Ужо ў 12 раз на Беласточчыне адбыўся штогадовы літаратурны семінар “Бязмежжа”. Па традыцыі ён сабраў беларускіх культурных дзеячаў, што пражываюць у Беларусі і на былой беларускай частцы сучаснай Польшчы – Беласточчыне, каб абмеркаваць найбольш важныя і буйныя падзеі культурнай прасторы краіны.
Менавіта на “Бязмежжы” можна зразумець, што мяжа паміж культурай метраполіяй і беларускай нацыянальнай меншасцю Польшчы існуе толькі ва ўласных стэрэатыпах беларусаў. Беларуская зямля бязмежная, не зважаючы на тое, калі і кім яна была разарваная межамі. Развіццё інфармацыйных тэхналогіяў уплывае на збліжэнне Беласточчыны і Беларусі, але найбольш спрыяе ім энергія, адданасць асноўнага арганізатара гэтых штогадовых літаратурных сустрэчаў – Яўгена Вапы”, – зазначыла старшыня ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская, якая была запрошаная на імпрэзу.
Семінар адбываўся ў мястэчку Новае Лялькова, што ў Белавежскай пушчы. “У пушчы адступае тлум і мітуслівасць гарадскога жыцця. Менавіта там, як ніколі, адчуваеш, што ёсць сапраўдным у тваім жыцці, а што нязначным. Разумееш, што ёсць рэчы якія існавалі да цябе, якія будуць існаваць пасля, якія бачылі не адно стагоддзе тваіх продкаў. Так і беларуская культура, беларускае слова, напітанае талентам нашых людзей, жыло і будзе жыць” – падзялілася ўражаннямі ад імпрэзы Алена Макоўская.
Творы, што гучалі на літаратурных чытаннях у выкананні беларускіх аўтараў з абодвух бакоў мяжы дапаўнялі адзін аднаго, выклікалі то смех, то сум, захаплялі і прымушалі задумацца. Сярод выступоўцаў былі такія выбітныя беларускія літаратары, як Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Уладзімір Някляеў. Падчас сустрэчы была прэзентаваная агратурыстычная гаспадарка і этнаграфічная выстава Спадарства Казлоўскіх.
Удзельнікам сустрэчы быў таксама прапанаваны агляд дакументальных кінастужак Міколы Ваўранюка “З гэтай зямлі і жыць на мяжы” і кінафільм Тамары Саланевіч „Ці чуеш, як плача зямля”. Вечарына з нагоды 50-годдзя вядомай беластоцкай паэткі Міры Лукшы і канцэрт Зміцера Бартосіка склалі музычную частку семінару.
Напрыканцы імпрэзы Алена Макоўская прэзентавала кампанію “Будзьма!” і заклікала да шчыльнага супрацоўніцтва ўсіх дзеячаў беларускай культуры пад агульным парасонам “Будзьма!”.