Сёння ў рубрыцы “Карціна дня”, дзе мы абмяркоўваем карціны сучасных беларускіх мастакоў, — Павал Амялюсік і яго праца для “Novay Sypra”. Абмяркоўваюць палатно не аматар і не знаўца мастацтва, вядомы ў вузкіх колах дэгенератыўны паэт Андрэй Адамовіч і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, мастацтвазнаўца Алеся Раманюк. Мы заклікаем вас далучацца. Давайце разам высветлім, што нам прапануюць на сняданак, абед і вячэру сучасныя мастакі. Прыходзьце ў каменты, пішыце, прапануйце працы для абмеркавання.
Пра аўтара:
Павал Амялюсік нарадзіўся ў 1980 годзе ў Мінску. У 2006 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (кафедра манументальна-дэкаратыўнага мастацтва). У 2000 г. стаў лаўрэатам рэспубліканскай выставы “Новыя імёны”. Павал – сябра Беларускага саюза мастакоў. Працы захоўваюцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Літвы, Італіі, Іспаніі і іншых краінаў. Удзельнік шматлікіх выставаў на радзіме і за мяжою.
Неча да люстра прыхінацца
Цікава, як мастакі раз за разам вяртаюцца да тэмы крыжа, кожнага разу намагаючыся спалучыць яго з якім-небудзь юрлівым вобразам. Але гэтым разам мастак ідзе далей за крыж як пазнаку рэлігійнасці ці ахвяры. Тут нагрувашчаныя ўсе вобразы, якія можна пабачыць на рэкламным постары ў стылі “нештаразмытае” да фільма ці серыяла кшталту “Каліфарнікейшн”. Нейкія паасобныя літары з лацініцы, кавалак кодавага замка ад сейфа, што ператвараецца ў Вавілонскую вежу, – адным словам, не стае толькі пляшкі віскі і друкарскі: не здзівіўся б, калі яны былі ў першасным варыянце, але мастак іх забракаваў праз залішнюю просталінейнасць такога падыходу. Адным словам, тут мы бачым усё, што можна было ўпіхнуць у працу і што прайшло праз сіта крытычнага адбору “небанальнасці”.
Што характэрна, малюнак пры гэтым не страчвае нейкай чароўнай прыцягальнасці. Можа быць, проста таму, што вобразы на ім спалучаюцца ўдала. Блакітны крыж гарманізуе кампазіцыю, вока чапляецца за яго і – адпачывае. Там жа, дзе вока адпачывае, думка адразу пачынае шукаць прыхаваныя сэнсы. І тут вобразы маюць чароўную магчымасць раскрыцца і паказаць нам наш сапраўдны твар, напрыклад, жаданне ўбачыць разлік там, дзе насамрэч мастак злавіў натхненне.
У гэтай працы адназначна расчытваецца партрэт нашага грамадства, што складаецца з паасобных урбаністычных штампаў, якімі мы думаем і з якіх у выніку мы як асобы складаемся. У гэтым няма нічога суцяшальнага, але і нічога горкага. Мы такія, якімі мы ёсць, хай сабе і наштампаваныя, нібы на фабрыцы.
Гэтая праца магла б быць вокладкаю любога з глянцавых часопісаў, што выходзяць у Мінску, або стаць фоткай на першую паласу ў любую газету пачынаючы ад “Нашай нівы” і заканчваючы “Савецкай Беларуссю”. Пад яе нават не давялося б выдумляць нейкую адмысловую інфармацыйную падзею – яна люстра нашых дзён.
Можа, таму вока чапляецца за яе, а глядач – гіпнатызуецца. Як паасобныя прадстаўнікі сыноў Адама і дачок Евы могуць глядзець на сябе ў люстра гадзінамі, так і перад гэтай працай мы ўпадаем у экстаз самалюбавання, глядзімся ў наш калектыўны, партрэт. А што рожа заштампаваная і крывая, тут мастак не вінаваты.
|