This movie requires Flash Player 9
02.11.2012 | Быць беларусам У краіне

Сяргей Карнееў. Адраджэнне алімпійскага боксу (+ фота, відэа)

Малады баец і прызёр чэмпіянату свету мог кінуць спорт праз праблемы са здароўем, але трапіў да ўнікальнага трэнера, які выправіў сітуацыю. Сяргей Карнееў і яго настаўнік Канстанцін Маханькоў сёння выцягваюць беларускі бокс з прорвы, якая ўтварылася праз засілле замежных баксёраў.

На байцоўскую сцяжынку Сяргея прывёў бацька — беларускі баец Іван Карнееў. За савецкім часам тата сам спрабаваў прабіцца ў зборную СССР, але праз бюракратызм і канкурэнцыю такіх магчымасцяў не было. Такім чынам, баксёрскую эстафету з шасці гадоў перахапіў сын.

http://budzma.org/wp-content/gallery/karneeu2/box2.jpg  http://budzma.org/wp-content/gallery/karneeu2/box4_0.jpg

Адным спортам сям’я не жыла: Сяргея аддалі вучыцца ў сталічную гімназію, рыхтавалі да прэстыжных універсітэтаў. Але юнаком ён пачаў паказваць неардынарныя вынікі і ўварваўся ў дарослую зборную па боксе.

Яшчэ ў пятым-шостым класе я пачаў заўважаць, што адрозніваюся ад равеснікаў. Кагосьці цягне займацца лухтой, а мяне — у залу. Часам не хочацца, але ідзеш, пераадольваючы сябе, — згадвае Сяргей свае няпростыя пачынанні. — Гадоў у трынаццаць я пачаў разумець, што бокс — гэта тое, што ў мяне атрымліваецца найлепш. А значыць, не трэба прыдумляць ровар, лепш дасягнуць вышыняў на той дарозе, якую абраў…

У 2008 годзе (Сяргею Карнееву было 20) ён заваяваў срэбра на дарослым чэмпіянаце Еўропы. Здавалася б, пачалася зорная кар’ера. Але далей выступленні не складваліся, з’явіліся праблемы са здароўем. Праз згонку вагі да 81 кг у крыві павялічваўся білірубін, што дрэнна адбівалася на працэсах узнаўлення арганізму.

http://budzma.org/wp-content/gallery/karneeu/npr-org_.jpg http://budzma.org/wp-content/gallery/karneeu/sfgate-com_.jpg

Так многія таленавітыя спартсмены пакідалі спорт.

Тады бацька байца Іван Аляксандравіч звярнуўся да свайго колішняга вучня Канстанціна Маханькова і папрасіў трэніраваць сына.

Калі праводзіць аналогіі, то для беларускага бокса Маханькоў — як Віктар Ганчарэнка ў футболе. Малады спецыяліст скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і спорту з чырвоным дыпломам, цудоўна ведае біяхімію, добра знаёмы з нюансамі спартовай медыцыны, найноўшымі тэхналогіямі. Паралельна з тэорыяй ён удзельнічае ў прафесійных баях па боксе і змяшаных адзінаборствах. Як вядомага спецыяліста Канстанціна Маханькова сёння запрашаюць у трэніровачныя лагеры замежныя зоркі сусветнага прафесійнага боксу, як, напрыклад, Артур Абрахам.


Першы прафесійны двубой беларуса (фрагмент)

Дарэчы, Канстанцін Маханькоў — адзін з рэдкіх дзеячаў спорту, якія пісьменна даюць беларускамоўным журналістам інтэрв’ю на роднай мове.

— Калі я прыйшоў да трэнера, ён пільна пачаў сачыць за маім харчаваннем, трэніроўкамі. Канстанцін Міхайлавіч — майстар у пытаннях піку формы, — кажа Сяргей пра першыя ўражанні ад супрацы са спецыялістам. — Тут трэба ўзарвацца, а тут — сцішыцца. Сёння мы працуем моцна, заўтра будзе стан вялы, і папрацуем менш. Таму нават у крытычных сітуацыях нам удавалася ўтрымліваць цудоўную форму.

Супраца Карнеева і Маханькова дала вынікі ў 2011 годзе: на чэмпіянаце свету ў Баку Сяргей заваяваў бронзу, даўшы бой знакамітаму ўкраінцу Усіку (сёння алімпійскаму чэмпіёну). Гэта быў адзіны беларускі медаль на спаборніцтвах. Ад Карнеева такога не чакалі, і на чэмпіянат свету яго трэнера браць адмовіліся: думалі, што спартсмен і так адбудзе нумар.

http://budzma.org/wp-content/gallery/karneeu2/box_0.jpg  http://budzma.org/wp-content/gallery/karneeu2/box3.jpg

— Мой трэнер, уявіце сабе, быў як нелегал. Сказалі: “Ты там быць не павінен”. Толькі дзякуючы хітрасці Канстанцін Міхайлавіч мог прыходзіць і размінаць мяне, а выводзіць на рынг не меў права, — згадвае Сяргей. — Пакуль я выходзіў на бой, трэнер ставіў спрынтарскія рэкорды: выбягаў з будынка, трапляў на трыбуны праз іншы ўваход і крычаў мне, падказваў, як дзейнічаць.

Да гульняў у Лондане Сяргей Карнееў падышоў у найлепшай фізічнай кандыцыі. Дайшоў да чвэрцьфіналу і сутыкнуўся з азербайджанцам Мамадавым (срэбным медалістам чэмпіянату свету). Калі б толькі з супернікам, былі яшчэ і неаб’ектыўныя суддзі!


Алімпійскі двубой за медаль, дзе Сяргея Карнеева, на думку многіх спецыялістаў, скандальна засудзілі

(Глядзець відэа з дапамогай Dropbox [372 Mb])

У першым раўндзе Карнееў саступіў, але ў другім і трэцім пачаў знішчаць, ледзь не накаўтаваў азербайджанца. Супернік адварочваўся спінай, падаў, лез у абдымкі, ратуючыся ад удараў беларуса. І ўратаваўся, не паваліўся. Суддзі налічылі пароўну і без тлумачэння свайго вердыкту аддалі перамогу… збітаму азербайджанцу. Глядацкая зала свісцела, але ні людзі, ні пратэст не змянілі вердыкту. Пазней Міжнародная асацыяцыя боксу забараніла выстаўляць гэты бой у інтэрнэт, а замежныя спартовыя сайты выбухнулі крытычнымі артыкуламі.

Несправядлівая параза не зламала Сяргея Карнеева. Ужо на наступны дзень у афіцыйным звароце ён эмацыйна супакойваў сваіх заўзятараў:

“Зрабіў усё, што мог! Усё — палітыка і грошы! Усім вялікі дзякуй за падтрымку, за ўвагу, за цёплыя словы! Я і не чакаў, што столькі людзей будуць мяне глядзець і заўзець. Мне вельмі прыемна вас бачыць і чуць. Вельмі крыўдна, што не здарылася таго імгнення, калі ў выпадку маёй перамогі заплакалі б некаторыя людзі. Ваш Сяргей Карнееў”.

Прыйшоўшы ў залу да Сяргея Карнеева праз два месяцы пасля Алімпіяды, заўважаем яго бадзёры настрой. Баксёр рыхтуецца да новых спаборніцтваў і самаўдасканальваецца.

http://budzma.org/wp-content/gallery/karneeu/zsacsetki_karneeva.jpg  http://budzma.org/wp-content/gallery/karneeu/wallsdl-com_.jpg

—Трэба рабіць высновы і працаваць над тактыкай. Ісці пад краму і піць піва — не выйсце, — іранізуе трэнер Канстанцін Маханькоў.

Сёння Сяргей Карнееў рыхтуецца не толькі да баёў па алімпійскай схеме, але і да больш жорсткіх прафесійных двубояў, дзе спартсмен пакуль ні разу не прайграў.

Карнееў стаў атлетам, які вярнуў веру ў самадастатковасць беларускага боксу, дзе ў другой палове 2000-х здарыўся сапраўдны абвал. Рэч у тым, што спартовыя чыноўнікі, замест таго каб гадаваць беларускіх байцоў, пачалі запрашаць у нашу зборную ўжо гатовых атлетаў з каўказскіх рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, прытым далёка не першых. Да чаго гэта прывяло? Баксёрская зборная развучылася заваёўваць медалі.

Трэнер Канстанцін Маханькоў і яго вучань Сяргей Карнееў давялі, што самы шчыры спосаб — рыхтаваць у зборную Беларусі сваіх, мясцовых хлапцоў.

— Іначай страчваецца сэнс працы трэнера. Навошта займацца маленькімі дзецьмі, калі можна ўзяць і прывезці ў Беларусь гатовага чалавека? Так свой спорт “забіваецца”, — лічыць Сяргей Карнееў. — Я сам у будучыні буду трэнерам. Гэта ж так цікава — выхоўваць дзіця, весці яго за руку! Мяркую, беларускі бокс будзе развівацца.

На думку спартовых спецыялістаў, Сяргей Карнееў мае і фізічныя, і маральныя рэсурсы для таго, каб прабіцца на вяршыню спартовага Алімпу.

Партал “Будзьма беларусамі!” будзе сачыць за развіццём кар’еры Сяргея і яго трэнера Канстанціна Маханькова.

 

Яўген Валошын для budzma.org

Фота  – Аляксандр Абуховіч.

 

Інфармацыйныя партнёры:


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика