З музея на новай купюры ў 1941 годзе знік крыж Ефрасінні Полацкай

Музей iмя П. В. Масленнiкава, размешчаны ў Магілёве, раптам зрабіўся адным з самых папулярных будынкаў у краіне. А ўсё таму, што менавіта гэты музей цяпер намаляваны на купюры наміналам Br 200 000, прэзентацыю якой правёў 12 сакавіка Нацбанк Рэспублікі Беларусь. Дызайн банкноты да апошняга трымаўся ў таямніцы, каб фальшываманетчыкі не змаглі выпусціць падробленыя купюры.

І вось купюра выпушчаная ў абарачэнне. Яе лаюць усе: дызайнеры незадаволеныя выбарам колеру і размяшчэннем вадзяных знакаў, рабочыя — самім фактам выпуску такой купюры, якая азначае, беларускія грошы абясцэньваюцца, фінансісты, наадварот, лічаць, што можна было выпускаць грошы наміналам і пабольш, усе астатнія незадаволеныя выбарам будынка. Здавалася б, столькі ў нас у краіне будынкаў добрых, чаму менавіта гэты музей? Нават магілёўцы здзіўляюцца: мала хто ведае гісторыю музея імя Масленнікава.

Мастацкі музей у тым выглядзе, у якім мы яго ведаем, быў створаны толькі ў 1990 годзе, а ў 1996 годзе яму было прысвоенае імя Паўла Васільевіча Масленнікава. Да гэтага музей паспеў пабываць і банкам, і рэдакцыяй газеты, і спецсховам, і абкамам.

Будынак быў узведзены ў 1914 годзе, і першапачаткова ў ім размяшчаўся сялянска-зямельны банк, у якім сяляне маглі ўзяць сабе крэдыты на зямлю. У будынку банка з 1917 года выдавалася і бальшавіцкая газета “Рэвалюцыйная стаўка”, а затым ён стаў музеем пралетарскай культуры.

У гэтым музеі знаходзіўся браняваны пакой-сейф, у якім размяшчаліся розныя рэліквіі. У 1930-я, у перыяд русіфікацыі, улады пачалі “хаваць” гістарычныя рэліквіі, культурныя каштоўнасці, “эвакуюючы” іх у розныя гарады. Ланцужок падзей аднавіць складана, але паводле адной з версій, у Магілёў падчас адной з такіх “эвакуацый” у 1929 годзе быў перададзены і знакаміты крыж Ефрасінні Полацкай. Разам з ім, верагодна, было перададзенае і слуцкае Евангелле, перапісанае ў 1582 годзе Ю. Ю. Алелькам. Як і крыж, Евангелле так і не было знойдзенае.

Большасць савецкіх аўтараў сцвярджала, што крыж «быў вывезены нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941 годзе з Беларускага дзяржаўнага музея ў Мінску і бясследна знік». Аднак існуе нямала дакументаў, якія пацвярджаюць, што крыж усё ж знаходзіўся ў Магілёве падчас вайны. Чырвонаармеец Пётр Паддубскі пасля вайны расказаў, што працаваў кіроўцам і быў адным з тых, хто дастаўляў у 1941 годзе каштоўны груз з Магілёўскага музея ў Маскву. Верагодна, сярод іншых рэліквій там быў і крыж Ефрасінні Полацкай. Груз, па словах кіроўцы, быў дастаўлены да месца прызначэння, аднак далей след крыжа абрываецца. Паводле праведзенага ў 1970-х даследавання, ён быў знойдзены ў калекцыі амерыканскага мільянера Моргана, аднак пацвердзіць гэта не ўдалося. Паводле звестак Эрмітажа, крыж быў набыты гэтым мільянерам, аднак у апісанні яго калекцыі такая рэліквія не значыцца.

Акрамя крыжа з музея зніклі многія іншыя рэліквіі. Нейкія з іх былі потым знойдзеныя, нейкія, магчыма, да гэтага часу захоўваюцца недзе ў Магілёве, а нейкія не знойдуць, напэўна, ужо ніколі.

Музей жа пасля вайны стаў офісам абкама і гаркама КПСС, а пазней — рэдакцыяй газеты «Магілёўская праўда». І толькі потым — Магілёўскім абласным мастацкім музеем.

Марыя Гілёва,

Чорна-белы здымак з калекцыі гістарычных фотаздымкаў Магілёва.