Святочны канцэрт, прысвечаны Міжнароднаму дню помнікаў і мясцінаў, адбыўся ў нядзелю 19 красавіка ў мінскім Палацы дзяцей і моладзі. Імпрэза сталася фінальнай часткай “Фэсту экскурсаводаў”, што праходзіў 17-19 красавіка ў Мінску ды іншых гарадах Беларусі.
Пра мэты фэсту распавядае краязнаўца ды экскурсавод, вядоўца канцэрта Цімох Акудовіч:
– Сённяшні канцэрт – гэта спроба нагадаць пра тыя беларускія помнікі, што знаходзяцца зараз у занядбаным стане, у той жа час – магчымасць парадавацца за тую спадчыну, якая аднаўляецца.
На канцэрце прысутнічаў старшыня “Беларускага камітэту Міжнароднай Рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС)” Уладзімір Гілеп. З нагоды працы гэтага камітэту пэўныя помнікі могуць быць залічаныя ў склад агульнасусветных каштоўнасцяў. Падчас сваёй прамовы Уладзімір Гілеп адзначыў вынікі фестывалю экскурсаводаў:
– Ініцыятыва правядзення гэтага фэсту належыць моладзі. Шчыра прызнаюся, спачатку я не верыў, што гэта свята пройдзе с поспехам. Але зараз можна ўпэўнена сказаць, што фэст атрымаўся ўдалы.
Своеасаблівай кульмінацыяй канцэртнай праграмы сталася дэманстрацыя шэрагу фотаздымкаў розных помнікаў ды мясцінаў. Актуальнасць фотазамалёўкі – кантраст паміж добрым станам адных помнікаў і кардынальнай закінутасцю іншых.
Падчас канцэрту наведвальнікі маглі паслухаць бардаў Інэсу Леаданскую і Аляксея Галіча, а таксама паўдзельнічаць у мінівіктарыне і атрымаць каштоўны прыз.
Сапраўдную экзатычнасць святочнай праграме надаў гурт “Рэха”. Багатае па энергетычнасці шоў у выкананні музыкаў здольнае было разварушыць самых сонных наведвальнікаў. Песню “трактар Беларусь” музыканты спявалі разам з усёй заляй.
Напрыканцы свайго выступу музыканты павіншавалі ўсіх прысутных са святам.
Гурт “Рэха”:
-Прыемна бачыць вашы прыгожыя твары. Радасці, здароўя, шчасця вам, сябры!
На працягу “Фэсту экскурсаводаў” прайшло каля 30 экскурсій па Мінску, Полацку, Брэсце ды іншых гарадах. Колькасць удзельнікаў кожнай з іх склала ад 20 да 120 чалавек. Пра тое, як праходзілі экскурсіі распавядае Цімох Акудовіч :
– Старшыня лошыцкай арганізацыі ветэранаў далучыла да экскурсіі ўсіх ветэранаў з Лошыцы. У Татарскай слабадзе на экскурсію прыйшлі татары, потым доўга высвятлялі, у каго якія татарскія карані. Праводзілася нават экскурсія для зняволеных Заслаўскай калоніі.
У гэты вечар сярод аматараў беларускай гісторыі пераважаў добры настрой.
Наведвальніца канцэрту Таццяна:
-Такія імпрэзы – добры сродак больш даведацца пра беларускае мінулае.
На фота:
1. Танец пад паланэз Агінскага “Развітанне з радзімай”
2. Інэса Леаданская
3. Узанагароджанне аднаго з пераможцаў мінівіктарыны
4. Гурт “Рэха”