Філасофія прадчування

(с)

Дойліды праекту “Вежа міру” адчулі зіму ды пацешылі блізкую вясну філасофскімі вершамі і песнямі на канцэрце “Снежань як прадчуванне”, які  ладзіўся ў музеі Максіма Багдаговіча 23 снежня.

У снежні зіма заступае на сваю марозную вахту, што выклікае разважанні і цішыню спакою, дазваляе чакаць і прадчуваць.

Арганізатар Міхаіл Бараноўскі:

– Снежань – гэта такая пара, калі наперадзе зіма. Гэта прадчуванне нечага светлага, таго, чаго невыносна хочацца. Так і сфармулявалася назва вечарыны.

Філасофія адчування і музыка спакою, часам смутку, часам болю, разважанні ў вершах і пачуцці ў гітарных рыфах раскрывалі сутнасць прыходу зімы.

У песнях скрыпкі і гітарных акордах снежань адчулі першымі Надзея Процька і Віталь Мурзік. Снегапад нотаў змяніўся эмацыйным патокам словаў у вершах Веранікі Салавей, якія поўніліся перадзімовай лірычнасцю і снежным хараством.

Гурт “Скрыжалі” дадаў кранальнай меланхалічнай эстэтыкі пахаладання ў металічных баладах і музычных прызнаннях. Музыкі прадчувалі адсутнасць мітусні і набліжэнне зімовай цішы ў спевах струнаў і песнях спакою. Першую частку снежаньскіх чаканняў скончыў песнямі драйву гурт “Атэль”.

Гарбатная цырымонія сабрала разам выступоўцаў і гасцей падчас антракту за паяданнем цукерак і размовамі. Перапынак скончыўся электрычнымі патокамі з гітараў гурта “Атэль” і спадзяваннямі музыкаў на хуткую вясну. Другая частка імпрэзы мела неафіцыйны, сяброўскі характар, а гітару гурта “Атэль” давялося прымусіць спяваць гасцям імпрэзы: барду Дар’і Кадамскай ды Аляксею Несцераву. Інструмент вярнуўся да сваіх гаспадароў праз рукі і песні Міхаіла Бараноўскага.

У залі амаль не было вольных месцаў, а музычнае і паэтычнае прадчуванне доўжылася больш за дзве гадзіны.