніяй “Арганік-Стандарт” як арганічныя. Цяпер “ДАК” прэтэндуе на атрыманне сертыфікату жывёлагадоўлі — толькі тады іх малако можа прадавацца пад знакам біяарганічнай прадукцыі і быць прызнаным ў Еўропе як эка-прадукт.
Мы саджаем алюмініевыя агуркі
Паўгадзіны язды ад Мінскай кальцавой дарогі — і мы ў Дзяржынскім раёне на маляўнічым хутары. Залівістым брэхам нас сустракае вартавы сабака. Рамонкі, жабкі пад нагамі, козкі шчыпаюць траўку, казёл Архіп грэецца на сонцы. Гаспадары частуюць журналістаў свежым казіным малаком, ёгуртам і сырам. Смачна! Але не так проста атрымаць у суме “смачна”і “экалагічна” — Беларусь па-ранейшаму застаецца белай плямай на карце арганічнай сельскай гаспадаркі.
“Мы другі год спрабуем вырасціць экалагічна чыстую кукурузу, — кажа гаспадар “ДАКа” Дзмітрый Крылоў. — Летась не атрымалася, частку ўраджая з’елі кабаны, а потым поле зарасло лебядою. У нас гасцяваў прафесар з Польшчы — ён падказаў, калі і як трэба апрацоўваць зямлю, каб пазбавіцца пустазелля і атрымаць ураджай без “хіміі”. Дзякуючы ягоным парадам сёлета мы маем хай сабе яшчэ невялікія, але вынікі.
Сапраўды, у нас больш дбаюць пра колькасць, а не пра якасць і здароўе.
“Вы заўважылі, што апошнія 5 гадоў землі разворваюць практычна да самых праязных дарог, да рэк і азёр (хаця прыбярэжная зона павінная складаць не менш за 300 метраў, каб у ваду не траплялі хімікаты з поля), засяваецца ўсё да апошняга сантыметра? — цікавіцца супрацоўнік Цэнтра экалагічных рашэнняў Наталля Парэчына. — Праз вельмі інтэнсіўнае выкарыстанне хіміі ў сельскай гаспадарцы ўрадлівасць зямлі падае. Калі няма натуральнай урадлівасці, яе трэба штучна аднаўляць, дадаваць хімічныя ўгнаенні. Але ўгнаенні дорага каштуюць, у нашых калгасаў традыцыйна няма грошай. І каб выйсці на высокія паказчыкі ўраджайнасці, якія штогод спускаюцца зверху, яны разворваюць прыдарожныя і прыбярэжныя палосы, палянкі сярод лясоў (часам нават выкарчоўваюць лес). А прыдарожная паласа, між іншым, кожны дзень пакрываецца цяжкімі металамі, выхлапнымі газамі аўтамабіляў — і там расце бульба, якую мы потым ядзім”.
Раўнанне на эка-Захад
Тым не менш у Беларусі створаная неблагая навуковая база для развіцця арганічнай сельскай гаспадаркі. Нашыя навуковыя супольнасці, акадэмічныя інстытуты распрацоўваюць біялагічныя прэпараты, якімі ў перспектыве можна замяніць хімічныя. А Цэнтр экалагічных рашэнняў распрацоўвае палажэнне аб арганічнай сельскай гаспадарцы.
“Больш за тое, — разважае Наталля Парэчына, — мы маем добры эканамічны стымул. Паказальны прыклад суседняй Украіны, якая з усіх постсавецкіх краін найбольш актыўна развівае арганічную вытворчасць. У 2002 годзе там было 164 449 гектараў зямлі, сертыфікаванай як экалагічная, а ў 2011 гэтая лічба практычна падвоілася, шмат у чым дзякуючы фінансавай дапамозе Захаду. Пасля развалу СССР на былых землях Саюза адбыўся спад у сельскай гаспадарцы, многія землі аказалаіся ў закінутым стане, каля дзесяці гадоў туды не ўносіліся хімічныя рэчывы, таму глеба самаачысцілася. Гэтай сітуацыяй скарысталася Еўропа, дзе недастаткова сваіх чыстых урадлівых зямель, затое ёсць вялікі попыт на экалагічную прадукцыю. Сёння Аўстрыя арандуе землі на Украіне для вытворчасці сваёй экапрадукцыі. І ў гэтым сэнсе Беларусь таксама цікавая Захаду”.
На сённяшні дзень асноўнымі рынкамі арганічных прадуктаў харчавання ёсць Германія, Вялікабрытанія, Францыя, ЗША, Канада і Японія. Аб’ём продажаў экапрадуктаў у свеце ацэньваецца ў 30-35 млрд даляраў. За мяжой экалагічна чыстыя прадукты каштуюць прыкладна ў 3 разы больш, чым звычайныя (прычына ў больш карпатлівай і працаёмістай вытворчасці такіх прадуктаў).
