На прэзентацыі баскетбольнага клуба “Мінск-2006” чыталі вытрымкі са Статута ВКЛ і гучала музыка этна-трыа “Троіца”. А дырэктар клуба па маркетынгу Аляксандр Куль урачыста абвясціў, што з гэтага дня каманда будзе звацца “Цмокі”.
Кіраўніцтва баскетбольнага клуба “Мінск-2006” зладзіла прэзентацыю свайго новага фірмовага стылю ў канцэртнай зале дзіцячай філармоніі. На мерапрыемстве прысутнічалі гульцы жаночай, мужчынскай і рэзервовай камандаў. Пасля танцаў запрошанага калектыву “Эра” пад музыку этна-трыа “Троіца” на сцэну падняўся дырэктар аддзела маркетынгу, а былы цэнтравы клуба і зборнай Беларусі Аляксандр Куль. Ён заявіў, што перад пачаткам новага сезону было вырашана істотна змяніць фірмовы стыль каманды чатырохразовых чэмпіёнаў Беларусі.
“Поспех у нашай краіне і на міжнароднай арэне засведчыў, што патрабуецца іншы падыход да пазіцыянавання сябе, які б адпавядаў еўрапейскім стандартам”, – зазначыў ён. Маркетолагі клуба ў пошуках новай назвы вырашылі звярнуцца да беларускай міфалогіі, і найбольш удалай ім падалася “Цмокі”: “Гэтае слова адлюстроўвае нашыя памкненні ў поўнай меры, яно нестандартнае і прыйшло да нас з глыбіні стагоддзяў. Яно звязвае мінулае і сучаснасць, таму з гэтага моманту нашая каманда будзе звацца “Цмокі” (Мінск), – абвясціў Аляксандр Куль, і ў гэты момант стары лагатып на сцэне адгарнулі і паказалі новы фірмовы знак клуба.
“Мы вывучылі гісторыю і пабачылі, што цмок – станоўчы персанаж. Ён увасабляе матэрыяльнае, інтэлектуальнае і духоўнае багацце, таму пасуе нам як найлепш для новай маркетынгавай стратэгіі”, – падсумаваў Аляксандр. Ён нават зачытаў урывак са Статута ВКЛ, у якім упершыню ў сусветнай гісторыі было згадана пра абарону жывёлаў, у прыватнасці цмокаў.
Мужчынская каманда “Цмокі” на чале з галоўным трэнерам Андрэем Крываносам будзе змагацца ў гэтым сезоне адразу на трох франтах. Яна возьме ўдзел у чэмпіянаце краіны, а таксама ў турніры “Еўрачэлендж” і Адзінай лізе ВТБ.
Сяргей Будкін
З інтэрвію з Аляксандрам Кулём:
— З кампаніяй «Будзьма беларусамі!» вы знаёмыя?
— Я прыйшоў да Алены Макоўскай і Ніны Шыдлоўскай, мы добра пагутарылі, абмеркаваўшы магчымыя шляхі ўзаемадзеяння. Мы можам быць карыснымі адно аднаму. Было б цікава папрацаваць з арганізацыяй, якая прасоўвае нашы культурныя і гістарычныя каштоўнасці, падтрымлівае беларускую мову.
Баскетбольны клуб «Мінск-2006» беларускі. У мяне ёсць прафесійныя меркантыльныя (чытай — маркетынгавыя) інтарэсы — прыцягнуць большую ўвагу да клуба, залучыць на нашыя гульні людзей, якія, магчыма, раней нават не задумваліся пра баскетбол, запоўніць трыбуны «Мінск-арэны». Магчыма, мы зможам арганізаваць нейкія сумесныя акцыі.