15 траўня на гадавым сходзе Нарвэскага ПЭНу, філіі ўсясьветнага абʼяднаньня пісьменьнікаў за свабоду слова, у яго ганаровыя сябры ўрачыста прынялі зьняволенага праваабаронцу Алеся Бяляцкага, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на Нарвэскі ПЭН.
Алесь Бяляцкі, архіўнае фота
З абгрунтаваньнем прапановы выступіў Ёрген Фрыднэс, генэральны сакратар Нарвэскага ПЭНу, ён жа старшыня Нарвэскага Нобэлеўскага камітэту.
«Мы ганарымся тым, што падтрымліваем Алеся ў ягонай працы на карысьць дэмакратыі ў Беларусі», — заявіла Анн-Маргрыт Эўстэно, старшыня Нарвэскага ПЭН.
На сходзе паказалі фрагмэнты фільму «Беларусь: апошняя дыктатура ў Эўропе» пра Алеся Бяляцкага з сэрыі шасьці стужак аб праваабаронцах «Сэрца, якое ніколі не памрэ» (рэжысэры Эрлінг Борген і Том Гайнэман).
На сходзе выступіла жонка Бяляцкага Натальля Пінчук.
Яна падзякавала нарвэскім творцам і нарвэскаму грамадзтву за разуменьне і падтрымку свабодалюбных памкненьняў беларусаў.
«Гэтую ўнутраную свабоду нясе ў сабе і Алесь, і ніякая турма і зьдзекі яго не зламаюць духоўна», — перакананая яна.
Натальля Пінчук расказала пра жыцьцёвы шлях Алеся Бяляцкага, які яшчэ ў пачатку 1980-х памнажаў тэксты беларускіх пісьменьнікаў і публіцыстаў, забароненыя ў СССР, і выпускаў зь сябрамі ўласныя самвыдавецкія часопісы, а ў 1986 годзе, упершыню за пасьляваенны час у савецкай Беларусі, кінуўшы выклік манаполіі камуністычнай улады, Алесь з аднадумцамі стварылі літаратурнае згуртаваньне «Тутэйшыя» дзеля свабоды беларускага мастацкага слова.
«У кароткі час адноснай свабоды Алесь знаходзіў і вяртаў у літаратурную прастору імёны і творы пісьменьнікаў, рэпрэсаваных ці штучна забытых у СССР. Дасьледаваў новую беларускую літаратуру пачатку ХХ стагодзьдзя як складнік адраджэньня мадэрнай беларускай нацыі. Але гісторыя апісала змрочную пятлю — і ў Беларусь зноў прыйшла дыктатура. Алесь без ваганьняў усклаў на сябе місію праваабаронцы», — нагадала Натальля Пінчук.
Яна расказала нарвэскім творцам пра палітычных зьняволеных у Беларусі, у тым ліку пісьменьнікаў і журналістаў.
«Ня ведаю, калі ўдасца перадаць Алесю вестку пра гонар, які аказаў яму Нарвэскі ПЭН. Але яна засьведчыць, што пра яго помніць супольнасьць творцаў і ўвесь свабодны сьвет. Пакажа яна і ўладам, што ў сьвеце Беларусь не забытая, пра Бяляцкага памятае Нарвэгія, на зямлі якой ён атрымаў годнасьць нобэлеўскага ляўрэата», — сказала Натальля Пінчук і запатрабавала вызваленьня беларускіх палітычных вязьняў без усякіх умоваў.
Чытайце яшчэ: «Я зазіраю сабе ўсярэдзіну, і здаецца, што мае ідэалы не зьмяніліся, ня страцілі каштоўнасьць». Сёння 61 год Алеся Бяляцкаму