Паводле дадзеных Цэнтра экалагічных рашэнняў, па стане на 2010 год у свеце 37 млн гектараў зямель (у прыватнасці ў Еўропе больш за 10 млн га), сертыфікаваных па арганічных стандартах, а таксама больш за 1,6 млн арганічных вытворцаў. У 2002 годзе ў Эстоніі было 369 экагаспадарак, а ў 2009 — ужо 1227; у Германіі — 4700 (2002 год) і 21 000 (2009 год), у Чэхіі — 654 (2002 год) і 2665 (2009 год), у Польшчы — 1787 (2002 год) і 17 092 (2009 год). Дарэчы, у Польшчы падчас святкавання мясцовых Дажынак святочны стол прэзідэнта і ягонай жонкі быў накрыты арганічнымі прадуктамі.
“Малдова значна бяднейшая за Беларусь, — кажа Наталля Парэчына. — Тым не менш у гэтай краіне 35 000 га арганічных зямель (гэта 3% ад усяго сельгасужытку, а ў Беларусі — менш за 1%). У асноўным экапрадукты (садавіна і віно) ідуць на экспарт, ад якога дзяржава мае 3,4 млн еўра — для маленькай Малдовы гэта нядрэнныя паказальнікі. У Латвіі доля арганічных зямель складае каля 9%, у краіне больш за 100 фірмаў, якія займаюцца арганічнымі прадуктамі, і каля 30 спецыялізаваных крамаў. У Літве ў сферы арганічнай сельскай гаспадаркі працуе 50 прадпрыемстваў. У літоўскіх крамах можна знайсці 900 найменняў экалагічных прадуктаў — ад мукі да віна. У пералічаных еўрапейскіх краінах прынятыя законы аб арганічнай гаспадарцы, дзяржава падтрымлівае такі бізнэс”.
Экаптушка ў няволі не спявае
Балазе, работа ў Беларусі вядзецца (не так дзяржавай, як грамадскімі арганізацыямі) і пазітыўныя зрухі ёсць. Паводле словаў эксперта па экалагічнай сертыфікацыі Дзмітрыя Лутаева, летась былі сертыфікаваныя 4 фермерскія гаспадаркі, сёлета сертыфікуюцца ўжо 8, у ліку якіх адно доследнае поле ў БДУ і адна навучальная гаспадарка каледжа ў Мядзелі.
Працэс сертыфікацыі патрабуе часу і фінансавых сродкаў (ад тысячы еўра за адзін від сертыфікацыі). Як правіла, усё адбываецца наступным чынам: на фермерскую гаспадарку, дзе плануецца вытворчасць экапрадукта, прыязджае эксперт (часцей за ўсё беларусы звяртаюцца да ўкраінскай кампаніі “Арганік-Стандарт” — так танней). Інспектар павінен пераканацца, што фермер нічога не ўтойвае. У арганічнай гаспадарцы расліна павінная вырошчвацца без хімічных угнаенняў, усе неабходныя рэчывы яна бярэ з зямлі самастойна і ў неабходных ёй прапорцыях. ГМА-корм забаронены. Паміж полем з традыцыйнай формай апрацоўкі і арганічным полем прадугледжаная буферная зона, не меншая за 10 метраў. Жывёлы атрымліваюць паўнавартаснае харчаванне. Птушку нельга трымаць у клетцы, яна павінная свабодна бегаць, дыхаць свежым паветрам, шчыпаць траўку — тады ў жаўтку будзе больш натуральнага кераціну. І гэта толькі частка правілаў. Інспектар дае рэкамендацыі і праз два гады прыязджае з праверкай.
Падчас праходжання сертыфікацыі фермеры знаходзяцца ў статусе «пераходнай гаспадаркі» — каб вывесці ўсе пестыцыды з глебы і вады перад чарговай праверкай. І ў гэты перыяд яны не могуць прадаваць сваю прадукцыю пад маркай “Эка” (то бок даражэй), а значыць, працуюць у страту. “Таму хочацца, каб нашая дзяржава, — разважае фермер Дзмітрый Крылоў, — з разуменнем ставілася да гэтага пытання і дапамагала такім гаспадаркам. Тут жа справа датычыць галоўнага — здароўя беларусаў, якія могуць, а галоўнае жадаюць харчавацца больш якасна і правільна”.
Аўтары ўдзячныя Школе журналістыкі Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра IBB за арганізацыю паездкі.
Кася Кірпацік, фота – Зарына Кандрацьева