11.10.2012 | Гісторыя У краіне

Ірына Дубянецкая: “Я налічыла прынамсі 9 відаў беларускіх цмокаў” ( + фота, відэа)

Ірына Дубянецкая. Адзіная ў Беларусі жанчына — доктар тэалогіі, а таксама доктар філасофіі. Цмокі — яе вялікае захапленне. Пра беларускіх цмокаў спадарыня Ірына расказвае так, нібыта з адным піла зранку каву, а другі араў ёй агарод на лецішчы. На прапанову кампаніі “Будзьма!” скласці маршрут беларускіх цмокаў спадарыня Ірына пагадзілася адразу. А калі прыйшла на інтэрв’ю, то мімаходзь заўважыла: “Я тут перад выхадам з дому прыгадвала і налічыла прынамсі 9 відаў беларускіх цмокаў…”

Ідэя кампаніі “Будзьма!” зрабіць цмока новым турыстычным сімвалам Беларусі, папрасіўшы бусла на пенсію, Ірыне Дубянецкай вельмі падабаецца. Аднак пані Ірына смяецца і кажа, што гэтым мы… вынаходзім ровар!

Ірына Дубянецкая— Мы фактычна не заўважылі слана ў заапарку! — смяецца Ірына Дубянецкая. — Бо думаем, што вось так узялі і прыдумалі сімвалам цмока. Аднак цмок здаўна быў такім нутраным сімвалам Беларусі — нашмат даўней, чым мы можам сабе ўявіць. Даўней, чым бусел — дык дакладна!

Так павялося, што беларусы ўяўляюць сабе сусвет падзеленым на два полюсы: плюс і мінус, чорнае і белае, верх і ніз, гарачае і халоднае, мужчынскае і жаночае.

— “Плюс і мінус” найлепей тлумачыць сутнасць, — заўважае спадарыня Ірына, — бо калі ў батарэйкі ёсць два бакі — то пайшоў ток. У гэтай напрузе ўзнікае жыццё! У нашай цывілізацыі адзін з сімвалаў базавай касмалагічнай бінарнасці — бог-грамаўнік (герой, які стварае свет і апякуецца светам) — і монстр, што ўвасабляе хаос, з якога гэты свет і ствараецца. Ён нябачны, ён хаваецца — і таму часта звязваецца ці то з зямнымі нетрамі, ці то з морам. Гэта цмок, альбо Вялес…

Якасці беларускага цмока спадарыня Ірына пералічвае лёгка: ён мудры, хітры, сядзіць на багацці, ахоўвае яго. Цмока ніхто не бачыў — і таму цмокам палохаюць, як палохаюць заўсёды нечым невядомым.

— Класічная беларуская гісторыя: Пярун нападае на Вялеса і стараецца патрапіць у яго маланкамі, а Вялес хаваецца, — кажа Дубянецкая. — Хаваецца за дрэва — Пярун разбівае дрэва. Хаваецца за камень — Пярун разбівае камень. Хаваецца за каня — Пярун разбівае каня. Вялес хаваецца ў чалавека — і ў чалавечым абліччы Пярун яго забівае.

Усё лагічна як божы дзень. Але за што беларускі Пярун забівае беларускага цмока?

— Тут няма пытання “за што”, ёсць такі панятак — “неабходны герой і неабходны монстр”, — тлумачыць Ірына Дубянецкая. — Толькі забіўшы монстра, герой можа стварыць свет. Ён стварае свет з забітага монстра. Цмок — гэта першасная жыццядайная ахвяра. А Вялес і Цмок — гэта адно і тое ж.

У часе гутаркі высвятляецца, што трохгаловы цмок Змей Гарыныч — гэта выключна рускі персанаж. Нашаму цмоку і аднае галавы хапала, каб даваць прыкурыць няўрымслівым беларусам! Рускаму цмоку адсякаюць адну галаву — вырастае другая, і яго немагчыма знішчыць. У нашага цмока неўміручасць выяўляецца ў іншым.

— Людзі забілі цмока, пахавалі — а на наступны дзень ён зноў быў на паверхні, — кажа спадарыня Ірына. — Яго зноў закідалі зямлёй — а ён зноў на паверхні! І дождж ліецца, не спыняецца — і 40 дзён, і год, і невядома колькі… Але ёсць згадкі, што ў нашага цмока была адна галава.

Тое, што Беларусь — зямля цмокаў, для Ірыны Дубянецкай не падлягае сумневу. Наш нацыянальны герб “Пагоня” — гэта цмоказабойчы знак! Вершнік на кані — гэта герой, які мусіць перамагаць цмока. Ну а калі вершнік абраны сімвалам, дык, ясная справа, недзе побач мусіць быць сам цмок, на якога ён палюе. Прашу расказаць, дзе нам шукаць беларускага цмока.

— Культавыя месцы для цмокаў — гэта камяні, дубровы, “святыя гаі”, горы, падземныя лёхі, азёры, рэкі. Гэта прыродныя з’явы. А з таго, што стварыў чалавек, мы ведаем толькі лазні — яшчэ з “Аповесці мінулых часоў”. Там такі здзек з лазняў, бо ў лазнях “адбывалася пакланенне Вялесу”. З Вялесам звязанае ачышчэнне.

Пераходзім да самага цікавага — да 9 тыпаў беларускіх цмокаў, якія налічыла спадарыня Ірына. Першы тып здзіўляе тым, што людзі настолькі лёгка аддавалі цмоку іншых людзей у ахвяру — нібыта “так і трэба”. Чалавек прыносіць ахвяру вышэйшай істоце — каб гэтая істота спрыяла чалавеку.

— Самая папулярная “марская” гісторыя пра цмока адлюстраваная ў многіх нашых баладах, якія спявалі лірнікі, — кажа Ірына Дубянецкая. — Пра людзей, якія жылі і не верылі Богу, а верылі цмоку. І аддавалі цмоку штодзень па чалавеку. Яму аддаюць дзяцей, пакуль не даходзіць чарга да князя, цара ці караля (у залежнасці ад таго, у якім рэгіёне пяецца гэтая балада), і той мусіць аддаць сваю дачку. Яе апранаюць у шлюбны строй і прывязваюць да скалы на беразе мора. Цмок выплывае з мора, каб забраць яе. У некаторых версіях дзеўка сама дае рады цмоку — абвязвае яго паяском, вядзе да людзей на поле, і там людзі яго забіваюць. У іншым, часцейшым, варыянце яго забівае Святы Юр’я.

У іншай гісторыі беларусы забіваюць няшчаснага цмока проста за тое, што ён перашкаджае ім хадзіць па дарозе.

— Другі, вельмі вядомы, тып цмока звязаны з каменем, — працягвае Дубянецкая. — Каля нейкай беларускай мясцовасці жыў цмок, што бавіўся з вялікім каменем і не даваў людзям прайсці. Гэта адзінае, што ён рабіў кепскага ў гэтай гісторыі. І тады адзін разумны чалавек здагадаўся, што рабіць. Ён узяў барана, злупіў з яго скуру, заліў яе “смалою і серкай” і паставіў каля каменя. Цмок пабачыў барана, зубамі яго — цуп! Гарачая смала заліла яму глотку, цмок зароў і падох. А цмока звалі Вяль. Гэтую легенду я запісала ў вёсцы Валэйкішкі на Астравеччыне. Мясцовыя жыхары звязваюць назву вёскі менавіта з імем цмока. А скончылі аповед жыхары так: “А як ён роў, яго пачуў другі цмок — Крок, што пад Кракавам. І таксама здох са страху”. Аналагічныя легенды досыць пашыраныя ў Беларусі.

Трэці тып — гэта падземны цмок.

Сярод запісаў фалькларыстаў ёсць такі выраз: “Свіння рыла-рыла і дарылася да падземных цмокаў”. Там жа, на Астравеччыне, ёсць гара Замкоўка, дзе “была дзірулёха”, куды “кінеш камень, і ён не стукае, а толькі по-о-отым стукане”. Такая гара з дзіркай была і проста пасярод Гальшанаў: “Кінеш пятак — а ён дзынь-дзынь-дзынь-дзынь”. Натуральна, у такіх “дзірулёхах” жыў цмок.

