Дзе жыве беларускі цмок? Ён адзін ці іх шмат? Ці рэальна гэта — скласці “цмокавы маршрут”? Што будзе, калі нанесці на мапу ўсе 26 беларускіх Чорных азёраў, а потым злучыць іх адной лініяй? Гэта добра ведае наш суразмоўца, знаны мастацтвазнаўца і цмоказнаўца Сяргей Харэўскі.
— Цмокі, насуперак распаўсюджаным стэрэатыпам, менавіта ў беларускай міфалогіі былі цалкам пазітыўнымі персанажамі, ці, дакладней, амбівалентнымі, — кажа спадар Харэўскі. — Звяртаю вашую ўвагу, што ў народных уяўленнях цмокі былі вельмі фанабэрыстыя, і з імі не надта вадзіліся іншыя нячысцікі. Цікавая акалічнасць: цмокі найчасцей не чапалі людзей небагатых, якія жылі з плёну працы сваёй, і самае цікавае — не чапалі людзей жанатых! Таму ў беларускай міфалогіі стаўленне да цмока хутчэй паблажлівае. Ёсць выпадкі ў паданнях і казках, калі людзі нават просяць дапамогі гэтых цмокаў. Цмок уяўляўся вельмі мажным, але вельмі чысценькім — кажуць, што раз на год ён нават ходзіць у лазню!
Няма такой мясціны ў Беларусі, куды б не ступала нага Сяргея Харэўскага. Наш эксперт прызнаецца, што багата дзе яму даводзілася запісваць ад старых людзей гісторыі пра цмокаў. І расказваліся яны так натуральна, што няма сумневаў — беларускі цмок ёсць!
— Старыя людзі тлумачылі мне, што цмок з’яўляецца там, дзе з’яўляецца распуста, — усміхаецца Харэўскі. — Таму цмок і не чапае жанатых — гэта асабліва падкрэслівалася. Гэта быў такі сабе Бабай для нежанатых ці незамужніх. Іх пужалі, што калі будуць “калупацца ў носе і не дбаць пра будучыню” — сустрэнуцца з цмокам. Можна вобразна сказаць, што тры галавы цмока — гэта п’янства, распуста і прага лёгкай нажывы.
Нашая размова адбываецца на вуліцы Сухой. Раптам Харэўскі спыняецца і кажа:
— Дарэчы, назва вуліцы Сухой невыпадковая і таксама звязаная… з цмокам!.. Гэта самае высокае месца ў Мінску, і падчас залеваў і паводкі ўсё навокал напраўду рабілася “мокрым”, а гэтая вуліца заставалася “сухой”! Раней тут не было ніякіх будынкаў. І калі сысці ўніз да Свіслачы — на сённяшняе скрыжаванне Мельнікайтэ і Пераможцаў — то і цяпер лёгка ўгадваецца гара. Дык вось, раней яна называлася Змеевай, бо тут жыў цмок! І гэтага цмока забіў адзін удалы герой: паказаў цмоку ягонае адлюстраванне, цмок разгубіўся — і… Той цмок істотна шкодзіў Мінску — еў прыгожых дзяўчат! Былі нават “конкурсы прыгажосці”, калі выбіралі найпрыгажэйшых і аддавалі на спажыў гэтаму цмоку, каб ён адчапіўся ад астатніх. У той жа час сустракаюцца гісторыі, калі цмок, наадварот, дапамагаў героям адолець нейкія адназначна кепскія сілы…
Прашу Сяргея Харэўскага з мапаю ў руках намаляваць для нас маршрут “па мясцінах баявой славы беларускага цмока”. Аказваецца, такі маршрут — абсалютна рэальны!
— Калі глянеце на Беларусь, то абавязкова пабачыце цэлы ланцуг цудоўных азёраў, у якіх, як сведчаць паданні, вадзіліся ці яшчэ водзяцца цмокі, — кажа Харэўскі. — У народных уяўленнях цмокі водзяцца найчасцей у глыбокіх азёрах. І, што цікава, этнографы звязваюць паданні пра цмокаў з назвамі азёраў Чорных. Асабліва там, дзе побач з возерам Чорным ёсць возера Белае! Адным з самых такіх дзівосных азёраў, якое цяпер увайшло ў склад запаведніка Прыбужскае Палессе — гэта Чорнае (і побач Белае) возера ў Брэсцкім раёне… Натуральна, з нячысцікамі звязваюць Выганашчанскія азёры, дзе таксама ёсць азёры Чорнае і Белае — і шмат адпаведных паданняў. Непадалёк ёсць возера Спораўскае, дзе таксама, як кажуць нашыя гумарныя спораўцы, якія ўсё жыццё мыюцца ў тым возеры, пры жаданні можна ўбачыць цмока! Ад Спорава дарога ляжыць на ўсход — да славутага велізарнага Князь-возера, альбо Жыд-возера, якое цяпер завецца Чырвоным. Народныя ўяўленні і паданні, апроч легенды пра Радзівілаву каханку (габрэйку з мястэчка Жыткавічы), сведчаць пра тое, што менавіта дзякуючы цмокам тая рамантычная гісторыя і скончылася… Лішне казаць, што, зрабіўшы такі доўгі хвост, мы павінныя завярнуць у сталіцу нашай Радзімы, на Змееву гару, пра якую мы ўжо казалі. Дарэчы, апроч міфа ёсць і абсалютна рэальнае пацверджанне існавання тут цмокаў — у запісах настаўніка мінскай гімназіі Самойлы — таго самага, які вывеў у шырокі свет паэзію Янкі Купалы. Дык вось, яму неяк татарскія дзеці прынеслі з Нямігі так званых цмокаў — велізарных яшчарак, якія вадзіліся толькі на сутоку Свіслачы і Нямігі. Адну такую яшчарку даўжынёй больш за паўметра настаўнік заспіртаваў, і яна захоўвалася ў гімназіі, але з адыходам ураду БНР з Мінска некуды бясследна знікла… Гэта матэрыяльнае сведчанне таго, што ў Мінску вадзіліся цмокі!..
Далей дарога ляжыць да славутых Лепельскіх азёраў. Паданні пра лепельскіх цмокаў добра вядомыя. Гэтыя паданні прыгадаў, напрыклад, Уладзімір Караткевіч у кнізе “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Там ёсць возера, якое так і завецца — Дракон. Дарэчы, ні ў кога з суседзяў возера з такой назвай няма.
З Лепельшчыны павернем на Астравеччыну, дзе ёсць славутыя Саранчанскія азёры, адно з якіх завецца Кайман! Адтуль павернем на Блакітныя азёры на сумежжы Мядзельскага і Пастаўскага раёнаў — да возера Балдук. Па-балцку гэта і азначае “нячысцік”. Тыя, хто там бываў, добра ведаюць, што гэта можа быць і не байка — надта часта і надта шмат з гэтага возера выводзяць розныя гісторыі пра цмокаў! Як запісаў этнограф Нікіфароўскі, сама меней у нашых цмокаў бывае тры галавы. Такім чынам, адна галава згубіцца недзе на Верхнядзвіншчыне — там, дзе велізарнае Асвейскае возера мяжуе з Латвіяй і Расіяй, дзе ёсць велізарны востраў, з якім таксама звязаныя казкі пра нейкіх цмокаў. Другая галава, абмінуўшы возера Чорнае ў Сенненскім раёне, пакладзецца на Чорнае возера на Гарадоччыне, побач з возерам Езярышчам на самай мяжы з Расіяй. І трэцяя галава будзе ў нас у Расонскім раёне, дзе таксама ёсць возера Чорнае, у якім жыве, як кажуць людзі, нейкі цмок. Між іншым, Чорных азёраў у Беларусі 26 — я адмыслова падлічыў! І калі вы злучыце ўсе 26 азёраў, міжволі атрымаеце сімпатычнага цмока! Які часам вылазіць, каб паглядзець, ці звязвацца яму з чарговым героем ці нячысцікам. Дарэчы, ён не з кожным уступае ў двубой. І не таму, што баіцца, а таму, што настолькі ўпэўнены ў сабе і фанабэрысты, што можа проста пагрэбаваць звязвацца з не вартым ягонай увагі праціўнікам… Паводле розных версіяў, у яго ёсць крылы або няма, але, паколькі гэта цмок наш, а не кітайскі, хутчэй за ўсё няма. Іначай ён, плюхаючыся ў ваду, рабіў бы шмат шуму!..
Аднак, як высветлілася, у беларускага цмока галоваў магло быць не толькі тры, але і шэсць, дзевяць альбо нават дванаццаць.
— Прычым у нашых паданнях дакладна чытаецца, што адсякаць галовы сэнсу не было, — удакладняе Сяргей Харэўскі. — Бо нашага цмока трэба было не забіць, а перамагчы. Перадусім гэта перамагчы ў сабе страх, адолець сілай волі, а не адсяканнем хвастоў, яек ці галоваў. Ты выходзіш з ім сам-насам, і ты мусіш быць варты яго, мусіш сам быць цмокам! Калі ты нікога не баішся — значыць, ты самы страшны! Будзьма ж цмокамі!
Глеб Лабадзенка для budzma.org, фота і відэа – аўтара
Ірына Дубянецкая: “Я налічыла прынамсі 9 відаў беларускіх цмокаў” ( + фота, відэа)
Інфармацыйныя партнёры: