На пэўным этапе развіцця грамадства змест вядомай прымаўкі: «Няважна, якога колеру котка, важна, ці ловіць ён мышэй» — перастае быць актуальным. Дзе вы чулі, каб кот цаніўся менавіта за гэта? Катоў цэняць за пароду, любяць за колер, за нораў, а найчасцей проста так. Не спрабуйце адшукаць рацыянальнае ў тым, што каты з намі. Яны з намі, бо сталіся элементам культуры, побытавай традыцыяй, а апошнім часам — і культурным феноменам інтэрнэту.
Існуе распаўсюджанае стаўленне да культуры як да нечага элітарнага, амаль эфемернага, малапрыдатнага ў паўсядзённым жыцці. Мы блытаем паняткі мастацтва і культуры, атаясамліваючы іх. Mіж тым, мастацтва — толькі частка культуры. Такая трактоўка, убітая ў галовы савецкай ідэалогіяй, звужае ролю і функцыі культуры, выкідае яе з паўсядзённага жыцця, ў выніку жыццё робіцца больш прымітыўным, бяднейшым, а яго якасць зніжаецца.
Наяўнасць добрай літаратуры ці, скажам, выдатнай балетнай школы яшчэ не значыць, што ў краіне ўсё ў парадку з культурай, што ў такой краіне камфортна жыць. Чытанне добрай кнігі прыносіць нам асалоду, вымушае суперажываць і задумвацца, проста бавіць час, але немажліва жыць адным чытаннем: штодня мы жывем і працуем у пэўнай прасторы, бачым краявіды, спажываем ежу і напоі, бярэм у рукі рэчы і карыстаемся імі.
Можна ўспрымаць гэтую паўсядзённасць як дадзенае, як нешта не вартае асаблівай увагі, і тады жыццё ператвараецца ў механічнае існаванне, а свае вартасці і свае традыцыі замяняюцца чужымі, не заўсёды лепшымі. І наадварот: можна ставіцца да эстэтыкі штодзённага ўважліва, творча, з любоўю і шанаваннем, і тады само жыццё робіцца цікавейшым, больш якасным, лепшым, мы пачынаем лепей самі сябе ведаць і разумець, а ў выніку — паважаць і ганарыцца.
Я цалкам падзяляю ідэю кампаніі «Культура паляпшае жыццё», аднак мне бліжэйшая іншая фармулёўка: «Адсутнасць культуры пагаршае жыццё». Я разумею, што гэта не канструктыўна, што тым самым я закладаю негатыў, што трэба на «так», а я на «не», але баюся, што большасць з нас думае гэтак жа. Гэта як са свабодай, якую мы збольшага разумеем як панятак, супрацьлеглы несвабодзе, і пачынаем яе цаніць і шанаваць, пакаштаваўшы альтэрнатывы.
У культуры няма альтэрнатывы, апроч яе адсутнасці. Культура існуе і робіцца тут і цяпер, на ўсіх узроўнях, ад элітарнага да побытавага. Тут і цяпер захоўваюцца і перадаюцца нашчадкам традыцыі, п’ецца кава з цынамонам і закладаецца нашая супольная будучыня. Гэта ўсё сферы дзейнасці культуры, якія наўпрост ці апасродкавана паляпшаюць нашае жыццё. Аднак культура не існуе сама па сабе, культура — гэта вынік нашых супольных намаганняў, наш супольны праект, дзе мы адначасова і дасведчаныя спажыўцы, і таленавітыя творцы.
Міхал Анемпадыстаў