Чацверты тып — гэта цмок, які працуе альбо краўцом, альбо шаўцом. Ён часам жыве сярод людзей у мястэчку альбо ў камні без вокнаў і дзвярэй. Кладзеш яму грошы, просіш боты… Прыходзіш дахаты — а ў цябе стаяць боты цудоўныя. Ці, калі ён кравец, замаўляеш вопратку. Было прынята казаць: “Пашый абы-як, абы насіць”. І ён табе пашые ну такую шыкоўную вопратку! А калі папросіш: “Пашый мне такую добрую вопратку, каб мне ў царкву хадзіць”, дык ён пашые так, што адзін рукаў на спіне, другі на падале! Не любіць цмок, калі ў ягонай вопратцы ў царкву ходзяць.

— Гісторыя заснавання Турава таксама звязаная з цмокам, — кажа Ірына Дубянецкая. —Тур быў князь альбо цмок — версіі розняцца. Факт у тым, што паводле дамовы князя і цмока яны дзеляць свет: князю — верхні, цмоку — ніжні. І князь будуе Тур-калодзеж, які злучае светы. У таго калодзежа было трайное дно — мядзянае, срэбнае і залатое. І пад залатым дном — цмок. Казалі, што калі залатое дно пратрэцца, то паводка хлыне на зямлю — і знішчыць усё. Гэта пяты тып цмокаў, якія засноўваюць гарады.

З Менскам таксама не абышлося без цмока. Мы ўсе ведаем, што Менеск, які заснаваў Менск, быў млынаром. А млынары і кавалі — заўсёды “магічныя” людзі. І млын, які ён пабудаваў на Менцы, малоў камяні. І ён на сваім млыне лётаў. Так што Менеск, цалкам магчыма, быў цмокам.

На рацэ Вяллі быў засценак Крывазнакі — цяпер гэта вёска. Там рака робіць 9 петляў. Кажуць, цмок ставіў знакі на ўсіх паваротах, каб папярэдзіць людзей, якія плылі да Вілейкі, што там водмель ці вір. Гэта шосты тып цмокаў, які дапамагае людзям.

Сёмы тып — вельмі беларускі: цмок-ахвяра!

— Цмока-ахвяру звалі Гоц — у нас ёсць вёска Гоцк на Салігоршчыне, інтрыгуе Дубянецкая. — Людзі знайшлі дзіўную жывёліну, закавалі ў кайданкі — і па кладачках да пана павялі. Кайданкі па кладачках клацалі, казалі “гоц-гоц” — і ўсе патанулі, безумоўна. Разам з цмокам.

Восьмы від цмокаў апісваецца ў самай распаўсюджанай, на думку спадарыні Ірыны, беларускай легендзе — калі нейкая царква, замак ці цэлы горад сыходзяць пад ваду.

— Вы не знойдзеце рэгіёна, дзе нешта не сышло б пад ваду, — упэўнівае Ірына Дубянецкая. — Што казаць, калі возера Свіцязь — на месцы горада, які сышоў пад ваду! Цмок такім чынам карае таго, хто робіць зло ў замку, царкве ці горадзе. Ці князь быў кепскі, ці поп быў кепскі, ці людзі ў горадзе рабілі шмат чаго нядобрага. Сышла царква пад зямлю — і потым з возера званы чуваць… А на Свіцязі, калі горад патануў, людзі кінуліся мераць глыбіню жардзінаю. І пхалі яе, пхалі, ажно пакуль не пачулі: “Не мерай жардзіною, бо памераеш галавою!..” А ў Шчучынскім раёне, у вёсцы Багданаўка, мералі вяроўкамі, а цмок адказваў: “Не мерай вяроўкаю, бо памераеш галоўкаю!..” І гэтае возера, безумоўна, не замярзае ў самыя лютыя маразы.

Дзявяты тып — касмаганічны, цмок хаосу, якраз той, каго забівае касмічны герой.

