З’яўляючыся заслужаным майстрам спорту, шматразовым чэмпіёнам свету, ён нечакана даў інтэрв’ю БТ па-беларуску. Гуркоў трапіў у тайскі бокс з… лялечнага тэатру. Але атрымлівае сенсацыйныя перамогі над суперзоркамі.
Віталь нарадзіўся ў Сцяпянцы, рос у простым атачэнні рабочых, быў добрым школьнікам і займаўся ў гуртку лялечнага тэатра. Ляпіў з пластыліну забаўкі, вывальваў іх у муцэ і фарбаваў. У дванацацігадовым узросце пачаў займацца спортам, пайшоў на баскетбол у школьную секцыю. На адной з першых трэніровак трапіў у бойку.
―Трэнер сказаў: “Хочаце біцца ― ідзіце на бокс”. Я і пайшоў, ― узгадвае Гуркоў.
У канцы 90-х па “Восьмым канале” кабельнага тэлебачання паказвалі праграмы пра тайбаксёраў. На той час галоўнай байцоўскай зоркай Беларусі быў Дзмітрый Пясецкі, да якога Віталь воляй лёсу прыйшоў займацца ў клуб “Чынук”.
―У групе пачаткоўцаў я не быў наймацнейшым. Але амаль усе пасыходзілі, а я застаўся. Памятаю першыя спаборніцтвы: дайшоў да фінала, але мне адбілі нагу. Хадзіць было балюча, нага соўгалася. Але вырашылі выступіць. Трэнер узяў мяне, як шчанюка, і паставіў у рынг…
У тым двубоі Віталь перамог. І вельмі хутка пачаў расці.
― У 16-гадовым узросце я выступіў на чэмпіянаце Беларусі па тайскім боксе “па мужыках”, ― апавядае Віталь.
― Памятаю, як сядзеў у распранальні, супернікі падаваліся мне забойцамі. Аднак у гэтым чэмпіянаце я ўзяў першае месца і прабіўся на першынство планеты ў Тайланд. Падчас першых баёў трыбуны на стадыёне ў Бангкоку не былі запоўненыя, і туды прывялі тайскіх школьнікаў. Пры росце ў больш як 180 см я меў вагу каля 60 кг і выглядаў як сухастой. Падчас майго выхаду на рынг гэтыя школьнікі пасмейваліся і паказвалі на мяне пальцамі. У першым раўндзе мне ўдалося выкінуць суперніка, славака, за канаты. І трыбуны сцішыліся… У гэтым двубоі я перамог. Па выніках усяго чэмпіянату нечакана ўзяў золата.
Паступова Віталь падымаўся ў вагавай катэгорыі і стабільна перамагаў на ўсіх камандных чэмпіянатах планеты. Золата ён браў у вазе 60 кг, 63,5 кг, 67 кг, 71 кг.
Праз вялікі траўматызм тайскі бокс не ўключаюць у алімпійскую праграму, як, напрыклад, менш папулярнае таэквандо. Аднак канкурэнцыя павялічвалася. Здаралася, чэмпіёны свету сярод прафесіяналаў выступалі за сваю нацыянальную каманду па аматарскіх правілах (дазваляюцца абарончы шлем, налакотнікі і шчыткі на галёнкі) і прайгравалі. Гуркоў зрабіўся адным з самых выбітных байцоў за ўсю гісторыю правядзення аматарскіх чэмпіянатаў свету. Браў золата восем разоў.
Толькі ў 2012 годзе ў фінале чэмпіяната планеты (праходзіў у Санкт-Пецярбургу) Гуркоў саступіў дагестанцу Зайналбіду Магамедаву. Хоць, на думку многіх спецыялістаў, беларус стаў ахвярай неаб’ектыўных суддзяў, якія ў Расіі аддалі залаты медаль мясцоваму байцу.
На жаль, апошнім часам беларусы не ўпершыню сутыкаюцца з несправядлівым судзействам, асабліва калі спаборніцтвы праходзяць на радзіме іх апанентаў. Аднак нічога не паробіш, трэба ўзнаўляцца і біцца далей.
Дарэчы, ад таго срэбнага медаля Гуркоў адмовіўся, такім чынам выказаўшы пратэст супраць неаб’ектыўнага судзейства.
На той момант беларус ужо быў постаццю ў беларускім спорце, заслужаным майстрам спорту.
Каронкай Віталя Гуркова лічыцца клінч ― элемент барацьбы ў тайскім боксе (дазваляецца дужацца з супернікам, скручваць яго, біць каленямі). Але з 2009 года Віталь пачаў удзельнічаць у прафесійных паядынках па нязручных для сябе правілах ― кікбоксінгу і K-1. Клінч тут забаронены, спартсмены выступаюць без абарончай амуніцыі.
Двубоі даваліся з цяжкасцю. Былі і паразы. Напрыклад, Віталь не змог адолець легендарнага байца з Італіі Джорджыа Петрасяна, хоць і насадзіў таму два фінгалы.
У сакавіку 2010-га Гуркоў стаў чэмпіёнам Еўропы па К-1.
Пасля фінальнага двубою тэлеканал БТ браў у яго інтэрв’ю. Упершыню ў спартыўнай гісторыі незалежнай Беларусі спартсмен загаварыў па-беларуску на публіцы.
І пасля Віталь не прамінаў магчымасці, каб папіярыць родную мову ці зрабіць яшчэ нешта карыснае.
―Я не адчуваю сябе спартсменам на 100%. Хутчэй я мусіў стаць паэтам, музыкам ці мастаком. Займацца тайскім боксам я некалі пачаў, каб пазбавіцца ад нейкіх комплексаў, жахаў. Хацелася б, каб я дапамог іншым людзям зрабіцца больш рашучымі.
На чэмпіянаце свету IFMA 2012-га года Віталь стварыў чарговую сенсацыю: перамог прафесійную суперзорку з Тайланда Кема Сітсонгпінонга.
Чаму сенсацыю? Кем – чэмпіён галоўных тайскіх стадыёнаў (“Люмпіні” і “Раджадамнэн”) і пераможца папулярнага ў Азіі праекту Tigh Fight. Займаецца сваім відам спорту з пялюшак, правёў сотні прафесійных двубаёў з іншымі тайскімі профі.
А вось Гуркову “жалезны таец” нічога не змог супрацьпаставіць.
Цэнтральныя газеты Тайланда пасля гэтага двубою вышлі ў друк з фотаздымкам Віталя Гуркова. У той жа дзень нашага байца запрасілі на трунір Tigh Fight.
Перад гэтым турнірам у арганізатараў было адно важкае патрабаванне ― выйсці ў рынг пад расійскім сцягам. Такім чынам беларусаў ужо не раз падстаўлялі.
― Такімі прынцыпамі паступацца нельга. Мы катэгарычна адмовіліся. Прыйшоў час заняцца раскруткай Беларусі ў Азіі…
P.S. Партал “Будзьма беларусамі” будзе сачыць за кар’ерай Віталя Гуркова.
Яўген Валошын
Фота Аляксандра Абуховіча, Bobbie Photo і са старонкі ў сацыяльных сетках Віталя Гуркова
Усе матэрыялы праекту “Байцоўскі ген”
Інфармацыйныя партнёры: