Часопіс “Stigmata” пры падтрымцы Цэнтру этнакасмалогіі “Kryuja” ладзяць 12 красавіка чарговы, гэтым разам ужо чацвёрты міжнародны музычны фэст “Crivia Aeterna: Архаіка і Сучаснасць».
Імпрэза мае стаць cапраўдным святам для ўсіх аматараў фолькавай, постфолькавай і неафолькавай музыкі.
Наведнікаў фэсту чакаюць сустрэчы з найлепшымі беларускімі гуртамі: Essa, Guda, Pragnavit, Крывакрыж, Svalbard, Dalina, Evgen. Упершыню ў Беларусі выступіць легендарны нямецкі гурт Orplid – класікі і фактычна пачынальнікі новай хвалі рамантычнага тэўтонскага неафольку. Музыкі з Нямеччыны пацешаць менскую публіку і сваім больш ваяўнічым праектам – Barditus.
На фэсце адбудзецца прэзентацыя дэбютных альбомаў гуртоў Крывакрыж і Svalbard. Адметнасць фэсту, якая вылучае яго сярод астатніх, – арганічнае спалучэнне архаічнай, традыцыйнай музычнай спадчыны і сучасных формаў творчасці.
Арганізатары і ўдзельнікі “Crivia Aeterna” прапануюць разам далучыцца да сакральнага пошуку і адраджэння нашых вытокаў. Праз зварот да дзядоўскіх абрадавых спеваў, да медытатыўнага дудовага грання, да атмасферы ваяўнічых маршаў, а таксама праз выкарыстанне гіпнатычнай электронікі адбываецца абуджэнне пракаветных архетыпаў.
Фэст ужо стаў своеасаблівай “кузняй”, дзе выпрабоўваюцца музычныя палотнішчы розных майстраў і нават ствараюцца новыя жанры. “Crivia Aeterna” – Вечная Крывія – імя-сімвал святасці і няўміручасці нашай Зямлі, які жывіць і працягвае бясконцы радавод продкаў і нашчадкаў. Сёлетні фэст «Crivia Aeterna» прысвячаецца 1000-годдзю першай пісьмовай згадкі Літвы. Гэтая знакавая падзея становіцца нагодай для сімвалічнага аднаўлення колішняй духоўнай еднасці і сведчаннем гістарычнай пераемнасці. Сакральнасць Крывіі, дзяржаўная веліч Літвы – тыя асновы, на якіх мае грунтавацца трываласць і незалежнасць сучаснай Беларусі.
Музыка, што гучыць на «Crivia Aeterna» асвячае натуральнае адзінства ўсіх першапачаткаў, з якіх паўстае Нацыя, яе дух, гонар і годнасць. За час свайго існавання фэст паспеў ператварыцца ў культавую падзею, якая доўга ды адказна рыхтуецца і якую чакаюць. Шмат хто ўжо далучыўся да ліку яго прыхільнікаў і пастаянных наведнікаў. Арганізатары будуць радыя бачыць старых ды новых сяброў, дзеля і дзякуючы падтрымцы якіх фэст існуе і будзе развівацца надалей.
Запрашаем усіх у нядзелю, 12 красавіка ў клуб «Стэп», што месціцца на вул. Прытыцкага, 62 (ст.м. Кунцаўшчына), пачатак фэста а 17 гадзіне.
Даведкі па тэл.: (029) 6466497 (Вэлком), (029) 7083191 (МТС).
Падрабязней пра імпрэзу і выступоўцаў:
www.stigmata.name
www.aeterna.kryuja.org
www.livejournal.com/crivia_aeterna
Тэгі: Мінск