— У вёсцы Каменка на Уздзеншчыне людзі так і гавораць: за гэтым каменем хаваўся Вялес — і Пярун разбіў яго на дробныя каменьчыкі, — прыгадвае спадарыня Ірына.

Падрабязней пра маршрут беларускіх цмокаў, а таксама пра тое, дзе жыве айчынная “цмачыха”, — у нашым відэа!

http://budzma.org/wp-content/gallery/dubianeckaya/dubianeckaja4.jpg

Глеб Лабадзенка для budzma.org

Фота, відэа аўтара

 

 

Інфармацыйныя партнёры:


5 Каментаў у “Ірына Дубянецкая: “Я налічыла прынамсі 9 відаў беларускіх цмокаў” ( + фота, відэа)”

  1. Рада says:

    Файны артыкул, але ў мяне пару сур’езных пытанняў да спадарыні Ірыны. Прынамсі, з Чацвёртым тыпам Цмока выйшла нейкая блытаніца. Колькі легенд чытала, там заўсёды пісалася пра Змея-шаўца. Адсюль — змееў камень. У чым розніца? Бо колькі інфармацыі чытаеш: дзесьці кажуць, што цмок — гэта тое ж, што і змей ды дракон. у іншых — што гэта ўсё ж чыста беларуская пачвара, якая падобная на іх, але мае сваю “індывідуальнасць”…

  2. Ales Plotka says:

    так, цікавае пытанне. можа быць і ў цмокаў былі развагі пра самаідэнтыфікацыю?

  3. z_bulkin says:

    Пра Менеска няпраўда.
    1) Млын пабудаваў не на Менцы, а на Свіслачы.
    2) Млын не лётаў, а ездзіў па дарогах.
    3) Архетып Менеска – не цмок, а асілак. У зборніку “Легенды і паданні” асілкі будавалі гарадзішчы і перакідваліся сякерамі, камянямі і жорнамі праз рэкі.

  4. z_bulkin says:

    4) Муку з камянёў Менеск малоў не для дужых людзей. Выдаткі на вытворчасць мукі з камянёў, якія ў незлічонай колькасці ляжаць навокал, значна ніжэй за выдаткі з зерня, якое родзіць толькі раз ці два на год і хутка псуецца. Па-сучаснаму кажучы, з гэтым ноў-хаў Менеск правёў дэмпінг і хутка разбагацеў. Толькі сабраўшы капітал, пачаў баляваць і набіраць дружыну.
    5) З дружынай Менеск не вартаваў сваю краіну, а раз’язджаў па наваколлі, рабаваў сёлы і вёскі, падарожных з мэтай скупіць усе землі навокал.

  5. Цікавы артыкул, Ірына, дзякуй. Тэма звышцікавая і захапляльная, здаўна мяне таксама хвалюе. Таму прапаную
    мае артыкулы пра Цмока:

    http://pawet.net/library/history/bel_history/dk/45/%D0%A6%D0%BC%D0%BE%D0%BA_%D0%B7_%D0%AE%D0%B1%D1%96%D0%BB%D0%B5%D0%B9%D0%BD%D0%B0%D0%B9_%D0%BF%D0%BB%D0%BE%D1%88%D1%87%D1%8B.html
    і
    http://pawet.net/library/history/bel_history/dk/46/%D0%A3_%D1%87%D0%B0%D0%BA%D0%B0%D0%BD%D0%BD%D1%96_%D0%94%D1%80%D0%B0%D0%BA%D0%BE%D0%BD%D0%B0.html

    Яны знаходзяцца на сайце Pawet: меню: Library, у раздзеле Гісторыя Беларусі, Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына. Дарэчы, у нашай кнізе з Людай “Сакральная геаграфія Беларусі” таксама шмат паданняў на гэтую тэматыку.

    Ірына, вы класна пішаце, пішыце больш, вы ж столькі ведаеце, падзяліцеся ведамі з намі, калі ласка.
    І дзякуй Глебу, што закрануў такую цікавую тэму, як беларуская міфалогія.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика