21 верасня рэспубліканскае моладзевае грамадскае аб’яднанне “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” (СЭТ) у супрацы з філіялам дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Вязынцы правяло фэст “Багач”, прымеркаваны да святкавання дня восеньскага раўнадзенства.
У беларускім календары Багач прымеркаваны да заканчэння збору ўраджаю (“к гэтаму часу ў кожнага ўсяго багата”). “Багач” – гэта васковая свечка ў лубцы з жытам, якую ставяць на покуць і захоўваюць там увесь год, што прыносіць у дом багацце і шчасце. Зерне і воск для багача збіралі ўсёй вёскай, лубка штогод урачыста абносілася вакол паселішча і перадавалася новаму гаспадару.
На фэсце ў Вязынцы паспрабавалі аднавіць традыцыю: тых, хто збіраўся на свята, праз суполкі ў сацыяльных сетках загадзя папрасілі захапіць з сабой па жменьцы якога-небудзь збожжа. Фэст пачаўся з таго, што ўсе ахвотныя ссыпалі збожжа ў агульную лубку. Потым з багачом і спевамі абышлі музейныя будынкі і аддалі багач на захаванне музейным работнікам да наступнага года.
Потым на свяце выступілі гурты – пераймальнікі традыцый, такія як “Варган”, “Гарынь”, “Кудмень”, “Рада”, капэла “На Таку”. Прыемнай нечаканасцю стаў выступ гурта спявачак з вёскі Студзераўшчына Дзятлаўскага раёна (Гарадзеншчына). Пра ўдзел бабуль стала вядома толькі за некалькі дзён да фэсту. Усе гурты спявалі песні толькі “па сезоне”: жніўныя, восеньскія і бяседныя.
Як выступоўцы, так і вялікая частка ўдзельнікаў былі апранутыя ў копіі народных строяў пэўнага рэгіёна. Бабулі, канечне, вылучыліся ўласнымі арыгінальнымі строямі. Можна было запытацца ў любога ўдзельніка і пачуць дакладныя, калі не да вёскі, то да раёна, “пашпартныя дадзеныя” яго адзення.
Дзейнічаў кірмаш майстроў-рамеснікаў. Для дзяцей і дарослых прайшлі майстар-класы па кавальстве, вырабе лялек, пляценні з лазы і лісця. Працавала гульнявая пляцоўка, на якой дзеці разам з бацькамі маглі навучыцца беларускім традыцыйным гульням. Можна было пакаштаваць стравы традыцыйнай кухні і станцаваць народныя танцы.
Алёна Ляшкевіч
Фота: Аляксей Сталяроў