У вёсцы Навіны і яшчэ двух вёсках Бярэзінскага раёна ўжо ў які раз весела і бурна правялі Каляду на дуб.
21 студзеня раніцай жыхары вёскі збіраюцца і ўпрыгожваюць куль саломы ад зажынкавага снапка (або дажынкавага), які захоўваюць і прыносяць у хату перад першай каляднай куццёй і які стаіць у чырвоным куце ўсё свята. З гэтага куля робяць абрадавую ляльку, якую апранаюць у жаночае адзенне: спадніцу, кофту, фартух, хустку. Звараную ў чыгунку або гліняным гаршчку куццю ставяць на сена ў рэшата, бяруць старое кола ад воза або барану і вязуць на санях або на саначках да дуба, які адзінока стаіць у полі або ў канцы сяла. Старое кола і саламяную ляльку, калі яны захаваліся з мінулага года, скідваюць з дуба і падпальваюць, а на дуб усцягваюць новую ляльку, кола або барану і куццю. Спяваюць абрадавыя песні, водзяць карагод вакол дуба, а потым п’юць гарэлку, закусваюць пад дубам і ідуць да месца збору, дзе святкуюць заканчэнне каляднага цыклу святаў танцамі, спевамі, гульнямі. Цікава і тое, што гэтак жа абрад спраўляюць і цяпер.
Аляксей Сталяроў