Усе замкі Гарадзеншчыны змясцілі на магніты

04.10.2013 У краіне

Каб пазнаёміць жыхароў Беларусі з гісторыяй, гарадзенскія адмыслоўцы вырабілі серыю магнітаў, прысвечаную замкам Гарадзеншчыны.

На магнітах — Лідскі і Гарадзенскі замкі, іх змены пад час перабудоваў, замкі ў Міры і Гальшанах, Навагрудку і Крэве.
Пра ініцыятыву расказвае гісторык Зміцер Кіенка:

“Першыя магніты з замкамі мы з маім сябрам Ігарам Адасікам зрабілі яшчэ год таму. Ігар намаляваў выяву, і з’явілася ідэя зрабіць з яе нейкі сувенір. Потым вырабілі невялікую партыю, якая ляжыць у нас да гэтага часу. Раздаем іх сябрам і калегам як сувеніры ці падарункі. Але спадзяемся зрабіць магніты і для нейкіх сувенірных крамаў, калі ім гэта будзе цікава, ці для прыватных прадпрымальнікаў, што гандлююць сувенірнай прадукцыяй. З намі можна звязацца праз сайт вайсковай гісторыі “Рубон” і дамовіцца пра выраб магнітаў.

Апроч магнітаў хлопцы робяць таксама папяровыя макеты замкаў, якія ўжо карыстаюцца вялікім попытам сярод жыхароў Беларусі. Зміцер Кіенка ўпэўнены, што замкі на магнітах будуць цікавыя шматлікім аматарам гісторыі і простым жыхарам Гарадзеншчыны.

Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі

Тэгі: